Спатканьне журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка з жонкай Дар’яй адбылося ранкам 15 сьнежня ў будынку СІЗА-3 Гомля, дзе Ігара трымаюць з траўня 2021 году. 14 сьнежня судзьдзя Гомельскага абласнога суду прыгаварыў яго да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
«Ігар выглядае добра, як і ўчора, — расказала Дар’я Лосік. — Настрой у яго розны, але пад канец спатканьня павесялеў крыху. Хачу расказаць пра вельмі важныя рэчы, якія ўчора Ігар мне крычаў з-за кратаў. Якія я пачула ад яго. Якія сёньня на спатканьні сказаў мне. Ігар расказаў, што ў яго справе няма ніводнай экспэртызы і ніводнага паста, які б даказваў яго віну па прад’яўленых артыкулах. А сёньня ён мне сказаў, што за ўвесь судовы працэс сваё прозьвішча, калі ўсё зачытвалі, Ігар пачуў толькі адзін раз. Пасьля такога, напэўна, становіцца зразумелым, чаму судовы працэс быў закрытым».
Спатканьне Ігара з Дар’яй працягвалася дзьве гадзіны. Яно прайшло ў памяшканьні, падзеленым шклом і кратамі, размаўляць можна было праз тэлефон.
«Расказала Ігару, як грамадзтва адрэагавала на гэтыя зьверскія прысуды, — працягвае Дар’я. — Крыху пра свой відэазварот расказала. Тэкст яму не зачытвала, бо баялася, што мяне могуць проста выгнаць са спатканьня. Расказала, што ўсё гэта выклікала вялікі рэзананс, апісала ўсё ў колерах і фарбах. Ігар не разумее, навошта было ўвогуле даводзіць да выраку. Ён невінаваты. Няма ні складу злачынства, нічога. Учора падчас абвяшчэньня прысуду Ігар мне сказаў, што ў матэрыялах справы згадваецца пра тое, што ён нібы кіраваў пратэстамі, знаходзячыся ў СІЗА № 1 у Менску. Як гэта можна было зрабіць фізычна, знаходзячыся ў камэры? У мяне гэта ўсё выклікае шквал эмоцый і саркастычную ўсьмешку».
Што далей будзе зь Ігарам Лосікам, пакуль невядома. Па словах Дар’і, яна нават не ведае, ці будуць трымаць яе мужа ў СІЗА-3 Гомля. Перавесьці ў іншае месца Ігара могуць у любы момант і пра гэта, як правіла, не паведамляюць родным. Даведацца можна толькі пасьля таго, як у СІЗА адмовяцца прымаць перадачу.
Адразу пасьля агучваньня выраку Ігару Лосіку Дар’я выступіла з відэазваротам да ўладаў і Лукашэнкі асабіста. Гаворыць, што пакуль ніякай рэакцыі на гэта не было.
«Калі гаварыць пра грамадзяніна Лукашэнку і яго падначаленых, то пакуль усё ціха, — расказвае Дар’я Лосік. — Ніякай рэакцыі не было, на жаль. І напэўна, мае словы, сказаныя ў канцы звароту, пацьвярджаюцца. На жаль».
У чацьвер 16 сьнежня Дар’я Лосік плянуе зрабіць перадачу для Ігара. Пасьля чаго зоймецца зборам рэчаў для мужа, неабходных для побыту ў калёніі.