Гэтая інфармацыя можа падштурхнуць эўрапейскія краіны да распрацоўкі сумеснага з ЗША пакета эканамічных і вайсковых санкцый для стрымліваньня Расеі, піша газэта New York Times са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі ЗША і кіраўніцтве Эўразьвяза.
Па словах прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША, расейскія ўлады яшчэ ня вырашылі, што яны маюць намер рабіць з войскамі, якія цяпер сканцэнтраваныя Крамлём каля мяжы з Украінай, але гэтае нарошчваньне ваеннай моцы ўспрымаецца сур’ёзна, і Злучаныя Штаты ня лічаць гэта блефам.
Аўрыл Гэйнс, дырэктар Нацыянальнай выведкі, на гэтым тыдні наведала Брусэль, каб перадаць у NATO дадзеныя амэрыканскіх спэцслужбаў аб магчымым расейскім уварваньні ва Ўкраіну.
Паездка Гэйнс была заплянаваная, і падчас перамоваў было закранутае мноства пытаньняў, але, па словах крыніц New York Times, занепакоенасьць Захаду наконт плянаў Расеі стала адным з асноўных пытаньняў у парадку дня сустрэчы.
Злучаныя Штаты таксама перадаюць свае выведдадзеныя Ўкраіне. У пятніцу генэрал Марк Мілі, старшыня Абʼяднанага камітэта начальнікаў штабоў, размаўляў па тэлефоне з генэрал-лейтэнантам Валерыем Залужным, галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Ўкраіны, каб абмеркаваць, «актыўнасьць Расеі ў гэтым рэгіёне».
Амэрыканская і брытанская выведкі ўсё больш пераконваюцца ў тым, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін разглядае магчымасьць ваеннага ўварваньня, каб узяць пад кантроль большую частку Ўкраіны або дэстабілізаваць краіну, што можа садзейнічаць прыходу да ўлады прарасейскіх палітыкаў.
У красавіку гэтага года ЗША і іх саюзьнікі былі занепакоеныя нарошчваньнем расейскай ваеннай моцы каля мяжы з Украінай. Аднак цяперашнія дзеяньні Расеі, якая засяродзіла каля мяжы большую, у параўнаньні зь вясной, колькасьць жывой сілы і сучаснай тэхнікі, выклікаюць у Захаду больш асьцярог. Асабліва ў сувязі з тым, што Расея пачала супрацьдзейнічаць украінскім бесьпілётным лятальным апаратам. Такія атакі пачасьціліся пасьля таго, як украінскі бесьпілётнік быў выкарыстаны для нападу на гаўбічную артылерыю сэпаратыстаў, якія кантралююць частку Данецкай і Луганскай абласьцей на ўсходзе Ўкраіны.
Прадстаўнікі амэрыканскай выведкі паведамілі саюзьнікам, што Пуцін «расчараваны» ходам мірнага працэсу, распачатага Францыяй і Нямеччынай у 2014 годзе пасьля таго, як Расея анэксавала ўкраінскі Крым і справакавала паўстаньне сэпаратыстаў і ваенны канфлікт на ўсходзе Ўкраіны.
Некаторыя былыя супрацоўнікі амэрыканскай адміністрацыі гавораць, што Пуцін хацеў бы забясьпечыць для Расеі сухапутны праход паміж усходняй Украінай і Крымам. Амэрыканскія аналітыкі лічаць, што Пуцін можа пачаць дзейнічаць у гэтым напрамку ўжо ў бліжэйшыя некалькі месяцаў. Па словах крыніц, рост коштаў на нафту і газ з прычыны абмежаванай прапановы дазваляе Расеі атрымліваць даходы, неабходныя для фінансаваньня ваенных апэрацый.
Амэрыканскія афіцыйныя асобы хочуць стварыць «агульную стратэгію» дзеяньняў, якія ЗША і Эўропа зробяць, калі Расея сапраўды ўварвецца ва Ўкраіну. І Злучаным Штатам трэба заручыцца падтрымкай у Эўропе, каб забясьпечыць эфэктыўнасьць новых санкцый.
У той час як некаторыя крыніцы папярэджваюць аб тым, што меркаваць аб рэакцыі Масквы на гэтыя перасьцярогі занадта рана, іншыя суразмоўцы New York Times валодаюць дадзенымі аб тым, што Пуцін не ўспрымае сурʼёзна пагрозу жорсткага адказу з боку Захаду.