Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранцкі крызіс на мяжы: што адбываецца 8 лістапада. ОНЛАЙН

абноўлена

8 лістапада тысячы мігрантаў прыйшлі да калючага дроту на мяжы Беларусі з Польшчай. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць. Ёсьць інфармацыя пра спробы прарыву.

  • Раніцай 8 лістапада ў сацыяльных сетках зьявіліся відэа буйной групы мігрантаў, якая рухалася ў пункт пропуску «Брузгі» на мяжы з Польшчай. Але пазьней група, якую суправаджалі грузавікі зь зялёнымі нумарамі беларускай памежнай службы і вайскоўцы з аўтаматамі і сабакамі, сышла ў лес.
  • Каля тысячы мігрантаў ушчыльную наблізіліся да польскай мяжы, з-за дроту за імі сачылі ўзмоцненыя сілы польскай памежнай варты і Мінабароны.
  • А 15-й гадзіне стала вядома пра першую спробу прарыву мяжы, якую спынілі польскія вайскоўцы. Мігранты штурмавалі польскую агароджу з дапамогай сякераў, бярвёнаў, рыдлёвак і кусачак.
  • Польскі бок заявіў, што штурм іх мяжы адбываецца «ў прысутнасьці і пад кантролем беларускіх службаў».
  • Увечары частка мігрантаў усё ж дабралася да польскага памежнага пераходу «Кузьніца», але там іх спынілі польскія памежнікі.
  • Паводле Памежнага камітэту Беларусі, каля мяжы цяпер знаходзяцца больш за 2 тысячы мігрантаў. Прэсавы сакратар польскага ўраду Пётар Мюлер заявіў, што каля мяжы знаходзяцца 3-4 тысячы асобаў.
  • Увечары зьявілася відэа са стрэламі на мяжы. Памежны камітэт Беларусі заявіў, што стралялі з польскага боку.
09:41 9.11.2021

МУС Беларусі: «Парушэньняў мігрантамі беларускага занаканадаўства не зафіксавана»

«Парушэньняў заканадаўства з боку мігрантаў не зафіксавана. Яны знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь законна», — заявіў 9 лістапада міністар унутраных спраў Іван Кубракоў, перадае БелТА.

08:59 9.11.2021

Нямеччына заклікала Эўразьвяз дапамагчы Польшчы ў ахове мяжы зь Беларусьсю

«Польшча ці Нямеччына ня могуць даць рады гэтаму паасобку», — заявіў часовы міністар унутраных спраў Горст Зээгофэр у інтэрвію газэце Bild, апублікаваным 9 лістапада.

«Мы павінны дапамагчы польскаму ўраду абараніць іх вонкавую мяжу», — сказаў ён.

08:41 9.11.2021

Пражэктары, верталёты, вогнішчы і сьмех. Як выглядала беларуска-польская мяжа ўначы


Польскія памежнікі, паліцыя, войскі тэрытарыяльнай абароны ўсю ноч вартавалі мяжу насупраць шматлікіх уцекачоў, якія заставаліся пры мяжы непадалёк ад пункту пропуску Брузгі — Кузьніца Беластоцкая.

На апублікаваным відэа чуваць сьмех і гамана мігрантаў. Над мяжою сьцелецца дым ад шматлікіх вогнішчаў.

22:41 8.11.2021

Памежнік з 15-гадовым досьведам — пра дзеяньні былых калегаў: «Яны робяць службовыя злачынствы»

«Калі нелегала ловяць у памежнай паласе, то інструкцыя стандартная: затрыманьне — пратаколы — ІЧУ — прыняцьце рашэньня аб дэпартацыі. І заўсёды так было»

22:39 8.11.2021

Дуда падзякаваў Ціханоўскай

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда пагаварыў са Сьвятланай Ціханоўскай, каб падзякаваць за адназначную падтрымку беларускімі дэмакратычнымі сіламі польскага народу. Пра гэта паведаміў кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі польскага прэзыдэнта Якуб Кумах. Паводле яго, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў нагадваюць сьвету, што адказным за цяперашні крызіс зьяўляецца рэжым Лукашэнкі.

22:23 8.11.2021

Старшыня Эўракамісіі заклікала да хутчэйшых санкцый за дзеяньні ўладаў Беларусі зь мігрантамі

Эўразьвяз таксама разгледзіць магчымасьць санкцый супраць авіяліній трэціх краін, які «актыўна займаюцца кантрабандай людзей».

21:33 8.11.2021

Прэзыдэнты Польшчы і Ўкраіны абмеркавалі сытуацыю на мяжы

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда 8 лістапада абмеркаваў сытуацыю на беларуска-польскай мяжы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. У гэтым пытаньні дзьве краіны цалкам салідарныя, заявіў кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі польскага прэзыдэнта Якуб Кумах.

21:15 8.11.2021

Польшча часова закрывае памежны пераход у Кузьніцы

Ад 7.00 раніцы 9 лістапада польскі бок прыпыняе дзейнасьць памежнага пераходу ў Кузьніцы на мяжы Беларусі і Польшчы. Польскія памежнікі паведамляюць, што праехаць можна будзе празь пераходы ў Тарэспалі і Баброўніках.

21:11 8.11.2021

Прадстаўнік польскага ўраду: каля мяжы цяпер 3-4 тысячы асобаў

Прэсавы сакратар польскага ўраду Пётар Мюлер заявіў, што каля беларуска-польскай мяжы зь беларускага боку знаходзяцца 3-4 тысячы мігрантаў.

20:45 8.11.2021

Памежны камітэт Беларусі пацьвердзіў інфармацыю пра стрэлы на мяжы

Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што стрэлы адбыліся з польскага боку. Пра гэта са спасылкай на Памежны камітэт паведамляе БелТА.

20:04 8.11.2021

Польскую мяжу ахоўвае паліцыя і верталёт

У твітэр-акаўнце падляскай паліцыі зьявілася відэа, як мяжу ахоўваюць паліцэйскія, а зьверху тэрыторыю патрулюе верталёт.

19:57 8.11.2021

На беларуска-польскай мяжы былі чутны стрэлы

Відэа страляніны апублікаваў блогер Антон Матолька.

19:36 8.11.2021

У МЗС Літвы прапанавалі ўвесьці санкцыі супраць беларускіх аэрапортаў

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс прапанаваў унесьці ў новы санкцыйны сьпіс беларускія аэрапорты, празь якія мігрантаў дастаўляюць з краінаў Азіі. «Усе сусьветныя авіякампаніі павінны ўсьвядоміць, што іх палёты ў Беларусь зьяўляюцца супрацоўніцтвам са злачынным рэжымам»,цытуе яго словы ТАСС.

18:46 8.11.2021

Заява польскіх спэцслужбаў: Лукашэнка спрабуе дэстабілізаваць Польшчу, Літву і Латвію

Польскія спэцыяльныя службы апублікавалі заяву ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі на польска-беларускай мяжы.

«Цяперашняя сытуацыя на беларуска-польскім памежжы, — сказана ў заяве, — вынік наўмыснай эскаляцыі напружанасьці зь беларускага боку. У раёне нашай мяжы апынуліся вялікія групы мігрантаў, якія цалкам кантралююцца беларускімі службамі і войскам. Фактычна пачалася скаардынаваная спроба масавага ўезду на тэрыторыю Рэспублікі Польшча мігрантаў, выкарыстоўваных Беларусьсю для гібрыднай атакі на Польшчу».

Дзеяньні беларускага боку ацэньваюцца ў заяве як наступства абранай Лукашэнкам формы помсты Польшчы, Літве і Латвіі:

«Ствараючы штучны міграцыйны маршрут і цынічна эксплюатуючы мігрантаў, Лукашэнка спрабуе дэстабілізаваць Польшчу, Літву і Латвію, а таксама прымусіць Эўразьвяз адмяніць санкцыі, уведзеныя супраць менскага рэжыму».

Апрача таго, аўтары заявы лічаць, што Лукашэнка таксама хоча змусіць Польшчу і іншыя эўрапейскія краіны адмовіцца ад падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі. Паводле іх, крызіс на беларуска-польскім памежжы носіць палітычны характар і быў створаны дзяржаўнымі структурамі Беларусі супраць Польшчы, Літвы і Латвіі.

«Польшча робіць адэкватныя крокі для абароны польскай мяжы, якая таксама ёсьць зьнешняй мяжой NATO і Эўразьвязу. Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з нашымі партнэрамі — як у NATO, так і ў ЭЗ. Нашы саюзьнікі неаднаразова выказвалі сваю падтрымку дзеяньням Польшчы, накіраваным на бясьпеку нашай мяжы. Такія дзеяньні падтрымліваюць і палякі, якія чакаюць ад польскіх уладаў абароны ў першую чаргу мяжы Польшчы», — цьвердзіцца ў заяве спэцыяльных службаў Польшчы.

18:36 8.11.2021

Амбасадары краін NATO абмяркуюць сытуацыю на беларуска-польскай мяжы

Амбасадары краін NATO на пасяджэньні Паўночнаатлянтычнай рады ў аўторак ці сераду маюць абмеркаваць сытуацыю на беларуска-польскай мяжы, паведамілі крыніцы Радыё Свабода ў альянсе.

Крыніцы кажуць, што 4-ы артыкул NATO пакуль ня будзе ўводзіцца ў дзеяньне, але гэтага нельга выключаць у будучыні.

Пытаньне пра сытуацыю на беларуска-польскай мяжы таксама мае абмяркоўвацца амбасадарамі краін Эўразьвязу ў сераду. Працягваецца праца над пятым пакетам санкцый ЭЗ супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, і чакаецца, што ён можа быць гатовы да сустрэчы міністраў замежных спраў краінаў Эўразьвязу 15 лістапада. Паводле апошніх зьвестак, у гэтым пакеце будзе каля 30 фізычных і юрыдычных асобаў.

18:27 8.11.2021

Мігранты паставілі намёты каля мяжы з Польшчай

Мігранты ўсталявалі намёты проста ля агароджы на мяжы з Польшчай і паляць вогнішчы.

18:12 8.11.2021

Частка мігрантаў дабралася да памежнага пераходу «Кузьніца»

Там яны таксама ня могуць прайсьці. З аднаго боку іх не пускаюць польскія памежнікі, з другога – беларускія вайскоўцы, якія трымаюць браму, каб уцекачы не выходзілі на дарогу. Пра гэта паведамляе блогер Антон Матолька.

18:03 8.11.2021

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда сабраў тэрміновую нараду

Прэзыдэнт Польшчы праводзіць нараду з нагоды сытуацыі на беларуска-польскай мяжы. Пра гэта паведамляе сайт прэзыдэнта Польшчы.

17:55 8.11.2021

Памежны камітэт Беларусі: Сытуацыя на мяжы застаецца напружанай

Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што на беларуска-польскай мяжы застаецца каля 2 тысяч уцекачоў.

«Па словах іншаземцаў, канчатковай мэтай іх маршруту зьяўляецца ЭЗ, дзе яны хочуць зьвярнуцца з хадайніцтвам аб прадастаўленьні абароны, а тэрыторыю Рэспублікі Беларусь яны не разглядаюць як месца знаходжаньня», – паведаміў Памежны камітэт Беларусі.

Таксама прадстаўнікі памежнага камітэту адзначылі, што «нягледзячы на адсутнасьць агрэсіўных дзеяньняў, польскія памежнікі задзейнічалі авіяцыю і сьлезацечны газ».

Менавіта таму, па словах прадстаўнікоў Памежнага камітэту «уцекачы перайшлі да больш рашучых дзеяньняў».

17:21 8.11.2021

Мігранты штурмуюць агароджу на мяжы

Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы апублікавала відэа чарговай спробы прарыву беларуска-польскай мяжы. Мігранты штурмуюць агароджу пры дапамозе рыдлёвак.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG