«Пасьля таго як я адмовіўся на запыт КДБ Беларусі даваць паказаньні — як на прадстаўнікоў нашай выведкі, гэтак і на беларускіх патрыётаў, — ужо знайшлі людзей, якія даюць гэтыя паказаньні. А хто мог знайсьці гэтых людзей?» — заявіў Сямён Сяменчанка 8 сьнежня ў Шаўчэнкаўскім раённым судзе Кіева.
Сёньня суд пачаў разглядаць справу паводле абвінаваўчага акту, які 3 сьнежня перадала Служба бясьпекі Ўкраіны для судовага разгляду. У ім, апроч Сямёна Сяменчанкі, фігуруюць яшчэ шасьцёра ўкраінскіх добраахвотнікаў. Іх абвінавачваюць у стварэньні на тэрыторыі Ўкраіны незаконнага ўзброенага фармаваньня з арганізацыйнай структурай вайсковага тыпу. Паводле сьледзтва, яны ў ліпені 2019-га ўчынілі тэракт у дачыненьні да тэлеканалу «112» (сёлета яго закрылі як прарасейскі. — РС).
Сямён Сяменчанка заявіў, што галоўны заказчык гэтай справы — «КДБ Беларусі і асабіста Лукашэнка». Добраахвотнік паабяцаў, што цягам судовага працэсу ён разам з адвакатамі будзе расказваць усё магчымае, у тым ліку і «пра апэрацыі, якія былі сарваныя, і пра тых людзей, якія сядзяць у беларускіх турмах паводле такіх жа абвінавачаньняў», як і ён ва Ўкраіне.
Сямён Сяменчанка нагадаў, што на пачатку году ў эфіры беларускага дзяржаўнага тэлеканалу прадэманстравалі запісы тэлефонных размоў Міколы Аўтуховіча зь іншымі грамадзянамі Беларусі і Ўкраіны.
«У размовах не было нічога дрэннага, нічога незаконнага. У мяне толькі адно пытаньне. Якая служба ва Ўкраіне можа здымаць інфармацыю ва ўкраінскіх апэратараў? Якая служба можа дапускаць тое, што беларусаў ужо вешаюць у цэнтры Кіева? Якая служба можа арганізоўваць на афіцыйны запыт КДБ Беларусі ў часе вайны зьнішчэньне вэтэранскай арганізацыі, якая нічога незаконнага не зьдзяйсьняла і дапамагала ўкраінскай выведцы? Гэта робіць толькі СБУ, якая мае афіцыйны дагавор аб наданьні прававой дапамогі і з ФСБ, і з КДБ», — заявіў экс-камандзір батальёну «Данбас».
Паводле яго, КДБ Беларусі прасіў ня толькі дапытаць яго, а і высьветліць усе дадзеныя і нумары тэлефонаў.
«Фактычна, усе тэлефоны, якія тут пазначаныя, — гэта тэлефоны агентаў Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, то бок тэлефоны або тых, хто супрацоўнічаў з выведкай Мінабароны, або тэлефоны непасрэдных супрацоўнікаў Мінабароны. І фактычна ад мяне патрабавалі даць паказаньні на супрацоўнікаў нашай выведкі, каб дапамагчы асудзіць беларускіх патрыётаў за тэрарызм», — патлумачыў Сямён Сяменчанка.
У ліпені на афіцыйны запыт Радыё Свабода Служба бясьпекі Ўкраіны адказала, што ня мае інфармацыі, хто адсочваў перамяшчэньні і сустрэчы Мікалая Аўтуховіча ў Кіеве і запісваў ягоныя размовы, якія пазьней прагучалі ў фільме дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ «Тратыл пратэсту».
«На ліст Беларускай службы Радыё Свабода наконт сачэньня за грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і праслухоўваньнем ягоных размоў паведамляем пра адсутнасьць інфармацыі, якую запытвалі», — гаварылася ў адказе, што падпісаў начальнік упраўленьня СБУ па ўзаемадзеяньні з сродкамі масавай інфармацыі і грамадзкасьцю Арцём Дзехцярэнка.
Што папярэднічала
Сёлета ў траўні стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ў межах двухбаковага пагадненьня аб міжнароднай прававой дапамозе зьвярнуўся ў праваахоўныя органы Ўкраіны па правядзеньне допытаў зь некалькімі фігурантамі справы Мікалая Аўтуховіча.
У прыватнасьці, КДБ хацеў дапытаць беларуску Алену Васільеву, якая ўцякла ва Ўкраіну летась у верасьні, беларускага добраахвотніка Дзьмітрыя Палойку, а таксама шэраг грамадзян Украіны, зь якімі Мікалай Аўтуховіч нібыта сустракаўся ў часе сваёй паездкі ва Ўкраіну ў лістападзе 2020 году.
Адпаведнае даручэньне КДБ накіраваў СБУ 24 лютага 2021 году, а празь месяц ва Ўкраіне арыштавалі Сямёна Сяменчанку паводле падазрэньня ў стварэньні прыватнай вайсковай кампаніі і ў тэрарыстычным акце. 14 ліпеня яго вызвалілі пад хатні арышт, але СБУ абскардзіла гэтае рашэньне, і 26 ліпеня экс-камандзіра батальёну «Данбас» зноў узялі пад варту.
Увесь час Сямён Сяменчанка кажа пра сувязь ягонай справы з запытам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі і фабрыкацыяй аналягічнага расьсьледаваньня ў Беларусі супраць Мікалая Аўтуховіча.
«Гэта даручэньне, якое ў часе вайны КДБ краіны, кіраўніцтва якой не прызнана ўсім сьветам, выдае ўкраінскаму СБУ», — заяўляў Сямён Сяменчанка.Экс-камандзір батальёну «Данбас» таксама паведамляў, што цягам усяго 2020 году ягоная кампанія бясьпекі працавала «ў якасьці структуры прыкрыцьця Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны».
«Канкрэтна — дапамагалі беларускім патрыётам, якія сюды прыяжджалі, бо чакалі ўварваньня Расеі ў Беларусь, як гэта адбылося ў 2014 годзе ва Ўкраіну, дапамагалі ім атрымаць навыкі самаабароны, тлумачылі, куды магчыма вывезьці сем’і на выпадак чаго. То бок фактычна мы зьяўляемся спэцыялістамі, і ўнікальнымі спэцыялістамі, па стварэньні атрадаў самаабароны, па стварэньні добраахвотніцкіх батальёнаў. І ў гэтай якасьці мы былі далучаныя Галоўным упраўленьнем выведкі Мінабароны», — патлумачыў Сямён Сяменчанка.
Галоўнае пра «справу Аўтуховіча» ў Беларусі
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі 8 сьнежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму), які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў.
На пачатку лютага абноўлены сьпіс арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле ведамства, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў.
Уладзімер Гундар і былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава зналі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.
На пачатку сьнежня Мікалая Аўтуховіча перавялі зь менскага СІЗА КДБ у горадзенскую турму № 1.