Калі да пандэміі ў галоўным саборы УГКЦ усе месцы былі запоўненыя прыхаджанамі, то цяпер на службе — адзінкі. З прычыны каранавірусу многія моляцца ў онлайн-рэжыме. Тых, хто ўсё ж прыйшоў у сабор, прычашчаюць па новых правілах. Сьвятары дэзынфікуюць лыжку пасьля кожнага чалавека.
Пасьля заканчэньня службы ў Патрыяршы сабор заходзяць мэдыкі. Тут адкрыўся першы ва Ўкраіне пункт вакцынацыі на базе царквы. Парафіянкі вырашылі прышчапіцца толькі таму, што давяраюць свайму духоўнаму настаўніку.
«Вы ведаеце, у мяне быў такі недавер. Я думала, што гэта неяк пройдзе. Калі я пачула, што нашыя ўладары прышчапіліся і пачула, што ў Патрыяршым саборы вакцынацыя, я падумала, што трэба ехаць. Я давяраю нашаму патрыярху», — кажа парафіянка УГКЦ Надзя Дыка.
Украінская грэка-каталіцкая царква вакцынацыю супраць каранавірусу публічна падтрымала яшчэ на старце прышчэпачнай кампаніі. Кіраўнік УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук адзін зь першых сярод прадстаўнікоў духавенства ва Ўкраіне публічна вакцынаваўся.
«Няма ніякіх рэлігійных падстаў, каб адмаўляцца ад вакцынацыі», — заявіў Шаўчук.
Праваслаўная царква Ўкраіны на чале зь мітрапалітам Эпіфаніем таксама пазытыўна ставіцца да вакцынацыі. У Міхайлаўскім залатаверхім саборы ў Кіеве, па словах арцыбіскупа Яўстрація Зоры, сьвятары зрабілі прышчэпкі масава яшчэ летам. Але ў той жа час усталёўваць пункты вакцынацыі для прыхаджан на тэрыторыі храму пакуль не сьпяшаюцца.
«У царквы ёсьць абсалютна дакладная пазыцыя: слухайце спэцыялістаў і вакцынуйцеся. Але царква не павінна выкарыстоўваць свой аўтарытэт для таго, каб падмяняць кагосьці», — кажа Яўстрацій Зора.
Але вакцынацыю ад каранавірусу ва Ўкраіне падтрымліваюць ня ўсе канфэсіі. У Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны сьцьвярджаюць, што царква маскоўскага патрыярхату, філіял Расейскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне, садзейнічае росту антыпрышчэпачных настрояў сярод прыхаджан.
Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату — адзіная царква, якая да гэтага часу публічна ня выказалася наконт свайго стаўленьня да вакцынацыі ад каранавірусу.
Некалькі дзён званкоў і афіцыйных зваротаў «Настоящего времени» вынікаў не далі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ