Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе выпрабаваньні ён вытрымае годна». Што з апэратарам Ціханоўскага, якога затрымалі год таму


Арцём Сакаў
Арцём Сакаў

31 траўня ў Горадні затрымалі жыхара Гомля Арцёма Сакава. Ён працаваў апэратарам Сяргея Ціханоўскага. У канфлікце на плошчы ў Горадні 29 траўня 2020 году ня ўдзельнічаў — быў у той час у кавярні.

Цяпер 26-гадовы Арцём Сакаў абвінавачаны па чатырох артыкулах крымінальнай справы.

Чым займаўся Сакаў у камандзе Ціханоўскага? Дзьве вэрсіі

Арцём раней жыў у Карме — малы райцэнтар на поўначы Гомельскай вобласьці. Горад — найбяднейшы ў рэгіёне. Таму выправіўся на пошукі працы ў Гомель. Там уладкаваўся апэратарам да Сяргея Ціханоўскага. У тыя часы Ціханоўскі здымаў рэклямныя ролікі і час ад часу рабіў відэа аб праблемах прадпрымальнікаў.

Па сутнасьці, у камандзе Ціханоўскага ён быў тэхнічным работнікам. Цяпер сьледзтва абвінавачвае Арцёма Сакава па наступных артыкулах:

  • «арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (частка 1 артыкула 342 КК) — да 3 гадоў пазбаўленьня волі
  • «арганізацыя масавых беспарадкаў» (частка 1 артыкула 293 КК) — да 15 гадоў
  • «распальваньне варожасьці» (частка 3 артыкула 130 КК) — да 12 гадоў
  • «пагрозы ЦВК» (частка 2 артыкула 191 КК) — да 5 гадоў.
Лісты з малюнкамі ад Арцёма Сакава
Лісты з малюнкамі ад Арцёма Сакава

Разам з Арцёмам Сакавым у Гомлі будуць судзіць Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Уладзімера Цыгановіча, Ігара Лосіка, Дзьмітрыя Папова.

«Атрымалі 87 лістоў»

Бацькі Арцёма жывуць у Карме. Маці Ларысе вельмі цяжка даўся гэты год.

«Я з гэтай сытуацыяй цэлы год, і кожны дзень, і кожную хвіліну... Для нас было вялікай нечаканасьцю, што на Арцёму чатыры крымінальныя артыкулы! І гэта ў той час, калі ён нават ня быў на плошчы ў Горадні, калі быў інцыдэнт. Тым ня менш яго пакаралі яшчэ і „суткамі“ за парушэньне парадку на тым пікеце. Казалі, што ў цэнтры Горадні — каля 150 камэр назіраньня, і можна было ўбачыць, што Арцём нават ня быў у той час на пікеце. Але каму патрэбная праўда?» — кажа Ларыса Сакава.

Арцём Сакаў, партрэт
Арцём Сакаў, партрэт

Арцём сядзеў у карцары, ад чэрвеня да студзеня 2020 году быў адзін у камэры.

«Лісты ходзяць больш-менш рэгулярна. Атрымалі ад сына 87 лістоў за гэты час. Ён не зламаны, ня ўпаў духам, на пазытыве. Трымае сябе ў форме, займаецца фізычнымі практыкаваньнямі, чытае кнігі. Яшчэ пачаў маляваць. Ён маляваў у дзяцінстве. А ў студзені першым чалавекам, які трапіў да яго ў камэру, быў графічны дызайнэр. Ён маляваў сваім дзецям, і Арцём таксама ўзгадаў свае навыкі і ўцягнуўся ў маляваньне. Ён шмат пераасэнсаваў за гэты час. Мы таксама. Арцём вельмі дзякуе ўсім людзям, якія пішуць яму, падтрымліваюць нас. Пішуць яму шмат. Спачатку лісты не даходзілі, а потым перапіскі больш-менш наладзіліся», — расказвае маці.

Дзіцячыя малюнкі Арцёма Сакава
Дзіцячыя малюнкі Арцёма Сакава

«Спадзяёмся толькі на цуд»

Ларыса назірала за судовымі «палітычнымі» працэсамі і ведае, якія прысуды там выносіліся.

Жыцьцёвыя прынцыпы Арцёма Сакава
Жыцьцёвыя прынцыпы Арцёма Сакава

«Спадзяёмся, шчыра кажучы, толькі на цуд. Што раптам трапіцца справядлівы судзьдзя, хоць на гэта мала надзеі. Цяпер я чакаю, што бліжэйшымі днямі мне могуць даць спатканьне з сынам — спадзяюся на гэта. Пра Арцёма скажу так: ён моцны духам, у яго моцная сіла волі, ён з маленства дапамагаў людзям. Я ведаю, што ўсе выпрабаваньні ён вытрымае годна», — упэўнена маці.

У роднай Карме нават незнаёмыя раней з Арцёмам людзі памятаюць пра яго, пішуць лісты і падтрымліваюць бацькоў. «І такіх людзей стала больш», — кажа Ларыса Сакава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG