Для многіх, хто стаіць у гэтых чэргах, трымаючы ў руках няхітрыя перадачы з харчоў і цёплых рэчаў, жыцьцё замерла пасьля арыштаў блізкіх і родных. Колькі надзеі жыло ў гэтых чэргах усе апошнія месяцы — на тое, што вось-вось каток рэпрэсій спыніцца, што рэжым прымусяць да амністыі і яны нарэшце ўбачаць сваіх блізкіх на свабодзе.
І як балюча гэтым людзям асэнсоўваць, што час вызваленьня хаваецца недзе ў смузе няпэўнай будучыні. А тое, што рэжым не дамогся свайго ў спэцапэрацыі зь мігрантамі, для іх асабіста надзеі зусім не дадае.
З карэспандэнтам BBC Стывэнам Розэнбэргам Аляксандар Лукашэнка размаўляў так, нібыта перад ім не журналіст, а ўвесь ненавісны калектыўны Захад у адной асобе, які замахнуўся на ягоную асабістую ўладу. Рэдка калі раней яго можна было бачыць падчас інтэрвію такім азлобленым, раздражнёным, нецярплівым і нецярпімым.
Зь ягоных рэплік, поўных варожасьці і нянавісьці да сваіх палітычных апанэнтаў, стала ў агульных рысах зразумела, што чакае беларусаў у бліжэйшыя месяцы.
Пералік прыблізна такі:
- ніякіх перамоваў са «здраднікамі»
- палітвязьняў у Беларусі няма — ёсьць крымінальнікі
- каго са «здраднікаў» не ліквідавалі — ліквідуем у найбліжэйшы час; выражам усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі
- санкцый не баімся, што нам трэба прадаць — прададзім; і з кожным днём будзем жыць усё лепш.
Лукашэнка даваў гэтае інтэрвію, ужо ведаючы, што спэцапэрацыя зь мігрантамі практычна правалена. І рэжым не атрымаў і не атрымае тых дывідэндаў, на якія разьлічваў. Дзьве тэлефонныя размовы з фраў Мэркель, якія, па сутнасьці, нічога канкрэтнага і рэальнага не прынесьлі, — ня той барыш, які б апраўдваў такія калясальныя намаганьні.
Так, спробы перакідаць мігрантаў празь мяжу яшчэ працягваюцца, лягер у лягістычным цэнтры ля Брузгоў пакуль існуе, але гэта хутчэй рэшткавая зьява. Заключныя кадры дрэннага фільму. Проста трэба ж некуды падзець тыя некалькі тысяч зьвезеных з Блізкага Ўсходу няшчасных людзей. Тым больш што Беларусь ужо засыпае сьнегам. Цяжка ўявіць, што магчыма зноў арганізаваць дэмаралізаваны і застуджаны натоўп на нейкае падабенства таго штурму, што быў наладжаны ў Брузгах у сярэдзіне лістапада.
Ніякай заўважнай шкоды сумежным зь Беларусьсю краінам Эўразьвязу гэта ўжо не прынясе. І палякі, і літоўцы навучыліся эфэктыўна супрацьстаяць штодзённым начным вылазкам. На мяжы сканцэнтраваныя вялікія сілы пры маштабнай падтрымцы многіх краін Эўразьвязу і НАТО.
Агрэсіўных «турыстаў» хутка ловяць і выправоджваюць назад. Сяго-таго затрымліваюць і прыцягваюць да адказнасьці. Асобных — без празьмерна доўгіх працэдураў выпраўляюць на радзіму. У публічных выступах польскіх і літоўскіх афіцыйных асобаў усё больш стрыманага аптымізму і пераможных нотак. Так, крызіс яшчэ не завяршыўся, але ў ягоным выніку ўжо мала хто сумняецца.
І ў любым выпадку — ніякіх палітычных перамоваў, гандлю з Лукашэнкам на гэтую тэму Эўразьвяз ужо весьці ня будзе. Самая апошняя заява на гэтую тэму міністра замежных спраў Польшчы Зьбігнева Раў: Варшава гатовая абмяркоўваць міграцыйны крызіс з Масквой. Зь Менскам — толькі «тэхнічныя пытаньні на тэхнічным узроўні».
Больш санкцый — больш палітвязьняў
Сам Лукашэнка прайграваць не прывык і ўспрымае падобныя правалы надзвычай хваравіта. Ягоная звычайная тактыка: біць, зьнішчаць апанэнта, якога ён лічыць слабаком. Раней гэта, як правіла, прыносіла посьпех, і ён рана ці позна дамагаўся свайго. Цяпер, выглядае, насталі іншыя часы.
Чым ён адкажа Захаду? Ужо адказаў: «Мы выражам усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі». А многія ж разьлічвалі на тое, што праз паўтара года рэпрэсій ён супакоіцца, што пасьля здушэньня пратэстаў надыдзе адліга...
Тэзіс Іосіфа Сталіна пра «абвастрэньне клясавай барацьбы па меры набліжэньня да сацыялізму» працягвае працаваць. Можна толькі здагадвацца, чыя чарга настане цяпер, калі асноўная маса найбольш актыўных удзельнікаў пратэстаў 2020 году ўжо за межамі Беларусі.
У сацсетках усё больш паведамленьняў пра тое, што рэпрэсіі распаўсюджваюцца на тых, хто падпісваўся за альтэрнатыўных кандыдатаў, чый удзел у маршах вылічылі па білінгу тэлефонаў... Вось пазвальняюць, паарыштоўваюць, выштурхнуць за мяжу ўсіх — і тады ўжо «будуць жыць усё лепш».
Як паводле Сталіна «Ў нас няма ваеннапалонных, у нас ёсьць толькі здраднікі», гэтаксама сёньня ў Лукашэнкі: «Тыя, хто ўцяклі за мяжу — гэта не апазыцыя, гэта здраднікі». А хто ня ўцёк — тыя ў турмах. (І павінны ўспрымаць гэта як належнае, «бо ўсе рэвалюцыянэры прайшлі цяжкі шлях».)
...Афіцыйна абвешчаны ў Беларусі «Год народнага адзінства» адлічвае апошнія тыдні. Лічба палітвязьняў набліжаецца да 900.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.