Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі расейцаў зьняволена ў Беларусі з палітычных матываў?


Праваабаронцам дакладна вядома пра сямёх палітвязьняў, грамадзян Расеі, якія ўтрымліваюцца за кратамі ў Беларусі. Хто гэта?

Ірына Вікхольм — асуджаная на паўтара года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Палітзьняволеную трымаюць у берасьцейскім СІЗА № 7. 58-гадовую жанчыну затрымалі 28 траўня і абвінавацілі ў паклёпе на кіраўніка Беларусі (артыкул 367 Крымінальнага кодэксу) за твіт, дзе цытавалася заява МЗС Грэцыі. Твіт быў прысьвечаны інцыдэнту з самалётам, на якім ляцеў блогер Раман Пратасевіч.

Пра тое, што жанчына ў СІЗА, грамадзкасьць даведалася не адразу. Тры месяцы пра яе лёс нічога не было вядома. Амбасадзе Расеі беларускія ўлады паведамілі пра затрыманьне Ірыны толькі 1 верасьня.

Сафія Сапега — затрымана 23 траўня ў менскім аэрапорце пасьля прымусовай пасадкі самалёта авіякампаніі Ryanair, у якім Сафія ляцела разам з Раманам Пратасевічам. 23-гадовую студэнтку ЭГУ вінавацяць па трох крымінальных артыкулах за распальваньне варожасьці і арганізацыю масавых беспарадкаў.

У зьнятым пасьля затрыманьня відэа Сафія сказала, што адміністравала тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі», які публікаваў асабістыя зьвесткі сілавікоў. Зь СІЗА КДБ палітзьняволеную перавялі пад хатні арышт. Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сьледзтва пройдзе ў Беларусі, пра гэта ён сказаў Уладзіміру Пуціну. Паводле Ўладзімера Макея, пасьля суду Лукашэнка можа памілаваць Сапегу альбо перадаць Расеі для адбыцьця пакараньня.

Ягор Дуднікаў — 21-гадовага расейца ўтрымліваюць у СІЗА № 1 на Валадарскага. Ягору выставілі новае абвінавачаньне — у распальваньні сацыяльнай варожасьці групай асобаў. Раней палітвязьня абвінавачвалі за арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Хлопцу пагражае зьняволеньне да 12 гадоў. Ягора затрымалі на пачатку траўня і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Паводле адваката, яго зьвінавацілі ў агучваньні відэаролікаў «для беларускай апазыцыі». Паводле дзяржаўнага тэлеканала АНТ, Ягор Дуднікаў дачынны да прызнанага экстрэмісцкім тэлеграм-канала «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі».

Пры затрыманьні хлопца зьбілі. Бацькі Ягора жывуць у Саратаве, хлопец жыў у Менску каля года, агучваў мультфільмы, гульні і рэклямныя ролікі.

У чэрвені расейскі пасол Яўген Лук’янаў выказаў спадзеў на шматразовае наведваньне Дуднікава ў СІЗА. Паводле Лукʼянава, пасольства абавязана забясьпечыць консульскую дапамогу і падтрымку грамадзянам Расеі, якія трапілі ў цяжкую сытуацыю.

Аднак Дуднікаў і Сапега, дадаў пасол, маюць агульнаграмадзянскія расейскія пашпарты і таму «не валодаюць ніякім імунітэтам і выключэньнямі з прававога поля Беларусі». Ён сказаў, што размовы зь беларускім бокам пра Сапегу і Дуднікава ідуць на высокім узроўні.

Дзьмітрый Папоў — мадэратар сацсетак «Страна для жизни». У Расеі кіраваў праектамі «Мужское государство» [прызнаная экстрэмісцкай і забароненая ў Расеі. — РС] і «Сканар». Затрыманы 4 чэрвеня мінулага году ў лесе пад Мазыром — хаваўся ў фэрмэра Аляксандра Вянгуры. Папова вінавацяць па чатырох крымінальных артыкулах — ад арганізацыі масавых беспарадкаў да перашкоды ажыцьцяўленьню выбарчых правоў і распальваньня нянавісьці. Палітвязьня судзяць у гомельскім СІЗА № 3 разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам, Ігарам Лосікам, Уладзімерам Цыгановічам і Арцёмам Сакавым.

У лісьце з-за кратаў Дзьмітрый Папоў папрасіў Уладзіміра Пуціна пазбавіць яго грамадзянства Расеі, якая «гатова ахвяраваць сваімі грамадзянамі».

Аляксандар Геджадзэ — 35-гадовы палітвязень, затрыманы 27 кастрычніка мінулага году. Асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі ў тым, што на каршэрынгавым аўтамабілі перавёз пакрышкі, зь якіх потым на дарозе ў жылым комплексе «Каскад» пратэстоўцы збудавалі барыкады. Геджадзэ жыў у Маскве, часам прыяжджаў у Менск да сваёй дзяўчыны. Адбывае пакараньне ў наваполацкай папраўчай калёніі № 1.

Андрэй Новікаў — 51-гадовы валянтэр ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, падпалкоўнік расейскай міліцыі ў адстаўцы, двойчы браў удзел у вайсковых апэрацыях у Чачэніі. Затрыманы ў красавіку і асуджаны на два з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Акрамя 342 артыкула, які прад’яўлялі бальшыні палітвязьняў, Андрэя абвінавацілі ў незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы Беларусі. Цяпер ён утрымліваецца ў СІЗА № 1.

Першы раз Андрэя затрымалі ў чэрвені мінулага году падчас збору подпісаў, потым дэпартавалі зь Беларусі ў Расею на 10 гадоў. Паўторна яго затрымалі, калі ён ехаў у вёску Прусы ў Пастаўскім раёне, каб наведаць сямʼю. Адна яго дачка мае інваліднасьць. Новікаў нарадзіўся ў Беларусі, пасьля школы зьехаў вучыцца ў Расею.

Ігар Капанайка — 55-гадовы ваенны пэнсіянэр, які мае від на жыхарства ў Беларусі, затрыманы 27 лістапада мінулага году. Асуджаны на паўтара года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму па двух крымінальных артыкулах за абразу прадстаўніка ўлады і хуліганства. У лістападзе мінулага году мужчына заліў мантажнай пенай уваходныя дзьверы супрацоўніцы органаў ўнутраных спраў і яе паштовую скрыню. На паштовай скрыні напісаў фразу, якая, паводле абвінавачаньня, публічна зьневажае міліцыянтку. Капанайка тлумачыў у судзе, што міліцыянтка пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі напісала, што той быў п’яны, і ня выказала спачуваньня сям’і нябожчыка. Адбывае пакараньне ў магілёўскай турме № 4.

Ці дапамагае Расея сваім грамадзянам?

Праваабаронца Human Constanta Наста Лойка кажа, што прадстаўнік консульства можа наведваць зьняволеных, размаўляць зь імі, трымаць сытуацыю пад кантролем, падключаць дыпляматычныя мэханізмы дзеля таго, каб неяк уплываць на сытуацыю.

«З таго, што адбываецца цяпер, я ведаю пра Дзьмітрыя Папова, які быў затрыманы больш за год таму і якога судзяць разам зь Сяргеем Ціханоўскім, — кажа Наста Лойка. — Да яго прадстаўнік консульства прыйшоў толькі адзін раз і вельмі фармальна зь ім паразмаўляў. Дзьмітры скардзіўся на ціск на яго, але ніякай рэакцыі на гэта не было, больш яны да яго не прыходзілі. І ў нейкі момант ён нават публічна напісаў, што хоча адмовіцца ад расейскага грамадзянства, бо ня бачыць асаблівай абароны».

Паводле Насты Лойкі, расейскае консульства фармальна наведвае вязьняў.

«У 2010 годзе былі двое вязьняў — грамадзян Расеі. Тады консульства брала больш актыўны ўдзел, больш камунікавала з адвакатамі, актыўна наведвала людзей. І ў выніку яны атрымалі штрафы, калі астатнім давалі пазбаўленьне ці абмежаваньне волі, — кажа Наста Лойка. — Таму тут шмат што залежыць ад канкрэтнай палітычнай сытуацыі».

Паводле праваабаронцы, цяпер Расея менш абараняе грамадзян, якія зьняволеныя па «палітычных» артыкулах. Агульная тэндэнцыя адметная тым, што цяпер Расея выдае Беларусі беларускіх грамадзян нават насуперак рашэньню Эўрапейскага суду па правах чалавека і пагрозе вялікіх штрафаў за гэта.

Часам расейскія дыпляматы пасьля наведваньня вязьняў кажуць, што тыя ня скардзіліся на ўмовы ўтрыманьня і стан здароўя. Праваабаронца называе гэта «дыпляматычнай гульнёй».

«Яны, магчыма, не адчуваюць сваёй прынцыповай патрэбы абараняць гэтых людзей і кажуць тое, што лічаць патрэбным. Канечне, нехта з палітвязьняў мог скардзіцца. А нехта мог не давяраць прадстаўніку амбасады і таму не агучваў такую інфармацыю», — кажа Наста Лойка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG