Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крамлі ня хочуць, каб Лукашэнка яшчэ раз вылучаўся на прэзыдэнта, — Самарукаў


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Намесьнік рэдактара сайта Carnegie.ru Максім Самарукаў разважае, якая стратэгічная мэта Расеі ў эскаляцыі напружанасьці вакол Украіны, аналізуе стаўленьне Крамля да «транзыту ўлады» ў Беларусі і заяўляе, што чым горшыя адносіны Расеі з Захадам, тым лепш для Лукашэнкі.

Сьцісла

  • Масква саступіла Лукашэнку па інтэграцыйных праграмах, дазволіўшы Лукашэнку выкінуць адтуль усе сур’ёзныя рэчы
  • Для Крамля самае важнае — каб Менск цалкам стаў на бок Масквы ў канфлікце з Украінай і дапамог стварыць дадатковы ціск на Ўкраіну
  • У Крамлі лічаць, што калі Лукашэнка яшчэ раз пойдзе на выбары прэзыдэнта, то гэта стварае рызыкі для ўсіх.
  • Чым вышэйшае напружаньне ў рэгіёне, чым горшыя адносіны Расеі з Захадам, — тым менш у Крамля жаданьня разьбірацца з Лукашэнкам.
  • Расея ў мігранцкім крызісе была хутчэй спрыяльным назіральнікам — маўляў, навошта перашкаджаць Лукашэнку ствараць сабе дадатковыя праблемы.


— Чарада падзей апошніх тыдняў (падпісаньне «саюзных праграмаў» 4 лістапада, прызнаньне Лукашэнкам Крыму расейскім дэ-юрэ, ягоныя выказваньні пра Ўкраіну і пра магчымы ваенны канфлікт) пакідаюць уражаньне, што Крэмль «нахіліў» Лукашэнку, гаворачы ягонымі ж словамі. Ці падзяляеце вы гэтае ўражаньне і такія ацэнкі?

— Вы ставіце падпісаньне «саюзных праграмаў» і новыя геапалітычныя акцэнты Лукашэнкі ў адзін шэраг. Але, па-мойму, гэта акурат рознанакіраваныя зьявы. Бо спачатку Масква саступіла Лукашэнку па інтэграцыйных праграмах, дазволіўшы яму выкінуць адтуль усе сур’ёзныя рэчы і падпісаць паперы, якія ні да чога не абавязваюць беларускае кіраўніцтва.

Узамен на гэтую саступку Масква запатрабавала некаторыя крокі па вельмі важным для яе ўкраінскім пытаньні. Бо ўсе апошнія радыкальныя заявы Лукашэнкі па замене замежнапалітычнага курсу, па адмове ад былой шматвэктарнасьці, зьвязаныя з Украінай. З дадатковым ціскам на Ўкраіну, які зараз стаў галоўным пытаньнем у адносінах Расеі і ЗША, дый увогуле ўсёй расейскай палітыкі.

Што азначае прызнаньне Крыму Менскам? З гледзішча легітымацыі прыналежнасьці Крыму гэта нічога не дае Расеі. Затое гэта стварае сур’ёзную дадатковую праблему ў адносінах Менску і Кіева. Украіна зараз і так перажывае складаны энэргетычны крызіс, які ўзімку можа абвастрыцца. Расея ў якасьці ціску на Ўкраіну ўжо перастала пастаўляць туды вугаль і адмаўляецца пастаўляць электрычнасьць.

Беларусь — другі па маштабах пастаўшчык энэргетычных тавараў ва Ўкраіну — нафтапрадукты, электрычнасьць. І прызнаньне Лукашэнкам Крыму расейскім стварае для Ўкраіны вельмі нязручную сытуацыю, бо Кіеў моцна залежыць ад беларускіх паставак у энэргетычнай галіне. Зь іншага боку, не рэагаваць на гэты крок немагчыма.

Альбо заява Лукашэнкі пра сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні каля мяжы з Украінай. Гэта таксама, безумоўна, форма ціску на Ўкраіну. Бо гэтая частка ўкраінскай мяжы меней умацаваная. У цяперашняй сытуацыі, калі і каля паўднёвых, і каля ўсходніх межаў Украіны разьмешчаныя значныя кантынгенты расейскіх войскаў — зьяўленьне расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, каля паўночнай мяжы Ўкраіны, натуральна, стварае дадатковы ціск на Ўкраіну.

— Дык а чаго Расея хоча ад Лукашэнкі ва ўкраінскім пытаньні? Спачатку здавалася, што Масква хоча прызнаньня Крыму пераважна як палітычнага і сымбалічнага кроку. Але зараз выглядае, што Крамлю хочацца большага. Рэальнага ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у апэрацыі супраць Украіны? Ці проста прадстаўленьня беларускай тэрыторыі для расейскай авіяцыі і, магчыма, сухапутных сілаў?

— Што для Расеі зараз самае важнае? Зусім ніякая не інтэграцыя і не «анэксія» Беларусі. А тое, каб Менск цалкам стаў на бок Масквы ў канфлікце з Украінай і дапамог стварыць дадатковы ціск на Ўкраіну. У выглядзе праблемаў з энэргетычнымі пастаўкамі ці ў выглядзе ўдзелу ў вучэньнях каля ўкраінскіх межаў — разглядаюцца самыя розныя канкрэтныя інструмэнты.

— Натуральна, у Кіеве гэта разумеюць і «да апошняга» спрабуюць не рэагаваць на словы Лукашэнкі. Масква відавочна дабіваецца, каб адбыўся разрыў гандлёва-эканамічных сувязяў паміж Украінай і Беларусьсю. Але ж гэта будуць вялікія страты для Беларусі, бо экспарт ва Ўкраіну прыносіць вялікія прыбыткі. Ці пойдзе на гэта Лукашэнка?

— Лукашэнка ж ня стане забараняць экспарт беларускіх прадуктаў ва Ўкраіну. Пытаньне ў тым, што Ўкраіна можа ад іх адмовіцца. Пытаньне ў тым, як Кіеў можа адрэагаваць на прызнаньне Крыму, наколькі жорстка. Пакуль Кіеў, сапраўды, паводзіць сябе даволі асьцярожна, гаворачы «Лукашэнка нелегітымны прэзыдэнт, таму і рэагаваць на яго ня варта».

Украіна, напрыклад, пасьля падзеяў 2014 году вырашыла, што нельга закупляць газ у Расеі. Але вугаль і электрычнасьць закупляла ўсе гэтыя гады, і толькі сёлета пастаўкі электрычнасьці спынілася, з ініцыятывы расейскага боку. Так што невядома, які крок украінскае кіраўніцтва палічыць патрэбным адказам на прызнаньне Лукашэнкам Крыму. Магчыма, будуць уведзеныя нейкія абмежаваньні ў другасных галінах, і гэта будзе пададзена як рэзкі адказ. Бо адмовіцца ад паставак беларускіх нафтапрадуктаў і электрычнасьці, асабліва ўзімку, цяпер, калі цэны на сусьветных рынках вельмі высокія, — гэта будзе надта рэзкі рух.

— Але чаго Крэмль дабіваецца ад Украіны ў стратэгічным сэнсе? Вясной Расея таксама канцэнтравала войскі на ўкраінскай мяжы, але пасьля званка Байдэна адбылася дээскаляцыя. Зараз Крэмль зноў дабіваецца, умоўна кажучы, такога званка?

— Расея дабіваецца нейкага канчатковага кампрамісу з ЗША па Ўкраіне. Крэмль неаднаразова заяўляў, што з украінскім кіраўніцтвам яны гэта абмяркоўваць не зьбіраюцца, яны хочуць гэта абмяркоўваць з ЗША. Масква хоча паставіць Вашынгтон перад выбарам. Альбо мы пачынаем вайну і ваш бліжэйшы саюзьнік цярпіць паразу, якая будзе асабліва прыніжальнай пасьля таго, што было ў Аўганістане. Альбо вы зьніжаеце сваю падтрымку Ўкраіны і дамаўляецеся пра нейкую форму кампрамісу з Расеяй, які будзе ўключаць у сябе ўкраінскі ваенны нэўтралітэт.

І на рытарычным, і на дыпляматычным, і на ваенным узроўні Масква дае зразумець, што па-старому жыць нельга і трэба выбіраць — альбо вайна, альбо кампраміс. І Беларусь ёй у гэтым можа спатрэбіцца — каб узмацніць ступень пагрозы.

— У Беларусі некаторыя аналітыкі лічаць, што Пуцін вельмі не хацеў бы, каб Лукашэнка заставаўся надоўга пры ўладзе. Таму, маўляў, той варыянт «транзыту ўлады» ў выніку канстытуцыйнага рэфэрэндуму, які задумаў Лукашэнка і які пакуль не прадставілі грамадзкасьці, выклікае нездавальненьне ў Масквы.

— Я думаю, што ў прынцыпе ў Крамлі наўрад ці гэтак падрабязна прапрацоўваюць, якой павінна быць наступная беларуская Канстытуцыя. Ёсьць адна рэч, зь якой усе ў Маскве згодныя — калі Лукашэнка яшчэ раз пойдзе на выбары прэзыдэнта, то гэта стварае рызыкі для ўсіх. І для ягонага ўласнага рэжыму, і для Расеі як краіны, якая хоча ўтрымаць Беларусь у якасьці свайго саюзьніка. Таму для ўсіх будзе лепей, каб Лукашэнка на выбары больш не ішоў.

Як менавіта ён аформіць структуру ўлады, дзе ён больш ня будзе прэзыдэнтам — гэтыя дробныя дэталі Крамлю ня так і важныя. І паколькі (гледзячы па заявах самога Лукашэнкі і па тых зьвестках, што ёсьць пра тэкст новай Канстытуцыі), яшчэ раз балятавацца ён усё ж не зьбіраецца, а думае перайсьці на нейкую іншую пасаду, ва Ўсебеларускі народны сход, — то калі гэтае базавае патрабаваньне Крамля будзе задаволенае, то астатнія дэталі Крэмль ужо ня будуць цікавіць.

— А калі не? Калі Лукашэнка скажа, што зараз пакуль ня час нешта мяняць і гэтак далей? То бок калі стане зразумела, што Лукашэнка нікуды не сыходзіць — як на гэта можа адрэагаваць Крэмль?

— Я думаю, шмат будзе залежаць ад агульнай сытуацыі ў рэгіёне ў гэты момант. Як сказаў сам Лукашэнка, «рэфэрэндум будзе — калі ня будзе вайны». І сапраўды, калі пачнецца нейкае вельмі сур’ёзнае абвастрэньне, у тым ліку ваенныя дзеяньні, чаго зусім нельга выключаць, — то Крамлю можа стаць не да «транзыту ўлады» ў Беларусі. Яны проста махнуць рукой на гэта — прынамсі на нейкі час.

І ў той жа час нельга выключаць, наадварот, што цяперашняе абвастрэньне прывядзе да нейкай формы кампрамісу паміж Расеяй і ЗША, і тады Крэмль здолее дзейнічаць больш свабодна. А ўвогуле Крэмль звычайна мысьліць тактычна. Вось зараз усе астатнія пытаньні ў рэгіёне падводзяцца пад украінскае абвастрэньне.

— Зыходзячы з гэтай лёгікі, можна зрабіць выснову, што Лукашэнку выгадная канфліктная сытуацыя ў рэгіёне, альбо расейска-ўкраінскае сутыкненьне, альбо рэзкая фаза мігранцкага канфлікту — каб на гэтым фоне ён як адзіны саюзьнік Расеі стаў вельмі патрэбным Крамлю? І каб Крэмль хаця б часова забыў, што ня варта Лукашэнку ісьці на наступны тэрмін?

— Так, менавіта так. Мы бачым і па паводзінах самога Лукашэнкі, што чым вышэйшая напружанасьць у рэгіёне, тым горшыя адносіны Расеі з Захадам, — тым менш у Крамля жаданьня разьбірацца з Лукашэнкам.

— Ваша ацэнка мігранцкага крызісу? Гэта была выключна ініцыятыва Менску, ці Масква таксама згуляла сваю ролю? Нягледзячы на часовую паразу, Лукашэнка будзе яго працягваць — напрыклад, з аўганцамі?

— Я ня бачу ніякіх падставаў думаць, што гэта была ініцыятыва Расеі. Лукашэнка сам пра гэта казаў, і выглядае, што гэта ягонае разуменьне, як можна навязаць Эўразьвязу «дыялёг». Расея тут была хутчэй спрыяльным назіральнікам — маўляў, навошта перашкаджаць Лукашэнку ствараць сабе дадатковыя праблемы.

Мне падаецца, што нават у Менску зразумелі, што мігранцкі крызіс толькі пагаршае сытуацыю, і ня трэба на яго так напіраць. Канечне, яны ня могуць адступіць адразу, не згубіўшы твар, і нейкія рухі працягваюцца. Але мне падаецца, што пік крызісу пройдзены, і нават у Менску зразумелі, што нічога істотнага яны такім спосабам не даб’юцца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG