Аляксандар Лукашэнка ня выключыў, што пераход улады да Ўсебеларускага народнага сходу (УНС), зацьверджаны ў Канстытуцыі Беларусі ў лютым 2022 году, пагражае двоеўладзьдзем.
Як адзначаецца на ягоным афіцыйным сайце, з гэтай нагоды Лукашэнка сабраў пасяджэньне прэзыдыюму Ўсебеларускага народнага сходу.
«Я павінен сказаць, што мяне вельмі турбуе ў частцы Ўсебеларускага народнага сходу. Нам трэба вырашыць галоўнае пытаньне, можа нават ня вырашыць, яно вырашана ў Канстытуцыі. Мы ўсе павінны разумець, што УНС нікому не павінен перашкаджаць працаваць. УНС не павінен ўціскаць іншыя органы ўлады, бо мы створым самі сабе праблемы», — сказаў Лукашэнка.
Асноўную пагрозу ён зьвязаў з тым, што ў будучыні кіраўнік УНС і прэзыдэнт могуць быць дзьвюма рознымі асобамі, і гэта можа прывесьці да «вялікіх праблем».
«Яшчэ раз паўтараю: ніякага дубляваньня, ніякага ціску. УНС павінен заняць сваё месца», — заявіў ён.
Лукашэнка паведаміў, што цяпер рыхтуецца тэкст указу, накіраваны на павышэньне статусу старшыняў выканаўчых камітэтаў «у мэтах узмацненьня іх ролі ў разьвіцьці рэгіёнаў».
«Нам патрэбны вычарпальны дакумэнт. У старшыні райвыканкама ён павінен як настольная кніга ляжаць. Старшыня ёсьць старшыня. Ён павінен займацца ўсім. Нічога страшнага, калі ён у нейкім сэнсе будзе прызначаць, зацьвярджаць, узгадняць кіраўнікоў прыватных структур. Тады і ўплыў у іх будзе», — сказаў Лукашэнка. Яго працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА.
На пасяджэньні прэзыдыюму Ўсебеларускага народнага сходу Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць яшчэ адно пытаньне за зачыненымі дзьвярыма.
«Яно [пытаньне] не павінна быць таямніцай, але мы яго будзем пакуль так абмяркоўваць. Потым праінфармуем журналістаў і наша грамадзтва. Асабліва вось у гэты пэрыяд электаральны, ды і ўвогуле пасьля выбараў. Я вас праінфармую і ўнясу свае прапановы», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
- Паводле абноўленай рэдакцыі Канстытуцыі, афіцыйна прынятай на рэфэрэндуме ў лютым 2022 году, УНС — «найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладзьдзя». Максымальная колькасьць дэлегатаў УНС — 1200, тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Пасяджэньні УНС павінны праводзіцца не радзей як адзін раз на год.
- УНС будзе зацьвярджаць асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі; у яго будзе права заканадаўчай ініцыятывы, ён зможа прапаноўваць зьмены і дапаўненьні ў Канстытуцыю, разглядаць пытаньне пра легітымнасьць выбараў, прапаноўваць рэфэрэндумы ды іншае.
- УНС таксама можа прымаць рашэньне аб зьняцьці з пасады прэзыдэнта Беларусі, калі той сыстэматычна ці груба парушае Канстытуцыю Беларусі альбо ўчыніў дзяржаўную здраду ці іншае цяжкае злачынства. УНС таксама мае права ўвесьці ў Беларусі надзвычайнае ці ваеннае становішча ў выпадку бязьдзеяньня прэзыдэнта.
- Пры гэтым у новай рэдакцыі Канстытуцыі няма забароны для Аляксандра Лукашэнкі адначасова займаць і пасаду прэзыдэнта, і пасаду старшыні УНС.
- Калі іншыя інстытуты ўлады (прэзыдэнт, Палата прадстаўнікоў, мясцовыя саветы) хаця б фармальна выбіраюцца, то ва Ўсебеларускі народны сход няма прамых выбараў.
Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае
Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?
З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:
- прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
- са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
- вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
- прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.
Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»
Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.
Сярод іх:
- «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
- зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
- прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
- прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі
- Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
- Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
- Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
- З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.
«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі
- Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
- Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
- Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».
Форум