Гэты дзень у гісторыі
1519 — Францішак Скарына выдаў у Празе Кнігу Судзьдзяў.
1595 — бітва войска Вялікага Княства Літоўскага з казацкім атрадам Севярына Налівайкі на Буйніцкім полі каля Магілёва.
1791 — у ЗША ўступіў у дзеяньне Біль аб правах — дзесяць паправак да Канстытуцыі 1787 году, якія заканадаўча замацавалі асноўныя грамадзянскія правы (свабода сумленьня, слова і друку, сходаў і валоданьня зброяй).
1862 — на тэрыторыі Беларусі пачалася эксплюатацыя першай чыгункі, якая зьвязала Горадню з Парэччам і была часткай Пецярбурска-Варшаўскай чыгункі.
1922 — у Менску заснаваная Беларуская дзяржаўная і ўнівэрсытэцкая бібліятэка.
1961 — у Ерусаліме Адольфу Эйхману зачыталі сьмяротны прысуд, прызнаўшы яго ваенным злачынцам, вінаватым у злачынствах супраць габрэйскага народу і супраць чалавечнасьці.
1985 — у Беларусі нарадзіўся 10-мільённы жыхар.
1989 — пачатак рэвалюцыі ў Румыніі.
1990 — Вярхоўны Савет Кіргізстану прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце.
1995 — валюта Эўрапейскага валютнага зьвязу атрымала сваю сучасную назву эўра.
2000 — ва Ўкраіне канчаткова спынілася праца Чарнобыльскай АЭС.
2018 — ва Ўкраіне ўтвораная аб’яднаная аўтакефальная праваслаўная царква.
У гэты дзень нарадзіліся
37 — Нэрон, рымскі імпэратар.
1832 — Аляксандар Эйфэль, францускі інжынэр і стваральнік аднайменнай парыскай вежы.
1836 — Валеры Антоні Ўрублеўскі, беларуска-польскі рэвалюцыянэр.
1850 — Мікалай Судзілоўскі, рэвалюцыянэр, удзельнік грамадзка-палітычных рухаў Беларусі, Расеі, Швайцарыі, Румыніі, Англіі, Францыі, ЗША, Японіі, Кітаю і іншых краін. Прэзыдэнт Сэнату Гавайскіх астравоў.
Нават пачатак жыцьцёвага шляху выдаваў у Судзілоўскім асобу неардынарную й свабодалюбную. Вывучаючы мэдыцыну ў Кіеве, ён зьвязваецца з народнікамі й наведвае Швайцарыю, каб пазнаёміцца з ідэолягам народніцтва Пятром Лаўровым і тэарэтыкам анархізму Міхаілам Бакуніным.
Неўзабаве разам зь іншымі рэвалюцыянэрамі Судзілоўскі зьдзяйсьняе сваё «хаджэньне ў народ» у Хэрсонскай і Самарскай губэрнях. Але тамтэйшы народ глядзеў на агітатара зь недаверам і дзяліўся ўласнымі сумневамі з паліцыяй, у выніку чаго нядаўні студэнт апынаецца на эміграцыі.
У Бухарэсьце ён піша дысэртацыю ў галіне хірургіі, адначасова займаючыся пастаўкамі зброі баўгарскім паўстанцам Хрыста Боцева.
Пасьля падрыхтоўкі ў адной з рэстарацыяў румынскай сталіцы банкету ў гонар 10-годзьдзя Парыскай камуны няўрымсьлівы беларус, ратуючыся ад паліцыі, трапіў у Амэрыку, дзе выславіўся тым, што вылечыў сотні безнадзейна хворых і падаў у суд на прадстаўніка расейскага «Священного синода» Алеуцкага й Аляскінскага япіскапа Ўладзіміра, абвінаваціўшы таго ў карупцыі й амаральнасьці.
Апынуўшыся на Гаваях, Судзілоўскі салідарызуецца з прыхільнікамі іх незалежнасьці ад ЗША і здабывае як лекар і палітык такі аўтарытэт, што беларуса выбіраюць сэнатарам, а затым і прэзыдэнтам Гавайскіх выспаў (які, аднак, усё ж не патрапіў справіцца з анэксіянісцкімі памкненьнямі магутнага суседа).
Расейска-японская вайна прывяла экс-прэзыдэнта Гавайскай Рэспублікі ў Краіну ранішняга сонца, дзе ён спрабуе стварыць з палонных расейскіх салдатаў рэвалюцыйную армію і рушыць зь ёю на Пецярбург…
Мудра адмовіўшыся пазьней ад настойлівых прапановаў новых бальшавіцкіх уладаў вярнуцца на радзіму, былы рэвалюцыянэр, які стаў вядомым у сьвеце вучоным, сябрам Амэрыканскай асацыяцыі генэтыкаў і Нацыянальнага геаграфічнага таварыства, завяршыў сваё доўгае жыцьцё ў Кітаі, пакінуўшы ўласнаручна складзеную эпітафію: «Hic jacet Lumpatius Vagabundus» — што ў перакладзе з лаціны значыць: «Тут ляжыць вандроўны жабрак».
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 130–131.
1859 — Людвік Замэнгоф, стваральнік мовы эспэранта.
1908 — Апанас Кавалёў, кіраўнік ураду БССР у 1937–1939 гадах.
1921 — Сьцяпан Александровіч, беларускі літаратуразнаўца і краязнаўца. Надаваў прынцыповае значэньне мэтадалёгіі дасьледаваньняў, палемізаваў зь некаторымі расейскімі і польскімі аўтарамі за іх антыгістарычны падыход да паняцьцяў «Русь», «рускі», «Літва», «літоўскі», штучнае атаясамліваньне з расейскай або летувіскай культурай здабыткаў уласна беларускай культуры, дасягнутых пад гэтымі назвамі ў розныя эпохі.
1934 — Станіслаў Шушкевіч, навуковец-фізык, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІ скліканьня (1991–1994).
1937 — Герман Кірылаў, беларускі пісьменьнік, ляўрэат літаратурнай прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча за кнігу «Гарт», прысьвечаную гісторыі паваеннага беларускага моладзевага супраціву.
1945 — Кастусь Мысьлівец, дзяяч беларускага дэмакратычна-адраджэнскага руху.
Кастусёў голас гучаў на пікетах і мітынгах, дзе ён патрабаваў паведаміць драгічынцам праўду пра іх накрытыя чарнобыльскімі хмарамі вёскі. Мысьлівец змагаўся супраць будаўніцтва ў райцэнтры экалягічна небясьпечнага біяхімзаводу.
Ворагі звальнялі яго з працы, сябры папярэджвалі, каб позна не хадзіў адзін па вуліцах. Але ён заставаўся самім сабой і па-ранейшаму казаў у вочы тое, што думаў, і вэртыкальшчыкам, і дэмакратам, якія не маглі адкінуць уласных амбіцыяў і аб’яднацца.
Ён прывёз з Рэспублікі Комі жонку Галіну і навучыў яе беларускай мове. Ён сябраваў зь Юрыем Хадыкам. Ён ня раз сустракаў на сваім падворку лідэраў дэмакратычнага руху — кветкамі, нацыянальнымі сьцягамі, сталамі з палескімі абрусамі і прысмакамі. Побач з бацькам быў сын Кірыл на чале скаўцкага аддзелу.
У прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2006 году па колькасьці подпісаў, сабраных за лідэра аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, Драгічын стаў упоравень з значна большымі Баранавічамі і Пінскам.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 558–559.
1952 — Уладзіслаў Рубанаў, беларускі пісьменьнік.
Уладзіслаў пісаў «правільныя» апавяданьні, якія нярэдка друкаваліся ў сьвяточных нумарах «ЛіМу». Іхнімі героямі рабіліся то вэтэраны, то, як тады пісалі ў розных ідэалягічных пастановах, «людзі працы». Адзіным, што мяне прываблівала ў ягоных творах, была добрая беларуская мова.
Нашыя стасункі ня сталі бліжэйшымі і тады, калі я ў 1988-м стаў супрацоўнікам выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе Рубанаў загадваў аддзелам прозы і быў сакратаром партыйнай арганізацыі.
Але пасьля Дзядоў таго году штосьці паміж намі зрушылася. Не, яго не было тады ні на Ўсходніх могілках, ні ў полі каля Курапатаў, аднак калі мяне за выступ на мітынгу 30 кастрычніка пачалі назаўтра ж звальняць з працы, Уладзіслаў Рубанаў цалкам нечакана аказаўся сярод маіх актыўных абаронцаў.
Якраз тады мне да рук трапіў часопіс «Крыніца» з апавяданьнем Рубанава «Артыстка», і я з радасным зьдзіўленьнем убачыў, што ён можа пісаць абсалютна іначай — нязмушана-лёгка, з празрыстай таямнічай глыбінёю, з гульнёй падтэкстаў ды імкненьнем спасьцігнуць парадоксы жыцьця.
Уладзіслаў Рубанаў стаўся яскравым прыкладам таго, як вольнае паветра тых гадоў разьнявольвала людзей мастацтва.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 410–411.
1961 — Сяргей Навумчык, журналіст Радыё Свабода, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня (1990-1996), аўтар цыклю кніг пра гісторыю беларускай незалежнасьці 1990-х гадоў, ляўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтра.
Сьвятлана Алексіевіч пра кнігі Сяргея Навумчыка: «Гэта застанецца назаўсёды. Гісторыя часам выбірае нас як летапісцаў, і шчасьце, калі мы аказваемся да гэтага гатовыя».
У памяці
1954 — Язэп Драздовіч, беларускі мастак, археоляг, пісьменьнік, этнограф і фальклярыст.
1966 — Уолт Дыснэй, амэрыканскі мультыплікатар.
1993 — Уладзімер Калесьнік, беларускі пісьменьнік.