Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ўсё працягнецца вельмі нядоўга». Мікола Статкевіч пра свой прысуд


Мікола Статкевіч, 2019 год
Мікола Статкевіч, 2019 год

15 сьнежня палітыку дазволілі спатканьне з жонкай Марынай Адамовіч.

Спатканьне Міколы Статкевіча і Марыны Адамовіч прайшло ў СІЗА-3 Гомля. Калі Статкевіча перавязуць у калёнію ў Глыбокім, пакуль невядома. Як расказала Адамовіч у размове са Свабодай, прысуд у выглядзе 14 гадоў калёніі асаблівага рэжыму на настрой мужа ніяк не паўплываў.

«Я ні хвіліны не сумнявалася, што сустрэнуся з такім жа, добра вядомым мне Мікалаем, — кажа Марына Адамовіч. — Колькі б мы ні былі ў расстаньні, пры сустрэчы адчуваньне, што не разьвітваліся ні на хвіліну. Нічога ў ім не памянялася. Мікалай абсалютна такі ж, які быў. Спакойны, ураўнаважаны, перакананы, што гэта ўсё працягнецца вельмі нядоўга».

Спатканьне праходзіла ў асобнай кабінцы, асобна ад іншых вязьняў і іх родных. У Гомельскім СІЗА-3 Статкевіч з траўня. Большую частку гэтага часу ён правёў у адзіночнай камэры, з працэсу судзьдзя яго выдаліў на трэці дзень.

«Для Мікалая не было сюрпрызам тое, што ў яго будзе асаблівы рэжым, — расказвае Марына Адамовіч пра стаўленьне Статкевіча да прысуду. — Для яго зразумела, што гэта такая закамуфляваная форма турмы. Спакойна паставіўся. Сказаў, што, верагодней за ўсё, таксама будзе настойваць на адзіночнай камэры для сябе. Абсалютна ня хоча, каб побач зь ім разьмяшчалі, так скажам, спэцыяльна навучаных людзей, якія будуць пісаць кіраўніцтву дакладныя».

Па словах Марыны Адамовіч, Мікола Статкевіч прасіў перадаць словы падтрымкі для тых беларусаў, якія, нягледзячы ні на што, працягваюць дэманстраваць салідарнасьць зь вязьнямі, супраціўляюцца, дапамагаюць сем’ям арыштаваных.

«Мікола сказаў, што ўлада выкарыстоўвае адзіны рэсурс, які ў яе застаўся, — сілавы, — кажа Марына Адамовіч. — І што яна зараз дзейнічае адзіным мэтадам, які застаецца, — нарошчваючы рэпрэсіі. Такім чынам адсякаючы сябе ад усяго зьнешняга сьвету. У тым ліку ад сваіх партнэраў і сяброў. Прымушаюць рэагаваць на сябе ўвесь сьвет, нават калі ён гэтага ня хоча».

Па словах Марыны Адамовіч, Мікола Статкевіч таксама просіць беларусаў не зьяжджаць з краіны, бо вельмі хутка неабходна будзе нанова яе адбудоўваць, а для гэтага спатрэбіцца шмат сілаў.

«Да прысуду ён паставіўся ніяк, гэта ніякім чынам не паўплывала на яго стан, — кажа Адамовіч. — Пракурор насамрэч прасіў больш. Для ўсіх абвінавачаных хацеў большыя тэрміны. Так што можна сказаць, што суд праявіў „гуманнасьць“. Такая вось „гуманнасьць“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG