У самым пачатку 1966 году ў Менску забілі маладога пісьменьніка Ігара Хадановіча. Забілі за тое, што ён размаўляў па-беларуску. Яму было 25 гадоў.
Вось як пра гэта ў сваім дзёньніку напісаў Уладзімер Караткевіч:
«У адзін з тых дзён хавалі бедалагу Ігара Хадановіча. Таленавіты хлопчык, бедны хлопчык. Няшчасны лёс... Гэтая свалата, якая забіла яго, і словы яе: „Раечка, подожди, я тут одного пшека научу говорить по-русски“ стаяць у вушах. І вось свалоце, забойцу дадуць максымум восем год, а чалавеку, які абяцаў расьцьвісьці ў неабыякога празаіка, — магіла.
Я люблю людзей, але менавіта таму гэткіх, як тое быдла, што гаспадарыць у нашым горадзе, ды яшчэ ногі на стол кладзе, — я прылюдна вешаў бы. Зьбіць, а пасьля вярнуцца з бандай яшчэ раз, наваліцца на сплываючага крывёй і дабіць».
І троху ніжэй пра маці пісьменьніка:
«Ваенная ўдава. Вырасьціла сірату ад немаўляці да чалавека, добрага хлопца, мужа, пісьменьніка. І ўсё дзеля таго, каб тупое быдла, якое ўлезла да суседа, жарэ ў ягонай хаце, ды яму ж на стол і с..., — узяло ды забіла».
Уладзімер Караткевіч, як бачым, быў перакананы (магчыма меў такую інфармацыю?), што беларускага пісьменьніка забілі менавіта прыхадні-расейцы.
А я, калі прачытаў гэтыя радкі, задумаўся. Як мянчук я дакладна ведаю, што ў 50-60-я гады карэнныя расейскамоўныя менчукі зь вялікай пагардай ставіліся да тых, хто размаўляў зь беларускім акцэнтам, і ўсіх выхадцаў з Заходняй Беларусі называлі «пшэкамі».
А ў канцы 70-х — пачатку 80-х гадоў, якія памятаю ўжо сам, у раёне Аўтазаводу і Паўночнага пасёлку ішлі крывавыя бойкі паміж гарадзкімі хлопцамі і жыхарамі заводзкіх інтэрнатаў — нядаўнімі вяскоўцамі. І прычына была толькі адна — «калхозная мова», «калхозны акцэнт» інтэрнацкіх «крестов» — так іх называлі ва ўсім Менску. Бойкі былі жудасныя і бязьлітасныя, да калецтва. Ня раз «хуткая» забірала зьбітых былых вяскоўцаў з вуліцы Енісейскай, дзе было адразу тры інтэрнаты, або і з танцаў «на фае» — так называлася гэтае мерапрыемства ў Палацы культуры МАЗу. У некага ад пабояў аднялася нага, некаму выбілі вока і т.д.
У прынцыпе, усю сярэдзіну і другую палову ХХ стагодзьдзя карэнныя менчукі размаўлялі па-расейску і ненавідзелі беларускую мову, нават беларускае вымаўленьне.
Менск, такім чынам, вельмі хутка вытвараў з былых беларускамоўных вяскоўцаў расейскамоўных беларусаў. І Караткевіч гэта ня толькі разумеў, але і адчуваў сваёй беларускай істотай. Некалькі абзацаў вышэй, перад развагамі пра сьмерць Ігара Хадановіча, ён напісаў пра Менск:
«Не хацелася ісьці ў Гудагай, не хацелася і ехаць чацьвёртага вечарам у Менск. Зноў гэты горад, чужы мне і большасьці сяброў, горад, у якім многа яшчэ трэба пабудаваць, каб ён стаў, сапраўды, сэрцам. Дый ці пабудуеш яшчэ? Пакуль тое, пальму трымае Вільня».*
Хацелася б памыляцца, але думаю, што ў нашы дні, як і пяцьдзесят гадоў таму, ва Ўладзімера Караткевіча было б ня менш падставаў не любіць Менск.
У кожным выпадку, тыя, хто ведаў Ігара Хадановіча і цяпер яшчэ жыве ў Менску, сьцьвярджаюць, што забойцы не былі прыежджымі расейцамі — гэта была звычайная менская расейскамоўная шпана.
Даведка:
Інфармацыю пра Ігара Хадановіча даюць абедзьве вэрсіі беларускай Вікіпэдыі: «Ігар Піліпавіч Хадановіч (10 чэрвеня 1940, в. Шпількі, Койданаўскі раён, Менская вобласьць, БССР — 9 студзеня 1966, Менск, БССР) — беларускі празаік, паэт. У 1957 годзе паступіў на аддзяленьне журналістыкі філялягічнага факультэту БДУ. У 1962 годзе пад канец вучобы быў залічаны на працу ў рэдакцыю газэты «Чырвоная зьмена». З 1963 году працаваў у Менскім абкаме камсамолу. У 1964–1966 гадах — у газэце «Літаратура і Мастацтва». Трагічна загінуў у студзені 1966 года ад рукі бандыта. Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску. Пасьмяротна выйшла кніга апавяданьняў «За акном дождж» (1967) і «На досьвітку. Апавяданьні, нарысы, з запісных кніжак і пісьмаў» (1986).
* Цытаты зь дзёньніка Ўладзімера Караткевіча даюцца паводле публікацыі ў №78 часопісу "Дзеяслоў".
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.