Коратка расказваем некаторыя факты зь ягонай біяграфіі.
Продкі са Шклова
Стыў Розэнбэрг нарадзіўся ў 1968 годзе ў брытанскім горадзе Эпінг, вырас у Чынгфардзе на поўначы Лёндана.
Прадзед Розэнбэрга Хаім Гнесін быў са Шклова. 18 ліпеня 1894 году ва ўзросьце 24 гадоў ён пакінуў Расейскую імпэрыю праз балтыйскі порт Лібаву (цяперашняя Ліепая), каб перабрацца ў Вялікую Брытанію.
Будучы журналіст зацікавіўся радзімай прадзеда ў 13 гадоў.
А ў Шклове ён пабываў у 1990 годзе.
Скончыў спэцыяльнасьць «русістыка», працаваў выкладчыкам расейскага ўнівэрсытэту
У 1991 годзе Стыў Розэнбэрг скончыў Унівэрсытэт Лідса па спэцыяльнасьці «русістыка» і адправіўся ў Маскву. Першапачаткова ён уладкаваўся працаваць выкладчыкам ангельскай мовы ў Расейскі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт. Але неўзабаве прыйшоў у маскоўскую рэдакцыю амэрыканскага канала CBS. Там журналіст правёў шэсьць гадоў — спачатку працаваў перакладчыкам, затым асыстэнтам прадусара, і ўрэшце атрымаў пасаду прадусара. З 1994 па 1996 год Стыў у складзе здымачнай групы асьвятляў вайну ў Чачні.
На працягу кар’еры Стыў не забываўся пра сваіх продкаў.
«Я ніколі ня знаў свайго прадзеда, але мне ня раз было цікава, што ён думае пра тое, што ўсе гэтыя гады ягоны праўнук жыве і працуе ў Маскве», — казаў Розэнбэрг 2 гады таму.
На BBC — з 1997 году. Асьвятляў захоп школы ў Беслане, крушэньне «Курска», тэракт у тэатры на Дуброўцы
У 1997 годзе Розэнбэрг стаў прадусарам маскоўскага бюро BBC, а праз тры гады — карэспандэнтам тэлеканала ў Маскве. Ён асьвятляў крушэньне падводнай лодкі «Курск», тэракт у тэатры на Дуброўцы і захоп закладнікаў у школе ў Беслане.
У 2003 годзе Розэнбэрг узяў інтэрвію ў расейскага алігарха Рамана Абрамовіча.
У пэрыяд з 2006 па 2010 год Стыў Розэнбэрг быў карэспандэнтам BBC у Бэрліне, аднак пазьней вярнуўся на ранейшую пасаду ў Маскве.
Ва Ўкраіне забаранялі ўезд у краіну на падставе працы, якая «пагражала нацыянальным інтарэсам»
Праца Стыва Розэнбэрга над «вострымі» тэмамі мела для яго і ягонай каманды розныя наступствы.
Так, пасьля пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе ў 2014-м Розэнбэрг у Астрахані размаўляў зь сястрой расейскага салдата. Жанчына расказала, што яе брат загінуў падчас ваенных вучэньняў «на мяжы з Украінай».
Пасьля гэтага інтэрвію на Стыва і ягоную здымачную групу напалі невядомыя.
Карэспандэнтаў зьбілі, а іх тэхніку зьнішчылі.
І хоць расейскае МУС завяло крымінальную справу па факце здарэньня, асобаў, якія напалі на журналістаў, так і не знайшлі.
Некалькі год таму Стыву Розэнбэргу і яшчэ некалькім журналістам урад Украіны забараніў уезд у краіну, убачыўшы ў іх працы «пагрозу нацыянальным інтарэсам» і прапаганду «тэрарыстычнай дзейнасьці». Аднак працягнуліся абмежаваньні нядоўга.
Пасьля таго як BBC назвала забарону «ганебным нападам на свабоду СМІ», ужо празь дзень украінскія ўлады яе адмянілі.
Фанат Эўрабачаньня, граў на піяніна Гарбачову
Розэнбэрг — фанат Эўрабачаньня, ён асьвятляў гэты конкурс у Азэрбайджане ў 2012 годзе. Там журналіст, сярод іншага, прадэманстраваў навыкі свайго галоўнага хобі — ігры на піяніна.
На гэтым інструмэнце Розэнбэрг аднойчы зайграў і былому савецкаму лідэру Міхаілу Гарбачову пасьля інтэрвію зь ім.