Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд аб «узломе» кампутарнай сыстэмы Менскага гарвыканкаму зрабілі закрытым


Палітзьняволеныя Аляксей Самусенка, Кім Самусенка, Іван Андрушойць, Павал Дрозд.
Палітзьняволеныя Аляксей Самусенка, Кім Самусенка, Іван Андрушойць, Павал Дрозд.

У судзе Заводзкага раёну Менску 24 лістапада пачаўся разбор справы «аб узломе кампутарнай сыстэмы Менгарвыканкаму».

На лаве падсудных чатыры палітычныя вязьні, якіх трымаюць пад вартай ужо больш за год. Гэта браты Кім і Аляксей Самусенкі, Павал Дрозд, Іван Андрушойць.

Іх дзеяньні кваліфікаваныя паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 350, ч. 1 (мадыфікацыя кампутарнай інфармацыі)
  • арт. 352 (неправамернае завалоданьне кампутарнай інфармацыяй)
  • арт. 354, ч. 1 (выкарыстаньне шкоднасных кампутарных праграмаў)
  • арт. 342, ч. 1 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак)
  • арт. 341 (псаваньне маёмасьці ў грамадзкіх месцах)
  • арт. 293, ч.1 і арт. 13, ч. 2 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

Справу разглядае судзьдзя Жанна Хвойніцкая. Як адзначае праваабарончы цэнтар «Вясна», суд зрабілі закрытым праз «матэрыялы, якія складаюць дзяржаўную таямніцу».

32-гадовага чальца рады грамадзкага руху «Дзея» Кіма Самусенку затрымалі летась 3 лістапада паводле падазрэньня ва ўзломе кампутарнай сыстэмы Менгарвыканкаму (ч. 2 арт. 349 КК) і дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).

Пасьля жорсткага ператрусу, які суправаджаўся стрэламі ў доме і прымяненьнем фізычнай сілы, праваахоўнікі забралі ўсю тэхніку гаспадароў, зарэгістраваную паляўнічую зброю, грошы, нацыянальныя сьцягі Беларусі і Ўкраіны ды іншае.

Праз два дні быў затрыманы і брат Кіма, 33-гадовы Аляксей. Ён эканаміст, працаваў у сетцы фірмаў, якія займаюцца вырабамі з плястыку. Таксама па гэтай справе ўзялі 35-гадовых Паўла Дразда і Івана Андрушойця.

Паводле сьледзтва, у кастрычніку і лістападзе мінулага году абвінавачаныя «з дапамогай шкоднаснага праграмнага забесьпячэньня атрымалі доступ да кампутарных сыстэмаў Менгарвыканкаму і ГУУС Менгарвыканкаму, што пацягнула за сабой парушэньне працы дзяржорганаў, а таксама скапіявалі і выдалілі файлы ці ўнесьлі ў іх ілжывую інфармацыю».

Таксама выяўлена, што мужчыны бралі ўдзел у масавых мерапрыемствах, якія адбываліся ў Менску ад жніўня да лістапада 2020 году, спалучаных з «блякаваньнем дарог і непадпарадкаваньнем прадстаўнікам улады».

Адпачатку супраць фігурантаў пачалі справу паводле ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, учынены групай асобаў паводле папярэдняй змовы), аднак спынілі праз уступленьне ў сілу закону, які ліквідаваў каральнасьць дзеяньняў.

Падтрымаць палітычных вязьняў лістамі і паштоўкамі можна па адрасе:
СІЗА-1, 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG