Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават адзін гарматны стрэл з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне канчаткова ператворыць Лукашэнку ў расейскага губэрнатара», — экспэрт


Расейскія войскі, тэхніка каля ўкраіснкай мяжы. Ельня, 1 лістапада 2021 года
Расейскія войскі, тэхніка каля ўкраіснкай мяжы. Ельня, 1 лістапада 2021 года

Украінскі палітоляг Яўген Магда, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі, адказвае на пытаньне, ці гатовае ўкраінскае войска і грамадзтва да вайны з Расеяй, тлумачыць, чаго дабіваецца Крэмль, і расказвае, ці чакаюць у Кіеве нападу з боку Беларусі.

Сьцісла:

  • Каля трохсот тысяч украінцаў прайшлі праз вайну на Данбасе, маюць ваенны досьвед і гатовыя ваяваць
  • На сёньняшні момант жаданьне Расеі зьнішчыць Украіну як суб’ект міжнародных адносінаў ня зьнікла
  • Я веру, што ўласна беларускія вайскоўцы ня будуць ваяваць супраць Украіны

Яўген Магда
Яўген Магда

— Расея можа пачаць актыўныя баявыя дзеяньні супраць Украіны ў студзені ці пачатку лютага наступнага году. Пра гэта заявіў кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Кірыл Буданаў. Раней пра магчымую падрыхтоўку нападу Расеі на Ўкраіну паведамлялі і амэрыканскія СМІ, спасылаючыся на дадзеныя выведкі і крыніцы ў адміністрацыі ЗША.

Наколькі сур’ёзна ва Ўкраіне ўспрымаюць гэтую інфармацыю, ці разглядаюцца рэальныя ваенныя дзеяньні як цалкам магчымы варыянт? Ці гэта проста чарговае жаданьне Крамля напалохаць, паспрабаваць дэстабілізаваць сытуацыю, як гэта было вясной, калі Расея таксама канцэнтравала войскі каля мяжы з Украінай, але потым адвяла іх назад?

— Тут ёсьць некалькі важных момантаў. Па-першае, вайна Расеі з Украінай ідзе ўжо восьмы год, у ёй загінула 14 тысяч чалавек. На Данбасе і цяпер страляюць, гучаць выбухі, гінуць людзі.

Зразумела, што калі зараз Расея пойдзе на эскаляцыю, то гэта будзе не такая сытуацыя, як у 2014 годзе, калі ўкраінская армія была ў значнай ступені дэмаралізаваная, не хапала досьведу. Цяпер каля трохсот тысяч украінцаў прайшлі праз вайну на Данбасе, маюць ваенны досьвед і гатовыя ваяваць.

На маю думку, Расея ў першую чаргу шукае магчымасьць націснуць на Ўкраіну. Сучасная вайна — гэта ня толькі баевікі, гэта сукупнасьць розных дзеяньняў. Цяпер адбываецца ўсё ў комплексе. Вайсковыя манэўры каля ўкраінскіх межаў — маем. Адмова прадаваць Украіне вугаль і электраэнэргію — маем. Дэзынфармацыя і пашырэньне фэйкаў — маем увесь час.

Тое, што ўкраінскае грамадзтва ў значнай ступені гатовае да агрэсіі з боку Расеі, — гэта факт. Чаму ўкраінскае палітычнае кіраўніцтва не адразу рэагавала на гэтыя паведамленьні? Вядома, што ўкраінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі даўно хацеў зазірнуць у вочы Пуціну, — але той усё не дае.

— А што наконт матэрыяльна-вайсковай падрыхтаванасьці? Як выглядае зараз украінскае войска, наколькі яно павялічыла за апошнія гады свой матэрыяльны і ваенны патэнцыял?

— Назаву найбольш вядомыя віды зброі, якія зьявіліся ва Ўкраіны. Гэта турэцкія бесьпілётнікі Bayraktar TB2. Украіна ўжо мае досьвед, праўда, адзінага пакуль прыкладу іхняга выкарыстаньня на Данбасе, але гэта вельмі пасьпяховы прыклад. У выніку ня проста быў прыпынены артылерыйскі абстрэл з боку баевікоў — але яны атрымалі выразны сыгнал, што Ўкраіна можа гэта рабіць.

Па-другое, гэта амэрыканскія супрацьтанкавыя комплексы Javelin, першую партыю якіх Украіне прадалі яшчэ за часамі прэзыдэнцтва Дональда Трампа, а другую зусім нядаўна, сёлета. Гэта вельмі эфэктыўная супрацьтанкавая зброя.

У цэлым украінскае войска, магчыма, не настолькі хутка, як нам хацелася б, пераходзіць на стандарты НАТО, але зьмены адбываюцца. Гэтыя зьмены будуць разьвівацца і надалей, і думаю, што ў нас будзе дастаткова высокі ўзровень гатоўнасьці.

Магчыма, Расея можа зрабіць стаўку на дзеяньні авіяцыі. І тут я не бяруся гаварыць пра магчымасьці ўкраінскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны, бо пакуль не было выпадкаў праверыць гэтыя магчымасьці. Пакуль украінскія супрацьпаветраныя сілы не сутыкаліся з налётамі расейскай авіяцыі.

— Але чаго ў прынцыпе, стратэгічна, дабіваецца Крэмль? Ці зьмены ўлады ў Кіеве, геапалітычнага развароту Ўкраіны, ці проста дэстабілізацыі сытуацыі?

— На сёньняшні момант жаданьне Расеі зьнішчыць Украіну як суб’ект міжнародных адносінаў ня зьнікла. Жаданьне Расеі падпарадкаваць сабе Ўкраіну ня зьнікла. Але якім шляхам гэта зрабіць — я думаю, у Крамля няма дакладнага бачаньня. Зараз высокія цэны на газ, а «Паўночны паток — 2» яшчэ не запушчаны. У выпадку баявых дзеяньняў Расея будзе вымушаная прыпыніць транзыт газу.

Зразумела, што Крэмль намагаецца ўсяляк расхістаць сытуацыю ва Ўкраіне, яны бачаць падзеньне рэйтынгу Зяленскага, бачаць, што ўнутрыпалітычная сытуацыя дастаткова турбулентная, і хочуць гэтым скарыстацца. Але гэта ня той выпадак, калі Крамлю варта на нешта разьлічваць. Украінцы, я думаю, будуць абараняць сваю Радзіму — незалежна ад таго, хто стаіць на чале краіны.

— Калі Крэмль, магчыма, і не разьлічвае адразу дабіцца нейкіх доўгатэрміновых стратэгічных мэтаў, то чаго ён плянуе дасягнуць у кароткатэрміновым сэнсе гэтай цяперашняй эскаляцыяй?

— Расея намагаецца даказаць усяму сьвету, што яна па-ранейшаму вялікая дзяржава. Як напісаў Суркоў у сваім артыкуле, «імпэрыі ў сучасным сьвеце сталі звышдзяржавамі». Таксама Суркоў выказаўся ў тым сэнсе, што ў Расеі зараз сыстэма ўлады моцная як ніколі. Але мне здаецца, што гэта больш нагадвае самагіпноз.

Расея мае традыцыю невялікіх пераможных войнаў, і яны спадзяюцца на такі самы выпадак. Але я ня думаю, што ў Расеі ёсьць нейкі сур’ёзны шанец пры ўдары па Ўкраіне. Нават калі яна здолее дасягнуць першапачаткова нейкіх тактычных посьпехаў, то агульны памер стратаў — людзкіх, матэрыяльных, іміджавых — будзе значна большы.

— Як у Кіеве зараз глядзяць на цяперашнюю пазыцыю Аляксандра Лукашэнкі? Відавочна, што за апошнія месяцы афіцыйны Менск стаў нашмат больш залежны ад Масквы, асабліва ў ваенна-стратэгічным сэнсе. Як гэтую зьмену сытуацыі ацэньваюць ва Ўкраіне, ці лічаць там, што Беларусь можа заставацца нэўтральным бокам падчас магчымага расейска-ўкраінскага канфлікту?

— З аднаго боку, у нас на афіцыйным узроўні кажуць, што Лукашэнка дыктатар. Але зь іншага, экспарт Беларусі ва Ўкраіну за 5 месяцаў гэтага году вырас на 60 працэнтаў. У той час як Эўразьвяз уводзіць санкцыі.

— Трэба сказаць, што і экспарт Беларусі ў Эўразьвяз таксама моцна вырас вясной-летам гэтага году.

— Так. Так што цяпер можна Зяленскага называць «гібрыдным саюзьнікам Лукашэнкі». Я веру, што ўласна беларускія вайскоўцы ня будуць ваяваць супраць Украіны. Зь іншага боку, паводзіны беларускіх сілавікоў на беларуска-польскай мяжы паказваюць, што нацкаваць іх на новага ворага — цалкам выканальная задача.

— У Кіеве разглядаюць як рэальную імавернасьць, што ўдар па Ўкраіне можа адбыцца і з поўначы, зь беларускай тэрыторыі? Не беларускімі войскамі, а ў варыянце, калі за вельмі кароткі час Расея разгортвае свае войскі на тэрыторыі Беларусі недзе каля беларуска-ўкраінскай мяжы.

— Ня будучы вайсковым экспэртам — наколькі я разумею, можа існаваць пагроза авіяўдараў, хоць бы таму, што зьявілася расейская авіяцыя на базе ў Баранавічах. Але наўрад ці можна казаць, што на сёньня магчыма прыхавана перакінуць значную колькасьць расейскіх войскаў у Беларусь. Украіна абменьваецца выведнымі дадзенымі са сваімі заходнімі партнэрамі і сочыць за гэтым.

Я хачу падкрэсьліць, што нават адзін гарматны стрэл з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне зьнішчыць канчаткова нават сёньняшнюю малую суб’ектнасьць Аляксандра Лукашэнкі. Ён проста адразу пераўтворыцца ў аднаго з расейскіх губэрнатараў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG