Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба пракамэнтаваў у інтэрвію латвійскаму выданьню Sargs.lv апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра Крым і Ўкраіну.
Сярод іншага, Кулеба сказаў:
«Беларускі дыктатар Аляксандар Лукашэнка нядаўна заявіў, што плянуе наведаць акупаваны Расеяй паўвостраў Крым. Гэта невялікая, але вельмі важная дэталь значна большай карціны. Што такім чынам дасягаецца? Гэтай заявай Лукашэнка значна спаліў усе масты ў адносінах з Украінай, зрабіўшы Беларусь варожай Украіне краінай. Такім чынам, калі разглядаць дэталі гэтай агульнай карціны паасобку, можа здацца, што сытуацыю яшчэ можна выправіць, але калі разглядаць гэтыя дэталі разам, то трэба прызнаць, што сытуацыя даволі трывожная. Нягледзячы на сьцьвярджэньні Расеі, што яна ні на кога не зьбіраецца нападаць, яе дзеяньні гавораць значна больш, чым дзяржаўная мова Крамля».
Адказваючы на пытаньне пра непасрэдную ваенную пагрозу Ўкраіне з боку Беларусі, Кулеба сказаў:
«Пакуль што мы ня бачым, што беларуская армія рыхтуецца да апэрацыяў супраць Украіны або што беларускае кіраўніцтва можа дазволіць Расеі выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для арганізацыі ўварваньня. Аднак любая патэнцыйная пагроза патрабуе ня толькі ўвагі, але і канцэнтрацыі рэсурсаў узброеных сіл для яе ліквідацыі. Нават калі Беларусь цяпер не ўяўляе непасрэднай вайсковай пагрозы для Ўкраіны, факты няўмольныя. Палітычныя заявы Менску цяпер зьяўляюцца часткай агрэсіўнай зьнешняй палітыкі Расеі. Заява Лукашэнкі пра тое, што Крым зьяўляецца часткай Расеі, і гібрыднае ўварваньне яго рэжыму ў Латвію, Літву і Польшчу таксама нясуць адкрытую пагрозу. З гэтай пагрозай трэба змагацца. Аднак, каб не дапусьціць такога разьвіцьця падзеяў, неабходна накіраваць да беларускай мяжы адпаведную колькасьць вайскоўцаў. Цяпер мы вырашаем, дзе ўзяць гэтыя рэсурсы. Праблема ў тым, што нашы магчымасьці не бязьмежныя, таму што, беручы вайсковую сілу з аднаго месца, мы зьніжаем абароназдольнасьць на гэтай тэрыторыі. Такім чынам, гэтая дзейнасьць Беларусі наўпрост адпавядае ваенным інтарэсам Расеі».