Арганізатары конкурсу абнародавалі фатаздымак Сяргея і Жанны Румасаў з цырымоніі ўганараваньня трыццаткі найбольш заслужаных жанчын сталіцы. Жонка экс-прэм’ера аказалася ў ліку ляўрэатак прэміі. Сфэра яе дзейнасьці не ўдакладняецца.
У пачатку чэрвеня 2020 году Аляксандар Лукашэнка адправіў Сяргея Румаса ў адстаўку, патлумачыўшы кадравую перастаноўку неабходнасьцю «перафарматаваньня» напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
Падчас поствыбарных пратэстаў у сацсетках сужэнцаў зьявіліся фатаздымкі на фоне бел-чырвона-белых сьцягоў і подпісам «з гонарам за беларусаў».
Пасьля гэтага былі зьвесткі, што Сяргея Румаса нібыта затрымалі за эканамічнае лабіяваньне даўніх партнэраў, хоць ягоная жонка запэўнівала журналістаў, што ён усяго толькі ад’яжджаў па справах у Лёндан і Кіеў.
Цяпер Сяргей Румас працуе ў маскоўскім офісе «Россельхозбанка». Выглядае, што ў выпадку неабходнасьці ён беспраблемна прыяжджае ў Беларусь.