Дата дня
24 сьнежня 1942 году ў Трасьцянцы пад Менскам быў закатаваны немцамі Вінцэнт Гадлеўскі, беларускі каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзяяч і публіцыст.
Ксёндз Гадлеўскі ўваходзіў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, стварыў Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю і быў рэдактарам газэты «Крыніца», пераклаў на беларускую мову Новы Запавет.
Год таму
- Арцыбіскуп Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь і адслужыў калядную імшу.
- Кабінэт міністраў Украіны дазволіў беларусам, якія ўцякаюць ад рэпрэсіяў беларускай улады ва Ўкраіну, знаходзіцца на ўкраінскай тэрыторыі цягам 180 дзён за год.
- Джулі Фішэр прыняла прысягу пасла ЗША ў Беларусі.
Таксама ў гэты дзень
1223 — у Італіі Сьвяты Францішак з Асізі зладзіў першую ў сьвеце калядную батлейку.
1659 — падчас Трынаццацігадовай вайны маскоўскія войскі па пераходзе Буга захапілі Заблудаў і забілі месьцічаў, што схаваліся ў касьцёле.
1812 — войскі Напалеона пакінулі тэрыторыю сучаснай Беларусі.
1914 — на заходнім фронце Першай сусьветнай вайны пачалося Каляднае замірэньне — кароткае неафіцыйнае спыненьне баявых дзеяньняў паміж брытанскімі і францускімі вайскоўцамі з аднаго боку і нямецкімі з другога.
У гэты дзень нарадзіліся
1784 — Зарыян Даленга-Хадакоўскі, беларускі археоляг, фальклярыст, этнограф, дыялектоляг.
1798 — паэт Адам Міцкевіч. Удзельнічаў у нацыянальна-вызваленчым руху супраць Расейскай імпэрыі, быў сябрам Таварыства філяматаў.
Літаратары называюць Міцкевіча адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Пісьменьнік вядомы перадусім сваімі балядамі, паэтычнымі апавяданьнямі, драмай «Дзяды» і паэтычнай эпапэяй «Пан Тадэвуш», якая прызнаная апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры.
Адам нарадзіўся ў беларускай шляхецкай сям’і роду Рымвідаў-Міцкевічаў каляднай ноччу 1798 году. Павітуха моцна верыла ў прыкметы і перарэзала немаўляці пупавіну на кнізе.
...Разгаварыўшыся ў віленскай кавярні водбліз помніка Міцкевічу зь літоўскім архітэктарам, які таксама замовіў у той марозны вечар «Сукцініс», я ўжо празь некалькі хвілінаў слухаў узьнёслую лекцыю пра геніяльнага літоўскага паэта Адомаса Міцкявічуса, пра яго захапленьне літоўскай гісторыяй і літоўскай мовай, на якой ён ня проста размаўляў, але і напісаў шмат твораў, зьнішчаных пазьней польскімі нацыяналістамі.
Я быў уражаны: меркаваў, што падобныя лекцыі за-сталіся, прынамсі, у мінулым стагодзьдзі, а таму вырашыў проста прыняць пачутае да ведама.
Аднак суразмоўнік быў настроены ваяўніча, і я рызыкнуў пацікавіцца, а дзе ж Адомас зьявіўся на сьвет. «У ваколіцах Наўгардукасу, — не змаргнуўшы вокам, адказаў мой візаві. — Там, дзе каранаваўся вялікі князь Міндаўгас».
Тады я рызыкнуў удакладніць, дзе знаходзіцца гэты самы Наўгардукас, а заадно і згадаць сёе-тое зь лекцыяў былога філямата, апальнага паэта-выгнанца ў Калеж дэ Франс у Парыжы. Магчыма, вы здагадаліся, якія словы Міцкевіча я цытаваў. Так, пра тое, што «на беларускай мове размаўляе блізу дзесяці мільёнаў чалавек», што «гэтая гаворка найбагацейшая і найчысьцейшая... вельмі гарманічная і найменш з усіх славянскіх моваў зьмененая», а ў пару незалежнасьці Літвы вялікія князі карысталіся гэтай мовай у дыпляматычным ліставаньні, і на ёй быў напісаны і выдадзены Статут Вялікага Княства Літоўскага. Не пасьпеў я зазначыць, што на тыя лекцыі хадзілі Жорж Санд, Фрыдэрык Шапэн і Іван Тургенеў, як пачуў, што ўсё гэта — вартыя жалю выдумкі і фальсыфікацыі цяпер ужо беларускіх нацыяналістаў.
Вось яна, сіла літоўскага патрыятычнага выхаваньня, падумаў я з складанаю гамаю пачуцьцяў.
Безь непарыўна ўкаранёных у нашую гісторыю і культуру «Дзядоў», «Пана Тадэвуша», дзясяткаў паэмаў, балядаў, вершаў Адама Міцкевіча беларуская літаратура была б іншай. Гэта маглі б засьведчыць Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Францішак Багушэвіч, Янка Купала і Якуб Колас. Ну, а Ўладзімер Караткевіч у прысьвечаным Міцкевічу эсэ, наўпрост зьвяртаючыся да выбітнага папярэдніка, сказаў: «Мяне ты зрабіў паэтам...».
Гэтым словам папярэднічае народжаная Карат-кевічавай фантазіяй гісторыя, як у дзень свайго сыходу ў Вечнасьць (ён стаўся для аўтара «Маёй Іліяды» і «Каласоў пад сярпом тваім» днём нараджэньня) Адам Міцкевіч абыходзіць немаўлятаў, якія кагадзе падалі голас, і вызначае іх лёс.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 52–53.
https://docs.rferl.org/be-BY/2020/11/07/96247f72-a7e0-4382-ad1c-ec68459cf6b7.pdf
1891 — Адам Пучкар-Хмялеўскі, беларускі рэлігійны дзяяч.
1904 — Алесь Дудар (ад нараджэньня Дайлідовіч), паэт, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
У 1928 годзе па студэнцкіх аўдыторыях і менскіх інтэлігенцкіх кватэрах хадзіў і перапісваўся ў сотнях асобнікаў верш, які ня мог пакінуць абыякавым ніводную беларускую душу:
Пасеклі край наш папалам,
Каб панскай вытаргаваць ласкі.
Вось гэта — вам, а гэта — нам,
Няма сумленьня ў душах рабскіх...
Шмат для каго імя аўтара не было таямніцаю: паэт, адзін зь лідэраў «Маладняку» Алесь Дудар, ён жа — літаратурны крытык Тодар Глыбоцкі. Таямніцу станавіла іншае: як у адной асобе суіснавалі творца арыгінальных вострых вершаў і аўтар да апошняе кропкі правільных артыкульчыкаў, дзе ўжо ад назваў цягнула на ваніты: «На ідэалягічным фронце», «Дэпэшы бяз адрасу» (рэцэнзія на к нігу Ўладзімера Дубоўкі «Наля»), «Літаратурныя сэктанты»...
Калі другая іпастась служыла прыкрыцьцём для першай, гэта не дапамагло: у тым самым 1929-м паэта Дудара (а разам зь ім і крытыка Глыбоцкага, хоць апошняга ўлады былі б, відаць, ня супраць пакінуць на волі) арыштавалі й на тры гады выслалі ў Смаленск, які нацыянал-камуністы ўжо не пасьпелі далучыць да БССР у выніку плянаванага трэцяга ўзбуйненьня рэспублікі. Дудару прыпомнілі й удзел у тэатральнай трупе Ўладзiслава Галубка, і дэманстрацыйны сыход з БДУ на знак пратэсту супраць наскокаў там на беларускіх пісьменьнікаў. Не забыліся й на ягоны ўдзел у «тэатральнай дыскусіі», дзе ён пратэставаў супраць «чысткі» рэпэртуараў, адкуль выкрэсьліваліся беларускія п’есы.
У 1930-м яго зноў арыштавалі й прывезьлі ў Менск на допыты ў справе Саюзу вызваленьня Беларусі. Невядома, чаго ад паэта дамагаліся, але ён пад канвоем паехаў назад у высылку. Пераканаўча, шматфарбна і запамінальна ўзноўленая атмасфэра тых гадоў у рамане Ганны Севярынец «Гасьцініца Бэльгія».
Трэці арышт у 1936-м — Дудар якраз пераклаў на беларускую мову і здаў у выдавецтва пушкінскі раман у вершах «Яўгені Анегін» — стаўся апошнім. Пасьля году допытаў і катаваньняў яго расстралялі. Гэта здарылася ў тую кастрычніцкую ноч 1937-га, калі ў Менску абарваліся жыцьці дваццаці двух пісьменьнікаў.
Ягоны верш «Пасеклі край наш папалам» гучыць надзіва сучасна і сёньня:
О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні
Такі разлом, туга такая!
І баюць байкі баюны
Северо-Западного края...
Плююць на сонца і на дзень.
О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты?
Ім мураўёўскі б гальштук ўзьдзець,
Нашчадкам мураўёўскім гэтым...
Літаратуразнаўцы мяркуюць, што найлепшыя творы Дудара згарэлі ў вогнішчы з кніг і рукапісаў, раскладзеным 1 жніўня 1937-га ў двары НКВД.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 160-161.
У памяці
1524 — Васка да Гама, партугальскі падарожнік.
1942 — Вінцэнт Гадлеўскі, сьвятар, палітык, публіцыст, перакладчык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст. і нацыянальна-вызвольнага руху 1920–1930-х у Заходняй Беларусі, вязень польскіх турмаў, дзеяч нацыянальнага руху 1-й пал. 1940-х, ахвяра нацысцкай расправы.
Побач з трыма тамамі факсымільнага ўзнаўленьня Бібліі Францішка Скарыны ў маёй біліятэцы стаіць адна з найдаражэйшых для мяне кніг — шчодра падараваныя старым віленчуком «Čatyry Ewanhelii i Apostalskija Dzieji» — пераклад Сьвятога Пісаньня на беларускую мову, зроблены ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім і выдадзены лацінкаю ў 1939-м у Вільні.
Яшчэ ў раньнім юнацтве абраўшы служэньне Богу, асноўны яго сэнс айцец Вінцэнт бачыў для сябе ў тым, каб дапамагчы беларусам зьдзейсьніцца як народу, а Беларусі — як дзяржаве.
Ён браў удзел у паседжаньнях Першага Ўсебеларускага зьезду й уваходзіў у склад Рады БНР. Стаў адным з заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, адзначыўся ў доўгiх сьпісах вязьняў сумнавядомых віленскіх Лукішкаў.
У верасьні 1941-га ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі зьявіўся ў Менску й узяўся за ажыцьцяўленьне сваёй галоўнай тагачаснай ідэі — арганізацыю незалежніцкага антынацысцкага Супраціву, маючы на мэце стварэньне пасьля вайны самастойнай Беларускай дзяржавы.
Вінцэнт Гадлеўскі на пачатку 1942 год у бы ў у ліку самых актыўных заснавальнікаў Беларускай незалежніцкай партыі, Вінцэнт Гадлеўскі імёны свабоды 211 якая плянавала выступіць адначасова супраць нацыстаў і бальшавікоў.
Пра вагу асобы ксяндза Гадлеўскага ў тагачаснай ваенна-палітычнай сытуацыі сьведчыць тое, што прадстаўнікі дзяржаўнага Камітэту абароны СССР праз выведнікаў ініцыявалі зь ім перамовы аб магчымасьці ўдзелу беларускіх нацыяналістаў у антыфашыстоўскім змаганьні. Гаворка вялася пра вызваленьне з савецкіх лягераў вязьняў-беларусаў і фармаваньне зь іх нацыянальнага войска кшталту польскай арміі генэрала Андэрса, што адкрывала б незалежнікам пэўныя пэрспэктывы. (Існуе меркаваньне, што, атрымаўшы ад айца Вінцэнта неабходныя зьвесткі, савецкія агенты адразу здалі яго немцам.)
23 сьнежня 1942 году менская «Беларуская газэта» зьмясьціла вялікі артыкул — мэмуар Гадлеўскага пра Першы Ўсебеларускі кангрэс.
У тэкст быў зашыхтаваны мужны, прасякнуты незалежніцкім настроем (і заўважаны ў гестапа) верш Натальлі Арсеньневай «Го дзе!»:
Што далі нам калі чужыя?
Ці калі хто — наш плач усьцішыў?
Дось!
Напружым пастронкі жылаў,
самі злыбеды нашы скрышым!..
Назаўтра Гадлеўскага арыштавала СД.
У той самы дзень яго вывезьлі зь Менску і расстралялi.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 210–211.
1982 — Люі Арагон, выдатны францускі пісьменьнік, крытык ды грамадзкі дзяяч.