Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці скончыўся страйк, які абвясьціў Дылеўскі. Высьветлілі


Пратэст рабочых, Менск, жнівень 2021 г.
Пратэст рабочых, Менск, жнівень 2021 г.

Месяц таму лідэр Беларускага аб’яднаньня рабочых Сяргей Дылеўскі абвясьціў пра пачатак рабочага страйку. Празь дзень ён паведаміў, што ад 10% да 30% рабочых адсутнічалі на працоўных месцах. Што зьмянілася за месяц?

Першыя некалькі дзён ад абвяшчэньня страйку Дылеўскі казаў, што «ўсё ідзе ў рамках пляну». Але пасьля пачатку мігранцкага крызісу, калі ўвага СМІ сканцэнтравалася на падзеях на беларуска-польскай мяжы, тэма забастоўкі зьнікла. Амаль не паведамлялі пра яе і самі ініцыятары.

Ці скончыўся страйк?

Пра тое, як сытуацыя са страйкам выглядае сёньня, расказала Свабодзе прэс-сакратарка Беларускага аб’яднаньня рабочых Вольга Катовіч. На пытаньне, ці скончыўся страйк, паплечніца Сяргея Дылеўскага адказала:

«Насамрэч, не. Гэта бестэрміновы страйк, які будзе працягвацца да той пары, пакуль ня будуць выкананыя патрабаваньні працоўных. Гэта наватарская забастоўка. Для працоўных зроблена ўсё максымальна бясьпечна», — кажа Вольга Катовіч.

«Сума непрацоўнага насельніцтва», на яе думку, цяпер нават большая, чым на пачатку лістапада. Тады Дылеўскі называў лічбу — да 30% ад актыўных рабочых.

«Калі ўлічваць, колькі людзей звольнілі, то лічба стала большай. Да гэта дадаюцца тыя, хто цяпер на бальнічным. Мэдыкі кажуць, што „омікрон“ ужо ў Беларусі, былі мігранты з паўднёвай Афрыкі. Нам мэдыкі сказалі, што ён, хутчэй за ўсё, быў у Беларусі ўжо да таго, як пра яго пачалі гаварыць у САЗ. Можна меркаваць, што хваля каранавірусу будзе яшчэ большая».

Катовіч кажа, што на многіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах рабочых адпраўлялі ў адпачынкі за свой кошт. Яны працягваліся нават да месяца. Да іх яна дадае і тых рабочых, якія мусілі зьехаць зь Беларусі.

«Мы на мяжы крытычнай масы, гаворка ідзе амаль пра 50% насельніцтва», — лічыць прэс-сакратарка Беларускага аб’яднаньня рабочых Вольга Катовіч.

Ці не стварылі ініцыятары страйку паралельную рэальнасьць?

Заявы Дылеўскага пра страйк і колькасьць яго ўдзельнікаў крытыкавалі ня толькі праўладныя прапагандысты, але і апанэнты ўлады. Яны абвінавачвалі Беларускае аб’яднаньне рабочых у агучваньні фэйкавых лічбаў і стварэньні паралельнай рэальнасьці.

«Калі ім прасьцей у гэта верыць, то канечне. Але мы ведаем, што яны ў дадзенай сытуацыі павінны абараняцца, даказваць, што ўсё добра. Калі „Гомсельмаш“ сыходзіў у бясплатны адпачынак пасьля ўборачнай, то яны ў той жа дзень пабеглі здымаць, што гэта не забастоўка. Значыць, яны баяцца», — кажа Катовіч.

Калі страйк скончыцца?

Прэс-сакратарка Беларускага аб’яднаньня рабочых кажа, што рашэньне пра выхад са страйку кожны рабочы прымае самастойна, бо робіць гэта найперш для сябе.

«Магчыма, спатрэбіцца нейкі новы імпульс, бо многім недастаткова проста застацца дома, і яны хочуць бачыць пэрспэктыву. Мы ўжо рыхтуем новы крок, і хутка будзе пра гэта абвешчана. Але абвяшчаць дэманстрацыі мы ня можам. Мы ня хочам рызыкаваць жыцьцямі людзей. Калі б мы фізычна знаходзіліся ў Беларусі, то маглі б сабе гэта дазволіць, бо выйшлі б разам зь імі. Цяпер мы ня можам іх падстаўляць. Калі ім зручней узяць бальнічны, чым сысьці ў адпачынак, ці звольніцца, паехаць на лецішча або сысьці ў запой, гэта іх выбар. Наша задача — застацца дома. Як? Няважна».

Мэта страйку, як кажа Катовіч, — абвастрыць сытуацыю і прымусіць уладу да перамоваў.

«Мы разьлічваем не на Лукашэнку, а на яго акружэньне. Бо гэтае акружэньне будзе здаваць яго ў першую чаргу, калі пабачыць, што ён не стаіць на нагах», — кажа прэс-сакратарка Беларускага аб’яднаньня рабочых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG