Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-юрэ расейскі, і зьбіраецца ў Севастопаль


Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Кісялёў
Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Кісялёў

У інтэрвію расейскаму прапагандысту Дзьмітрыю Кісялёву Аляксандар Лукашэнка заявіў, што лічыць Крым расейскім, і расказаў пра пляны наведаць Севастопаль.

«Крым дэ-факта, я тады яшчэ сказаў, ня памятаю, быў ужо рэфэрэндум ці не. А пасьля рэфэрэндуму Крым і дэ-юрэ стаў расейскім. Маё наведваньне Крыму, на што я маю поўнае права, чый бы ні быў Крым. Гэта і мой Крым, упершыню на моры я пабываў у Крыме. (...) Мне прэзыдэнт (Пуцін. — РС) прапанаваў, давай калі-небудзь адскочым... Калі мы на катэры зь ім былі, на шхуне боўталіся на Чорным моры. Акурат пра гэта гаворка зайшла. Я сказаў: — Паказаў бы мне Крым. Ён кажа: — Няма пытаньняў».

Паводле Лукашэнкі, гаворка з Пуціным ішла пра падарожжа самалётам, і ўмовай Лукашэнкі было пачаць візыт зь Севастопаля.

«Калі прэзыдэнт туды прыехаў з прэзыдэнтам Расеі, то якія яшчэ могуць быць прызнаньні», — сказаў Лукашэнка.

Адказваючы на пытаньне, калі пачнуцца рэгулярныя рэйсы авіякампаніі «Белавія» зб Беларусі ў Крым, Лукашэнка спачатку сказаў, што нават ня ведаў пра адсутнасьць такіх рэйсаў, а потым заявіў, што гэта будзе зроблена «калі нам будзе трэба», бо «ў нас рукі разьвязаныя».

Пасьля анэксіі Расеяй украінскага Крыму Лукашэнка ўстрымліваўся ад прызнаньня яго дэ-юрэ расейскім, хоць і прызнаваў, што кантралюе яго РФ. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія Захад прызнаў сфальсыфікаванымі, а самога Лукашэнку нелегітымным, рыторыка афіцыйнага Менску пачала зьмяняцца.

10 лістапада міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію расейскаму агенцтву «РИА Новости» заявіў: «Пазыцыя Беларусі па Крыме застаецца такой, як і была. Мы разумеем у рэальнасьці, што Крым зьяўляецца цяпер расейскай тэрыторыяй. Давайце зыходзіць з гэтага».

У Міністэрстве замежных спраў Украіны зьвярнулі ўвагу на выказваньні міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея адносна прыналежнасьці Крыму.

«Зыходзім з таго, што афіцыйна па-ранейшаму Беларусь падтрымлівае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць нашай дзяржавы ў яе міжнародна прызнаных межах, — цытуе „Ўкраінская праўда“ заяву прадстаўніка МЗС Украіны Алега Нікаленкі. — Зьмяненьне падыходу Беларусі для дэ-юрэ прызнаньня часова акупаванага Крыму тэрыторыяй Расеі прывядзе да непапраўных наступстваў для ўкраінска-беларускіх адносінаў. Спадзяёмся, што ў Менску ўсьведамляюць гэты аспэкт і ня будуць дапускаць крокі насуперак нормам міжнароднага права».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG