Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хварэюць у асноўным маладыя». Мэдык і пацыент пра сытуацыю з каранавірусам


Менскі абласны шпіталь. Ілюстрацыйнае фота.
Менскі абласны шпіталь. Ілюстрацыйнае фота.

Як выглядае сытуацыя з каранавірусам у шпіталях і паліклініках: мэдык і пацыент расказалі, з чым ім даводзіцца сутыкацца.

Як выглядае сытуацыя паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя

Паводле афіцыйных зьвестак Мінздароўя, за мінулыя суткі ў Беларусі афіцыйна зарэгістравалі 1991 новы выпадак COVID-19.

Ад пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 610 022 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19, памерлі ўжо 4712 пацыентаў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй, ачунялі 584 714 пацыентаў, у якіх раней быў пацьверджаны дыягназ COVID-19.

Паводле дадзеных Мінздароўя на 5 лістапада, першую дозу вакцыны супраць COVID-19 атрымалі 2 мільёны 988 тысяч жыхароў Беларусі, зь іх больш за 2 мільёны 304 тысячы прайшлі поўны курс вакцынацыі.

«Бясконцыя праверкі замест таго, каб сапраўды чымсьці дапамагчы»

Мэдычная супрацоўніца Іна (імя зьменена, дадзеныя ёсьць у рэдакцыі)

«Колькасьць пацыентаў ня зьнізілася. Эпідэміялягічная сытуацыя ў клініках засталася на ранейшым узроўні. Месцаў няма, людзі скандаляць, пішуць скаргі, па некалькі гадзін сядзяць у прыёмным пакоі і чакаюць шпіталізацыі.

Хварэюць у асноўным маладыя, ад 30 да 50. Пацыентаў не пасьпяваюць перавесьці ў рэанімацыю, некаторыя паміраюць проста ў аддзяленьнях. Класьці няма куды, палаты інтэнсіўнай тэрапіі ўсе занятыя.

Ніякіх даплат няма, наадварот, „зьверху“ ўсё кажуць, што вам яшчэ шмат плацяць.

Менавіта зараз, вось у гэты час, калі такая інтэнсіўная нагрузка на пэрсанал, калі неабходна выконваць нейкую ізаляцыю і ўсе павінны быць па сваіх месцах, пачаліся бясконцыя праверкі, санстанцыі бесьперапынна ходзяць і ў чыстыя, і ў брудныя зоны, замест таго каб сапраўды чымсьці дапамагчы.

Сродкаў абароны па-ранейшаму не хапае, у аднаразовых камбінэзонах працуюць па некалькі зьмен — увечары кварцуюць і на наступны дзень зноў апранаюць.

У асноўным мэдпэрсанал выконвае масачны рэжым. У нас заведзена, што старшыя мэдсёстры па выходных дзяжураць — сочаць за парадкам. І вось нядаўна заходзяць яны ў брудную зону ў прыёмны пакой, а там санітаркі сядзяць бяз масак. На пытаньне, чаму не прытрымліваюцца масачнага рэжыму, яны адказалі: „Дык прэзыдэнт сказаў — масак можна не насіць“».

«Кашаль — маўчаньне, тэмпэратура — маўчаньне»

Пацыентка Анастасія (імя зьменена, дадзеныя ёсьць у рэдакцыі)

«Я і яшчэ двое супрацоўнікаў нашага аддзелу захварэлі на ковід амаль адначасова, з розьніцай 1–2 дні. Агульныя сымптомы ў нас былі — тэмпэратура і страта нюху, аднак дыягназы пасьля нам паставілі розныя: мне — трахеіт, маладой супрацоўніцы — ВРВІ, пажылому начальніку аддзелу — каранавірус. Адпаведна, розную колькасьць дзён мы правялі на бальнічным. Я — 10, дзяўчына з ВРВІ — 9, мужчына з COVID — 21.

На працягу 10 дзён я наведала 4 розных тэрапэўтаў, пры гэтым да свайго ўчастковага трапіць так і не змагла. Аналіз на антыцелы, нягледзячы на мае просьбы, мне не прызначалі, увесь час аргумэнтуючы гэта тым, што лёгкія чыстыя.

У выніку адна зь лекараў на 7-ы дзень дала мне накіраваньне на здачу агульнага аналізу крыві і мачы, і неяк незнарок падсунула паперку з тэлефонам, адрасам і коштам платнага аналізу ў дзяржаўнай клініцы. На маё зьдзіўленьне яна страпянулася і сказала: „А чаму вас дзяржава павінна бясплатна абсьледаваць? Яна і так вам бальнічны аплачвае“.

Нюх у мяне не аднаўляўся. Калі я паведаміла пра гэта лекару, яна сказала: „Ідзіце да лора“. На тое, што ў мяне няма насмарку, у адказ было маўчаньне.

Дактароў зусім не цікавілі мае скаргі. Кашаль — маўчаньне, тэмпэратура — маўчаньне, слабасьць — маўчаньне, боль у грудзях — піце абязбольвальныя.

Нарэшце я настаяла на флюараграфіі, аб чым пазьней пашкадавала. Праходзіць яе мне прызначылі ў чырвонай зоне, хоць лекар сьцьвярджала, што ў мяне проста трахеіт.

У Баранавіцкай гарадзкой паліклініцы чырвоная зона для праходжаньня флюараграфіі знаходзіцца на 7 паверсе. Падымацца туды хворыя людзі, у тым ліку пэнсіянэры гадоў па 70, з чырвонымі вачыма і цяжкай дыхавіцай, мусілі па вузкіх усходах, бо ліфта там няма.

На працягу аднаго дня я павінна была здаць платны аналіз, прайсьці флюараграфію, узяць талён да лекара і адчакаць велізарную чаргу, каб трапіць да яго на візыт. Усё гэта заняло 8 гадзін, раўнацэнна поўнай працоўнай зьмене. У канцы дня я знаходзілася ўжо ў непрытомным стане. У тыя хвіліны толькі думала: „У гэтай хваробе можа дапамагчы толькі Бог, на лекараў спадзявацца ня варта“.

Паколькі я была яшчэ не да канца здаровая і не магла нармальна працаваць, кіраўніцтва пайшло мне насустрач і дазволіла ўзяць некалькі вольных дзён ад працы „за свой кошт“. Але ведаю, што ня ўсе маюць такую магчымасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG