Падзеі 26 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
26 лістапада 1930 году ў Воршы нарадзіўся клясык беларускай літаратуры Ўладзімер Караткевіч. Караткевіч — ня толькі аўтар паэтычных і драматургічных твораў, а яшчэ і першаадкрывальнік жанру гістарычнага дэтэктыву ў беларускай літаратуры.
20 незвычайных фактаў пра Ўладзімера Караткевіча
Ліст ад яго з водгукам на адно зь першых маіх апавяданьняў — самая дарагая «адзінка захоўваньня» ў хатнім архіве. Дзякуючы таму, поўнаму авансаў лісту, мая першая кніжка была без ваганьняў названая па адрэцэнзаваным мэтрам юначым опусе пра юначае каханьне. На жаль, я ўжо не пасьпеў падпісаць адрасанту аўтарскі асобнік.
Пахаваньне запомнілася вострым да фізычнага болю адчуваньнем велізарнай страты — ня толькі выдатнага пісьменьніка, але і асабіста блізкага чалавека. У разьвітальным слове Генадзь Бураўкін назваў Караткевіча апосталам нацыі, і ў гэтым не пачулася перабольшаньня.
Памятаю, калі ў продажы зьявіўся новы зборнік ягонае прозы, у нас на гістфаку БДУ сарвалася лекцыя: амаль увесь курс, не згаворваючыся, рушыў у кнігарню.
Творы Караткевіча ня проста вярталі нам эўрапейскае мін улае на шае зямлі. Караткевіч вяртаў Радзіму, падводзіў да «моманту ісьціны».
Мы пачыналі разумець, што з народам, пазбаўленым памяці, можна рабіць са мы я злачынны я сацыяльныя і палітычныя экспэрымэнты.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 350–351.
Год таму ў гэты дзень
- Улады зьмянілі правілы пажарнай бясьпекі, каб забараніць вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў.
- Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў падтрымаў Аляксандра Лукашэнку на сустрэчы ў Менску.
- Эўрапейскі парлямэнт асудзіў няспынныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і, у прыватнасьці, забойства Рамана Бандарэнкі.
Таксама ў гэты дзень
1812 — падчас Расейска-францускай вайны пачалася бітва на Бярэзіне. У выніку бітвы войска Напалеона Банапарта атрымала паразу. Слова bérézina дагэтуль ужываецца французамі ў значэньні вялікіх непрыемнасьцяў.
1917 — быў утвораны Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласьці і фронту, першы заканадаўчы орган Саветаў у Беларусі.
1943 — падчас Другой усясьветнай вайны ад нямецкай акупацыі быў вызвалены першы беларускі абласны цэнтар — Гомель.
1994 — створана аб’яднаньне беларусаў Масквы «Бацькаўшчына».
1996 — апошні расейскі ядзерны боезарад, які заставаўся за межамі Расеі, быў выведзены з тэрыторыі Беларусі.
У гэты дзень нарадзіліся
1799 — Міхаіл Кулеша, мастак, літограф.
1805 — Яўстах Янушкевіч, беларускі кнігавыдавец і адзін з арганізатараў паўстаньня 1830–1831 гадоў.
1837 — Міхаіл Эльвіра Андрыёлі, мастак, ілюстратар, удзельнік паўстаньня 1863 году.
1891 — Ян Станкевіч, беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзяяч.
Ня думаю, што кіраўніцтва Віленскай духоўнай сэмінарыі зьмяніла б сваю пастанову аб выключэньні навучэнца Янкі Станкевіча «за агрэсіўную беларускасьць», каб даведалася, што якраз гэты юнак некалі стане аўтарам першага ў гісторыі поўнага беларускага перакладу Бібліі (Нью-Ёрк, 1973).
Паміж разьвітаньнем з сэмінарыяй і пахавальнай працэсіяй у амэрыканскім Іст-Брансўіку былі знаёмства з Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім і Максімам Гарэцкім, супрацоўніцтва з «Нашай Нівай», удзел у вырашальнай сэсіі Рады БНР 24–25 сакавіка 1918 году, абароненая ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе (адкуль ён прывёз у Вільню жонку, чэшку Марыю) доктарская дысэртацыя — дасьледаваньне Аль-Кітабаў, абраньне паслом у Польскі сойм (і, вядома, славутая віленская турма на Лукішках), стварэньне ў гады нямецкае акупацыі падпольнай Партыі беларускіх нацыяналістаў, выкладаньне гісторыі ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне, заснаваньне ў ЗША Вялікалітоўскай (Беларускай) Фундацыі імя Льва Сапегі, якой Станкевіч адпісаў усе свае грошы і маёмасьць, каб дапамагаць выдавецкай дзейнасьці й разьвіцьцю беларусазнаўства праз фундаваньне стыпэндыяў для студэнтаў і навукоўцаў.
У восемдзесят два гады ён нарэшце ўбачыў свой выдрукаваны, гістарычна першы поўны пераклад Сьвятога Пісаньня.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 308–309.
1901 — Антон Янкоўскі, беларускі народны сьпявак, зьбіральнік фальклёру.
1901 — Эжэн Ёнэско, францускі драматург.
1909 — Ядвіга Каханоўская, дзяячка беларускай эміграцыі ў ЗША.
Вы ўяўляеце, як прыемна вадроўніку зь Беларусі, што ўсяго на тыдзень прыехаў у ЗША, выпадкова сустрэць на ранішнім Мангэтане добрую знаёмую?
Асабліва калі яна — родная пляменьніца Івана й Антона Луцкевічаў і бабуля сьпевака Данчыка Яніна Каханоўская, якую, маленькую, вазіў на сабе «конік» Максім Багдановіч.
Яе мама Эмілія хадзіла ў тую самую школу, што і царскія дочкі.
Яніна вучылася ўжо ў савецкай школе, але беларуская незалежніцкая атмасфэра ў сям’і зводзіла на нішто ўсе спробы ідэалягічных прышчэпак.
Апынуўшыся ўлетку 1950-га ў нью-ёрскім Гарлеме, Яніна ня ведала ні слова па-ангельску імусіла зарабляць на жыцьцё цяжкай працай, але, паводле ейных словаў, тысячы кілямэтраў, што аддзялялі яе ад віжоў, арыштаў і начных расстрэлаў, былі больш чым дастатковаю кампэнсацыяй.
Напэўна, я яшчэ не сустракаў на сваім шляху жанчыны, яка я ўмела б мацней за спадарыню Яніну любіць і шанаваць жыцьцё й цаніць усе яго вялікія й маленькія радасьці.
Яна мела багатае рамантычнае мінулае.
Яна сябравала з Натальляй Арсеньневай.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 544–545.
1961 — Віктар Асьлюк, беларускі кінадакумэнталіст.
У памяці
1855 — памёр паэт Адам Міцкевіч. Удзельнічаў у нацыянальна-вызваленчым руху супраць Расейскай імпэрыі, быў сябрам Таварыства філяматаў.
Літаратары называюць Міцкевіча адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Пісьменьнік вядомы перадусім сваімі балядамі, паэтычнымі апавяданьнямі, драмай «Дзяды» і паэтычнай эпапэяй «Пан Тадэвуш», якая прызнаная апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры.
Безь непарыўна ўкаранёных у нашую гісторыю і культуру «Дзядоў», «Пана Тадэвуша», дзясяткаў паэмаў, балядаў, вершаў Адама Міцкевіча беларуская літаратура была б іншай. Гэта маглі б засьведчыць Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Францішак Багушэвіч, Янка Купала і Якуб Колас. Ну, а Ўладзімер Караткевіч у прысьвечаным Міцкевічу эсэ, наўпрост зьвяртаючыся да выбітнага папярэдніка, сказаў: «Мяне ты зрабіў паэтам…»
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 52–53.
1864 — памёр Тэадор Нарбут, беларускі гісторык.
2007 — памёр Ізяслаў Бруцкі, мітрапаліт і першагерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
2017 – памёр паэт Алесь Каско.