Дата дня
30 лістапада 1899 году нарадзіўся беларускі пісьменьнік Міхась Лынькоў. Лынькоў увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як аўтар апавяданьняў і аповесьцяў для дзяцей. Сярод іх кнігі «Пра сьмелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», «Міколка-паравоз» і іншыя.
У гэты дзень год таму
У Менску прайшоў «Марш мудрасьці»: людзі сталага веку дзявяты раз сабраліся на марш пратэсту супраць гвалту і беззаконьня.
Таксама ў гэты дзень
1595 — казацкі атрад Налівайкі авалодаў Магілёвам.
1700 — адбылася бітва пад Нарвай, у якой дзевяцітысячнае войска Карла XII разьбіла нашмат буйнейшае войска Пятра I.
1939 — пачалася савецка-фінская вайна 1939–1940 гадоў.
1952 — заснаваны Дзяржаўны акадэмічны хор Беларусі імя Цітовіча.
1988 — СССР перастаў глушыць Радыё Свабода.
1993 — урочышчу Курапаты быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі.
У гэты дзень нарадзіліся
1835 — Марк Твэн, амэрыканскі пісьменьнік.
1874 — Уінстан Чэрчыль, брытанскі палітык.
1895 — Андрэй Блажэвіч, беларускі актор
У памяці
1900 — памёр Оскар Уайльд, ірляндзкі пісьменьнік.
1991 — памёр ксёндз Вацлаў Пянткоўскі.
За савецкім часам у Закарпацьці сябры зьвялі мяне зь біскупам забароненай і загнанай у падпольле Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы. У сваім «паралельным» легальным жыцьці ўладыка працаваў таксістам. Гэта было шматгадовае служэньне Госпаду з штодзённай рызыкаю ператварыцца ў палітвязьня.
На жаль, мне не пашчасьціла сустрэцца зь беларускім каталіцкім сьвятаром Вацлавам Пянткоўскім, подзьвіг якога меў сувымерны маштаб.
Атрымаўшы выдатную адукацыю ў Рыме, ён у перадваенныя 1930-я гады служыў прэфэктам наваградзкай гімназіі імя Адама Міцкевіча.Пасьля Другой усясьветнай айцец Вацлаў нёс парафіянам слова Божае ў Івянцы і Рубяжэвічах, а потым быў прызначаны пробашчам касьцёла ў вёсцы Мядзьведзічы Ляхавіцкага раёну.
У 1950-м «агента Ватыкану» й агітатара супраць калгасаў этапавалі ў казахстанскія лягеры. У сваю парафію, дзе ніхто зь вернікаў ня даў паказаньняў на пробашча, ён вярнуўся падчас хрушчоўскай адлігі. Усё касьцёлы ва ўсходняй Беларусі тады былі зачыненыя. На колішніх заходнебеларускіх землях адчуваўся востры недахоп каталіцкіх сьвятароў. Між тым сэмінарыі былі толькі ў Коўне і Рызе.
У такіх умовах ксёндз Пянткоўскі адважыўся на вельмі небясьпечны крок. У сямідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя ён адчыніў падпольную
сэмінарыю ў сваім доме. Кабінэт ператварыўся ў аўдыторыю, пісьмовы стол — у прафэсарскую катэдру, арган замяняла фісгармонія. У праграме заняткаў былі гісторыя Касьцёла, кананічнае права, этыка, замежныя мовы, філязофія...
Юнакі, якія імкнуліся стаць сьвятарамі, прыяжджалі ў Мядзьведзічы, слухалі лекцыі айца Вацлава і бралі ўдзел у набажэнствах. Наступнымі этапамі былі экзамэны, якія выхаванцы Пянткоўскага таемна здавалі камісіі зь некалькіх ксяндзоў, і своеасаблівая «практыка» ў храмах.
Каб ня быць абвінавачанымі ў дармаедзтве, сэмінарысты працавалі ў Ляхавічах качагарамі.
За пяць гадоў нелегальная сэмінарыя падрыхтавала дзесяць сьвятароў. Сярод вучняў Вацлава Пянткоўскага быў Антоні Дзям’янка, які зьявіўся ў Мядзьведзічах сямнаццацігадовым юнаком. Сёньня ён — біскуп Пінскай дыяцэзіі. Тамсама служыць яшчэ адзін выхаванец ксяндза Вацлава — біскуп Казімер Велікаселец.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне
2017 — памёр намесьнік рэдактара «Народнай Волі» Іван Макаловіч.