Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты на беларуска-польскай мяжы паблізу пункту пропуску «Кузьніца — Брузгі»
Мігранты на беларуска-польскай мяжы паблізу пункту пропуску «Кузьніца — Брузгі»

Новыя спробы прарыву мяжы і эўрапейскія санкцыі. Мігранцкі крызіс: што адбываецца 11 лістапада

Чацьвёрты дзень на памежнай паласе зь беларускага боку намагаюцца прарвацца ў Польшчу тысячы мігрантаў. Польскія войскі стрымліваюць гэтыя спробы, эўрапейскія палітыкі абяцаюць санкцыі супраць Лукашэнкі. Свабода сочыць, што адбываецца на мяжы 11 лістапада.

  • 8 лістапада тысячы мігрантаў прыйшлі да калючага дроту на мяжы Беларусі з Польшчай. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць.
  • 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца», непадалёк ад якога сабраліся мігранты.
  • Уначы з 9 на 10 лістапада дзьве групы мігрантаў прарваліся ў Польшчу.
  • Літва з 10 лістапада ўвяла рэжым надзвычайнага становішча ўздоўж мяжы зь Беларусьсю.
08:24 11.11.2021

Чарговая ноч на мяжы зь Беларусьсю. Фота польскіх вайскоўцаў

Што было ў папярэднія дні — у хроніцы Свабоды

08:29 11.11.2021

Міністры замежных спраў Польшчы і Турэччыны абмеркавалі крызіс на беларускай мяжы

Падчас тэлефоннай размовы вечарам 10 лістапада яны дамовіліся пра супрацоўніцтва, каб разам супрацьстаяць выкарыстаньню беларускім рэжымам нелегальнай міграцыі для гібрыднай атакі на краіны блёку NATO, паведаміла польскае МЗС у твітэры.

08:35 11.11.2021

Беларускія вайскоўцы стаяць на мяжы, узброеныя снайпэрскімі вінтоўкамі і гранатамётамі

Польскае МЗС апублікавала відэа, на якім польскі патруль здымае вайскоўцаў зь беларускага боку мяжы. Чуваць, як польскія вайскоўцы пералічваюць зброю, якую бачаць: снайпэрская вінтоўка Драгунова, ручны супрацьтанкавы гранатамёт.

09:00 11.11.2021

OKO.press: На беларуска-польскай мяжы памёр 14-гадовы курд

Польскі партал OKO.press паведаміў з спасылкай на двух мігрантаў, што ў сераду, 10 лістапада, у лягеры ўцекачоў пры беларуска-польскай мяжы памёр 14-гадовы курд. Ягонае цела забралі беларускія службы.

«Ён памёр ад пераахаладжэньня», — напісаў кантакт OKO.press зь лягеру. Паводле яго, беларускія памежнікі забралі 14-гадовага хлопца ў шпіталь. На пытаньні журналістаў, ці сапраўды сталася трагедыя, кантакт адказаў: «100 працэнтаў». На пытаньне, калі хлопец памёр, той адказаў «Цяпер».

Інфармацыю парталу неўзабаве пацьвердзіў яшчэ адзін мігрант.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі зьняпраўдзіў інфармацыю пра гібель дзіцяці сярод мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.

Пра гэта сказаў афіцыйны прадстаўнік камітэту Антон Бычкоўскі агенцтву БелТА.

Раней паведамлялася пра як мінімум 9 сьмярцей мігрантаў на мяжы

Першая вестка пра гібель мігранта прыйшла 4 жніўня, калі Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра сьмерць іракца на беларуска-літоўскай мяжы, непадалёк ад пункту пропуску Беняконі. Мужчыну ў перадсьмяротным стане нібыта знайшоў былы вайсковец, які жыве ў Воранаве. СК Беларусі адразу завёў крымінальную справу, у Беларусь выклікалі родных памерлага, мёртвае цела паказалі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. Літоўскі бок абвінаваціў беларускія ўлады ў правакацыі.

19 верасьня польскія і беларускія памежнікі адначасова паведамілі аб тым, што на мяжы знойдзеныя целы загінулых мігрантаў. Агенцтва БелТА расказала пра труп жанчыны з Іраку. Памежная варта Польшчы паінфармавала адразу пра тры знойдзеныя на беларуска-польскай мяжы трупы ўцекачоў. Пракуратуры Сувалак, Саколкі і Беластоку пачалі сьледзтва, першай вэрсіяй гібелі стала тое, што адна з асобаў ужывала лекі, перададзеныя ёй беларускімі памежнікамі, і гэта магло стаць прычынай пагаршэньня стану. Астатнія маглі памерці ад абмаражэньня.

23 верасьня Памежная служба Польшчы паведаміла пра сьмерць яшчэ аднаго мігранта. Учора ўвечары арыштавалі групу імігрантаў з Іраку. Але адзін зь іх, нягледзячы на рэанімацыю патруля і брыгады хуткай дапамогі, памёр.

5 кастрычніка каля беларуска-літоўскай мяжы знайшлі цела ўцекача з Шры-Ланкі, напісалі дзяржаўныя СМІ Беларусі. Побач з загінулым знаходзіліся ягоныя дакумэнты, плястыкавыя карткі і мабільны тэлефон. Прычыны сьмерці мігранта не ўдакладняліся.

14 кастрычніка ў памежнай зоне з польскага боку знайшлі яшчэ аднаго мёртвага мігранта з Сырыі. Прэс-сакратар паліцыі Томаш Крупа сказаў Gazeta Wyborcza, што загінулы — 24-гадовы ўцякач, да гэтага ён, імаверна, знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Пры сабе ён меў беларускую візу, выдадзеную ў сярэдзіне верасьня.

19 кастрычніка сырыец патануў у рацэ Буг пры спробе пераплысьці на польскі бок мяжы. Пры 19-гадовым хлопцу знайшлі дакумэнты, якія сьведчаць асобу. Разам зь ім раку пераплываў і ягоны зямляк, якога ўдалося ўратаваць нырцам са службы ратаваньня.

29 кастрычніка на мяжы памёр хворы на дыябэт 25-гадовы мігрант з Ірацкага Курдыстана.

Таксама зьяўляліся паведамленьні пра гібель мігрантаў не на мяжы. Адзін памёр у Менску, другога знайшлі нежывым у транспарце, які прывёз мігрантаў у Нямеччыну.

09:38 11.11.2021

Новыя санкцыі супраць Беларусі ўвядуць ужо на пачатку наступнага тыдня

Пра гэта заявіла кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам, паведаміў «Голос Америки».

«Санкцыі супраць Беларусі будуць пашыраныя… на пачатку наступнага тыдня», — заявіла Ўрсуля фон дэр Ляен.

«Мы разгледзім магчымасьць прымяненьня санкцый да тых авіякампаній, якія садзейнічаюць гандлю людзьмі (human trafficking) у кірунку Менску і мяжы паміж ЭЗ і Беларусьсю», — дадала яна.

Кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен выходзіць зь Белага дому пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам
Кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен выходзіць зь Белага дому пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў у сераду, што Злучаныя Штаты «рашуча пярэчаць» «ідэі выкарыстаньня Беларусьсю міграцыі ў якасьці зброі» супраць суседніх дзяржаваў.

Ён падкрэсьліў, што ЗША будзе ціснуць на рэжым Лукашэнкі, пакуль ён «адмаўляецца выконваць свае міжнародныя абавязаньні ці абяцаньні, падрывае сваімі дзеяньнямі мір і бясьпеку ў Эўропе і працягвае рэпрэсіі і парушэньні грамадзянскіх правоў».

09:58 11.11.2021

Міграцыйным крызісам рэжым спрабуе адвесьці ўвагу ад рэпрэсій у краіне, — заява Эўразьвязу

Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі апублікавала дэклярацыю Высокага прадстаўніка ад імя ЭЗ з нагоды сытуацыі каля мяжы.

«Сплянаванае выкарыстаньне беларускім рэжымам уразьлівых людзей у якасьці інструмэнту для дасягненьня палітычных мэтаў апошнім часам набыло трывожнае вымярэньне. Групы мігрантаў у суправаджэньні ўзброеных супрацоўнікаў сілавых структураў Беларусі ідуць да межаў краінаў – сяброў ЭЗ для таго, каб незаконна празь іх прарывацца.

Гэта сьведчыць пра цынізм беларускага рэжыму, які, распальваючы крызіс на вонкавых межах ЭЗ, спрабуе адвесьці ўвагу ад сытуацыі ў краіне, дзе жорсткія рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека працягваюцца і нават пагаршаюцца.

ЭЗ рашуча асуджае рэжым Лукашэнкі за тое, што ён сьвядома ставіць у небясьпеку жыцьцё і дабрабыт людзей. Гэтым ён ня толькі парушае міжнароднае права, але і ігнаруе фундамэнтальныя правы чалавека, у дачыненьні да якіх Беларусь узяла на сябе абавязкі. Такія бесчалавечныя дзеяньні патрабуюць рашучай міжнароднай рэакцыі і супрацоўніцтва, каб прыцягнуць рэжым Беларусі да адказнасьці за гэтыя парушэньні.

Міжнародным арганізацыям неабходна даць неадкладны і бесьперашкодны доступ да людзей для дастаўкі ім гуманітарнай дапамогі.

Мы цалкам салідарныя зь дзяржавамі-сябрамі, якія пацярпелі ад гэтага гібрыднага нападу, і працягнем аказваць дапамогу тым, хто зазнаў найбольш непасрэднае ўзьдзеяньне. Фундамэнтальныя каштоўнасьці будуць і далей кіраваць нашымі дзеяньнямі, асабліва ў пытаньні абароны правоў чалавека ў дачыненьні да мігрантаў.

Мы шчыльна ўзаемадзейнічаем з краінамі паходжаньня і транзыту, каб пакласьці канец дзеяньням Лукашэнкі. Гэта таксама адпавядае інтарэсам грамадзян краінаў паходжаньня. Мы вітаем намаганьні такіх краінаў, як Ірак, якія робяць канкрэтныя крокі ў гэтым кірунку».

Эўразьвяз пашырыць санкцыі супраць беларускага рэжыму, а таксама разгледзіць «далейшыя абмежавальныя меры супраць вінаватых» і будзе падтрымліваць народ Беларусі, гаворыцца ў заяве.

10:17 11.11.2021

Беларускі памежны камітэт зьняпраўдзіў інфармацыю пра гібель мігранта

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі зьняпраўдзіў інфармацыю пра гібель падлетка сярод мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.

Пра гэта сказаў афіцыйны прадстаўнік камітэту Антон Бычкоўскі агенцтву БелТА.


11:06 11.11.2021

У Польшчу спрабавалі трапіць 468 мігрантаў, 150 зь іх — сілай

Польскія памежнікі ўчора, 10 лістапада, зафіксавалі 468 спробаў пераходу мяжы мігрантамі. 42 уцекачам выдалі пастановы пра выезд з тэрыторыі Польшчы. Гэта значыць, калі яны ня просяць прытулку ў Польшчы, іх вяртаюць на мяжу.

Уначы каля 150 мігрантаў спрабавалі сілай прарвацца церазь мяжу на Падляшшы, паведаміў намесьнік кіраўніка МУС Польшчы Барташ Градэцкі ў эфіры polsatnews.pl

У Літву за ноч спрабавалі трапіць 35 мігрантаў, іх не прапусьцілі літоўскія памежнікі, перадае LRT. Памежнікі выявілі таксама дзьве групы з 30-40 мігрантаў пры мяжы. Прынамсі адна зь іх аточаная беларускімі сілавікамі.

У Латвіі ўчора спынілі 21 спробу парушэньня мяжы мігрантамі зь беларускага боку.

Паводле міністра абароны Літвы Арвідаса Анушаўскаса, каля літоўскай мяжы зь беларускага боку можа быць больш як тысяча мігрантаў.

11:17 11.11.2021

«Тут як турма». Рэпартаж зь літоўска-беларускай мяжы

Пакуль на беларуска-польскай мяжы тысячы мігрантаў штурмуюць агароджу, каб трапіць у ЭЗ, новыя мігранты з Блізкага Усходу прыбываюць у Беларусь. Літва тым часам празь міграцыйны крызіс увяла надзвычайнае становішча на мяжы зь Беларусьсю.

Журналісты тэлеканалу «Настоящее время» пабывалі на літоўска-беларускай мяжы.

12:14 11.11.2021

У якіх выразах заходнія палітыкі камэнтуюць мігранцкі крызіс

Выступаючы з заявамі і камэнтарамі да падзеяў, што разгортваюцца на мяжы Беларусі з Эўрапейскім зьвязам, заходнія палітыкі нярэдка выкарыстоўваюць моцныя эпітэты і выразы.

12:23 11.11.2021

Мігрантаў каля польскай мяжы пабольшала на 200 чалавек

Паводле Памежнага камітэту Беларусі,

  • зь беларускага боку пры мяжы з Польшчай цяпер больш за 2 тысячы ўцекачоў;
  • за содні да іх далучыліся яшчэ каля 200 чалавек;
  • мігрантам нестае ежы і вады, яны цярпяць ад холаду, іх жыцьці пад пагрозай;
  • лекары проста ў лягеры аказвалі дапамогу падлетку і дзьвюм жанчынам празь пераахалоджаньне і траўму галавы.

12:25 11.11.2021

Міністэрства абароны Польшчы апублікавала відэа зь мяжы

13:06 11.11.2021

Лукашэнка загадаў сілавікам сачыць за перамяшчэньнем войскаў NATO ля мяжы і падкінуць дроваў мігрантам

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з урадам даў новыя загады ў сувязі з міграцыйным крызісам не беларуска-польскай мяжы.

Лукашэнка даручыў Мінабароны, КДБ і Памежнаму камітэту кантраляваць перамяшчэньне войскаў NATO і Польшчы ля межаў Беларусі.

«Міністэрству абароны, КДБ, памежный войскам — забясьпечыць кантроль за перамяшчэньнем войскаў NATO і Польшчы. Вы бачыце, што 15 тысяч ужо вайскоўцаў, танкі, бранятэхніка, верталёты паляцелі з самалётамі. Яны падцягнулі да нашай мяжы, прытым у нахабную, не папярэдзіўшы нікога», — цытуе Лукашэнку БелТА.

13:07 11.11.2021

Мігранты апавядаюць пра жорсткае абыходжаньне з боку беларускіх і польскіх памежнікаў

Пакуль на беларуска-польскай мяжы тысячы мігрантаў штурмуюць агароджы, каб трапіць у ЭЗ, новыя мігранты зь Блізкага Ўсходу прыбываюць у Беларусь. Яны апавядаюць пра жорсткае абыходжаньне з боку беларускіх і польскіх памежнікаў. Праваабаронцы заклікаюць не парушаць міжнароднага права. Пра гэта — сюжэт тэлеканалу «Настоящее время».

13:28 11.11.2021

8 лістапада ўцекачы прарваліся на беларускі пункт пропуску «Брузгі»

Мяркуючы па трох відэа, знойдзеных у сеціве, 8 лістапада мігранты закідалі беларускіх памежнікаў камянямі, прарвалі агароджу і прарваліся на пункт пропуску «Брузгі». Відаць па ўсім, памежнікі выклікалі падмацаваньне і выштурхалі мігрантаў з тэрыторыі пункту пропуску назад на «зялёную зону».

13:41 11.11.2021

«Нас вельмі шмат, і ідуць яшчэ». Пагаварылі зь мігрантам у лягеры на беларуска-польскай мяжы

Рэбаз Наджм Хама Саід, курд з Іраку, ужо трэці раз за месяц спрабуе трапіць зь Беларусі ў Польшчу. Пра тое, што адбываецца ў эпіцэнтры памежнага крызісу, ён расказаў у інтэрвію Радыё Свабода са стыхійнага лягеру мігрантаў паблізу ад пункту пропуску Кузьніца — Брузгі.

14:35 11.11.2021

Сілавыя структуры Ўкраіны пачалі вучэньні на выпадак спробы прарыву мігрантаў зь Беларусі

У Валынскай вобласьці на стыку межаў Польшчы, Украіны і Беларусі пачаліся супольныя вучэньні сілавых структур Украіны на выпадак спробы перамяшчэньня мігрантаў зь беларускай тэрыторыі.

Вучэньні праходзяць на ўчастку памежнага падразьдзяленьня «Грабава» ў Валынскай вобласьці. Яны афіцыйна прызначаныя для адпрацоўкі дзеяньняў «для абароны ад магчымай спробы прарыву ўкраінскай мяжы штучна арганізаванымі натоўпамі мігрантаў».

14:35 11.11.2021

За першыя дні лістапада ў Нямеччыну трапілі больш за тысячу мігрантаў зь Беларусі

Усяго сёлета паліцыя выявіла 9087 мігрантаў, якія дабраліся да Нямеччыны зь Беларусі.

За першую дэкаду лістапада ў Нямеччыну цераз Польшчу «беларускім маршрутам» трапілі 1246 мігрантаў, паведаміла фэдэральная паліцыя.

Паліцыянты ўзмацнілі патруляваньне каля мяжы з Польшчай. Але гэта ўнутраная мяжа Шэнгенскай зоны, таму перайсьці яе можна ва ўсякі час і ў хоць якім месцы.

Колькасьць выяўленых у Нямеччыне мігрантаў стала рэзка расьці ад жніўня, калі пачаўся міграцыйны крызіс на заходняй мяжы Беларусі.

  • Ад студзеня да ліпеня выявілі 26 мігрантаў,
  • у жніўні — 474,
  • у верасьні — 1903,
  • у кастрычніку — 5285.
15:47 11.11.2021

Два варыянты мігрантам

Прадстаўнікі дзьвюх арганізацый ААН — Упраўленьня вярхоўнага камісара па ўцекачах і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) — наведалі стыхійны лягер, разьбіты мігрантамі на беларуска-польскай мяжы.

У выніку сустрэчы мігрантам прапанавалі два варыянты выхаду з крызісу. Першы зь іх — афіцыйнае прашэньне аб прыстанішчы ў Беларусі, другі — вяртаньне назад у краіну, зь якой яны прыляцелі ў Беларусь.

15:56 11.11.2021

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа адпрэчыў варыянт перамоваў зь Менскам

Улады Літвы ня будуць весьці перамоваў з Лукашэнкам на той падставе, што ён не зьяўляецца законна абраным кіраўніком Беларусі, і яго не прызнаюць легітымным усе краіны Эўразьвязу.

Наўседа выступіў за тое, што санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі павінны быць больш строгімі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG