Расея можа пачаць актыўныя баявыя дзеяньні супраць Украіны ў студзені ці пачатку лютага наступнага году. Пра гэта ў інтэрвію выданьню Military Times заявіў кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Кірыл Буданаў.
Паводле Буданава, Расея сканцэнтравала каля межаў з Украінай больш як 92 тысячы вайскоўцаў. Рызыка ўварваньня, паводле яго, з надыходам зімы і ўстанаўленьнем стабільнага халоднага надвор’я толькі ўзрастае — магчымыя моцныя маразы, маўляў, не праблема ні для расейскіх, ні для ўкраінскіх вайскоўцаў.
Паводле кіраўніка ўкраінскай выведкі, дзеяньні расейскіх войскаў могуць быць больш маштабнымі, чым у 2014 годзе, калі Расея анэксавала Крым, а затым, па шматлікіх сьведчаньнях (сама Расея гэта адмаўляе), аказала ўзброеную падтрымку сэпаратыстам у Данбасе. Буданаў выказаў меркаваньне, што напад можа суправаджацца авіяўдарамі, дэсантнымі апэрацыямі ў Адэсе і Марыюпалі, таксама можа быць задзейнічаная бронетэхніка, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Магчымай мішэньню для нападу па-ранейшаму называюцца поўдзень і ўсход Украіны, рэгіёны, якія шэраг расейскіх палітыкаў, у тым ліку Ўладзімір Пуцін, называюць «Наваросіяй».
Пры гэтым, паводле Буданава, перш чым пачаць уварваньне, Расея будзе праводзіць «псыхалягічныя апэрацыі» з мэтай падарваць баяздольнасьць Украіны. Да такіх апэрацый ён аднёс, у прыватнасьці, распальваньне беспарадкаў, зьвязаных з эканамічнай сытуацыяй ці незадаволенасьцю мерамі па барацьбе з каранавірусам. Паводле яго, Расея мае намер скарыстацца і сытуацыяй вакол апэрацыі па арышце меркаваных байцоў «ЧВК Вагнэра» ў 2020 годзе, у зрыве якой украінская апазыцыя абвінавачвае ўлады.
Раней аб магчымай падрыхтоўцы нападу Расеі на Ўкраіну паведамлялі і амэрыканскія СМІ, спасылаючыся на дадзеныя выведкі і крыніцы ў адміністрацыі. Пры гэтым зазначалася, што Крэмль пакуль не прыняў канчатковага рашэньня.
Як пісала днямі New York Times, амэрыканскія і брытанскія службы выведкі «усё больш пераконваюцца ў тым, што Уладзімір Пуцін разглядае варыянт правядзеньня ваеннай апэрацыі або з мэтай захопу большай часткі тэрыторыі Украіны, або з мэтай дэстабілізацыі краіны і забесьпячэньня прыходу да ўлады прарасейскага ўраду». Вялікая залежнасьць Эўропы ад паставак расейскага прыроднага газу можа даць Маскве надзею на тое, што эўрапейцы не наважацца пайсьці на рашучыя меры ў адказ на патэнцыйную расейскую вайсковую апэрацыю супраць Украіны, пісала выданьне.
- Афіцыйны Вашынгтон і яго партнэры па ЭЗ выказвалі занепакоенасьць у сувязі з нарошчваньнем Расеяй сіл па пэрымэтры ўкраінскай мяжы. Паведамлялася аб тым, што шэраг краін НАТА, у прыватнасьці Вялікабрытанія, маюць намер накіраваць ва Ўкраіну сваіх вайскоўцаў для стрымліваньня Расеі. Афіцыйны Кіеў раней адмаўляў істотны рост пагрозы ўварваньня, аднак пазьней украінскія прадстаўнікі таксама пачалі выказваць занепакоенасьць магчымымі дзеяньнямі Масквы.
- У Крамлі адмаўляюць якую-кольвечы падрыхтоўку да ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны, у той жа час абвінавачваючы краіны Захаду ў эскаляцыі напружанасьці, у прыватнасьці ў Чорным моры. Пуцін, выступаючы на тыдні на пасяджэньні калегіі МЗС, заявіў, што Расея павінна атрымаць ад Захаду гарантыі сваёй бясьпекі.