Свабода сабрала гісторыі беларусаў, якія засталіся бяз працы.
«За мае штаны зь белымі і чырвонымі лямпасамі мяне звольнілі з працы»
«Я доўга не магла знайсьці працу. Праз той выпадак са штанамі, якія мелі белыя і чырвоныя лямпасы, мяне не хацелі нідзе на працу браць. Было так, што я прагулялася па горадзе ў такіх штанах. Мяне затрымалі, потым судзілі за „пікет“ і далі штраф. З працы — я працавала на пошце, доўга, з 2007-га, мяне звольнілі ў красавіку 2021 году. Начальства нічога не тлумачыла. Ды я і не пыталася. Сама ўсё выдатна разумею. Калегі перажывалі, але што яны маглі зрабіць? Выпілі кавы, зьелі торт і разьвіталіся. Паставілі ў працоўнай кніжцы, што я звольненая за прагул. Таму потым нідзе не магла працу знайсьці. Цяпер ужо ўладкавалася, хоць і не па спэцыяльнасьці».
«На дзяржаўную працу мяне ня возьмуць. Прыватнікаў у райцэнтры мала»
«Мне 30 гадоў. Працаваў у райцэнтры, сьлесарам на газавым прадпрыемстве. Шэсьць гадоў адпрацаваў. У траўні гэтага году мяне затрымалі за байку з „Пагоняй“. Адсядзеў 15 сутак. Працягнуў працаваць далей, бо законна мяне звольніць не маглі, на той момант быў у адпачынку. На пачатку лістапада, вось нядаўна, адбылася размова з начальнікам вытворчага ўпраўленьня, на якой мне сказалі, што прыйшоў вусны загад прыбраць мяне з працы. Варыянты два — пішу „пры згодзе бакоў“ ці звольняць паводле артыкулу. Выбраў першы варыянт, бо запіс у працоўнай кніжцы нікому не патрэбен.
Цяпер у пошуку працы. Бо на дзяржаўную працу мяне ня возьмуць, а прыватнікаў у нас у райцэнтры мала. Там, дзе больш-менш добры заробак, цякучкі кадраў няма, у астатніх заробак ну зусім нізкі».
«Мяне на працу настаўніцай узгаднялі ў абласной міліцыі!»
"Па адукацыі я пэдагог. Працавала выхавальніцай дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця і настаўніцай надомнага навучаньня ў цэнтры карэкцыйнага разьвіцьця. Летась у жніўні вырашыла на выбарах стаць назіральніцай. Тут адразу хачу зазначыць, што я прыняла нэўтральную пазыцыю, хацела сумленных выбараў і выкананьня закону. Вывучыла выбарчае заканадаўства і пайшла назіраць. Парушэньні былі, я пісала скаргу ў пракуратуру. Адказу не атрымала.
У сьнежні 2020-га мяне выклікалі да дырэктара і пачалася дзіўная размова. Нічога канкрэтнага, апроч просьбы, каб я напісала заяву на звальненьне. Мне абяцалі даць добрую характарыстыку, казалі, што я знайду добрую працу. Я прама задала пытаньне: гэта таму, што я была назіральніцай? Тут пачалася гістэрыка ў начальства. Ну я зразумела, што ўпірацца няма сэнсу. Цікава, што звольніцца мяне прасілі ў траўні. Сама размова была ў сьнежні. Мне працягнулі кантракт, але з умовай, што ў траўні я звольнюся.
У Цэнтры працаваць было цяжка, але дзеці і бацькі былі мной задаволеныя, былі вынікі ў дзяцей. За звальненьне я не пераймалася, бо была ўпэўненая, што знайду працу. Дэфэктолягі шмат дзе трэба. Мяне паклікалі ў адну школу. Ім быў патрэбен менавіта дэфэктоляг для надомнага навучаньня. У жніўні я прынесла ім дакумэнты, пачала плянаваньне. Намесьнік дырэктара сказала, што яшчэ будуць праверкі і ўзгадненьні — у абласным упраўленьні міліцыі і аддзеле адукацыі. Яна зазначыла, што гэта фармальнасьць. На той момант я ўжо зьвязалася з бацькамі вучаніцы, узгадніла расклад. 31 жніўня тэлефануе намесьнік дырэктара і кажа, што мяне не ўзгаднілі! Якая пашана — настаўніка надомнага навучаньня для аднаго дзіцяці з асаблівасьцямі разьвіцьця ўзгадняе міліцыя!
Я пайшла на біржу працы. Мне далі адразу шэсьць адрасоў, дзе былі патрэбны настаўнікі-дэфэктолягі. Але я зрабіла стратэгічную памылку — калі запаўняла анкету на біржы працы, то напісала, што звольнілі за тое, што была назіральніцай на выбарах. Вырашыла напісаць, як ёсьць.
Ня ведаю, ці было гэта прычынай, але ў тых шасьці месцах я атрымала адмовы. Нарэшце я знайшла працу ў адным дзіцячым садку, хоць ужо і не спадзявалася».
«Супрацоўнікі КДБ сказалі дырэктару мяне звольніць і прыслаць ім копію загаду»
«Не скажу, што я такі ўжо актывіст. Але трапіў пад „хапун“ і адсядзеў 25 сутак. Мне 23 гады. Працаваў у менскай кампаніі, займаўся замежнаэканамічнай дзейнасьцю. Сама кампанія прыватная, толькі кантрольны пакет акцый належыць дзяржаве. Таксама кампанія выконвае дзяржаўныя замовы, начальства сябруе з уладамі. Звольнілі ў канцы зімы пасьля другога затрыманьня. У той час я адбываў другія „суткі“. Аб звальненьні даведаўся пасьля вызваленьня. Але я яшчэ паваяваў. Мне напісалі артыкул „у сувязі са стратай даверу да асобы, якая адказвае за матэрыяльныя каштоўнасьці“. Я пайшоў у суд. Праз суд фармулёўку зьмянілі на „пры згодзе бакоў“.
Начальства сказала, што мяне звольнілі не па іх волі, што прыходзілі супрацоўнікі КДБ да дырэктара і пагражалі яму. Менавіта яны і сказалі, па якім артыкуле мяне звольніць і калі, і каб начальства прыслала копію загаду ім. Я ня ўпэўнены, што было менавіта так, але так калегі сказалі. Апроч таго, супрацоўнікі КДБ прынесьлі начальству яшчэ сьпіс „кандыдатаў на звальненьне“. Там мае калегі, якія таксама пападаліся па адміністрацыйных артыкулах. Пакуль іх ня звольнілі.
Я прайшоў курсы, асвойваю новую прафэсію».
«Разам са мной каля дваццаці чалавек звольнілі, па рэспубліцы нашмат больш»
«Мне 32 гады. Скончыла мэдыцынскі ўнівэрсытэт. Працавала судмэдэкспэртам. Пасьля дэкрэтнага водпуску ў кастрычніку 2020-га выйшла на працу. «Каюся» — у жніўні і верасьні выходзіла на мірныя акцыі пратэсту, спрабавала дапамагаць пацярпелым. Мяне абурала, што ў той час у нашым камітэце адмянілі платныя экспэртызы! Бо людзі хацелі самастойна, хай платна, зьняць пабоі, а гэта на той момант забаранілі. Калегі сказалі, што быў загад зьверху.
Калі выйшла ў кастрычніку на працу, то было такое адчуваньне, што я нешта магу зьмяніць, нечым дапамагчы людзям. Але з часам гэтае адчуваньне разышлося. Прыходзілі пацярпелыя ад міліцыі, праз значны час. Пыталася, чаму раней не прыйшлі. А яны баяліся, бо як яны маглі зьвярнуцца па накіраваньне на экспэртызу туды, дзе іх білі?
Час ішоў. Начальства езьдзіла да «вышэйшага» начальства і потым нам перадавала, каб нікуды не выходзілі, не выказваліся, раілі чысьціць тэлефон і сацыяльныя сеткі. Я сваёй пазыцыі ня ўтойвала. Я казала: як мая пазыцыя можа ўплываць на маю працу, на экспэртызы?
У сталіцы сьпісы «нядобранадзейных» прыйшлі раней, чым у нас. Потым прыйшлі сьпісы і на нас. Наколькі я ведаю, з «нашых» трапілі пад звальненьне каля дваццаці чалавек. Да мяне прыйшоў начальнік. Сказаў, што я ў сьпісах на звальненьне. Сказаў, што ня ведае, па якім прынцыпе туды траплялі людзі. Нам прапанавалі пісаць на звальненьне па асабістым жаданьні. Ніхто не казаў, за што менавіта звальняюць. Потым прынесьлі другі сьпіс на людзей. Людзі з другога сьпісу ня ўсе былі звольненыя. Частка звольнілася, а частка напісала тлумачальныя і пакуль працуе.
Я ўсё не пісала заяву, цягнула з гэтым. Але да майго начальніка прыйшлі з аддзелу кадраў і «асабіст». На мяне была каманда «фас». Намесьнікам начальніка майго аддзелу сказалі пісаць на мяне дакладныя запіскі. Значыць, каб не сышла сама, то прыбралі бы любымі іншымі спосабамі. Ім далі тэрмін — да 15 лістапада з усімі намі разьвітацца. Цяпер я беспрацоўная. Маці з траімі дзецьмі — так сабе кандыдатура на рынку працы. Буду асвойваць новую прафэсію.
Я так думаю, што звальнялі тых па сьпісах, хто, можа быць, ставіў подпісы за Віктара Бабарыку. Гэта ў нас такое склалася ўражаньне пасьля размоў паміж сабой».
«Іграла на саксафоне і клярнэце, цяпер працую на будоўлі»
«Мне 22 гады. Завуць Кацярына Ляўчынская. Працавала ў Ваўкавыску, у дзіцячай школе мастацтва. Выкладала ігру на саксафоне і клярнэце. Адпрацавала там два з паловай гады. Удзельнічала ў акцыях, сядзела на „сутках“ тры разы. Пасьля кожных „сутак“ дырэктару тэлефанавалі з пракуратуры і казалі, чаму мяне дагэтуль не звольнілі. Потым я напісала заяву, што далучаюся да страйку... На мяне завялі крымінальную справу за нейкія надпісы на плоце.
Гэта было 4 сьнежня 2020 году. У той жа дзень я паехала ў Польшчу. Празь некалькі дзён у школу прыйшлі з райвыканкаму, сабралі пэдагагічную раду і настойвалі, каб усе работнікі падпісалі акт аб маім звальненьні за прагулы.
Цяпер я амаль год у Польшчы. Працую на будоўлі. Цяжка, але я прывыкла. Брала неяк рэпэтытарства, але пры благім веданьні польскай мовы цяжка тлумачыць нешта дзецям. Ды і на будоўлі нашмат больш грошай. Я ні пра што не шкадую. Каб магла вярнуцца, рабіла бы тое самае».
Дзе цяпер праходзяць «чысткі»
Як паведамляюць чытачы Свабоды, цяпер адбываюцца звальненьні людзей:
- у Гомельскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя;
- на прадпрыемствах Нясьвіскага раёну («старшыня выканкаму выдае кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый сьпісы людзей, абавязковых да звальненьня»);
- на прадпрыемстве і раённых філіялах «Гомельэнэрга»;
- у філярмоніях, музэях, тэатрах і галерэях у Менску і рэгіёнах;
- на прадпрыемствах і арганізацыях Кармянскага раёну;
- у гарадзкім шпіталі Мазыра;
- на дзяржаўных прадпрыемствах і ў арганізацыях у Хойніках.
Сьпіс далёка ня поўны.