Украіна бясплатна атрымлівае вакцыны ў рамках COVAX, ініцыятывы салідарнасьці міжнароднай супольнасьці для палягчэньня доступу да эфэктыўных і бясьпечных вакцын супраць COVID-19 для ўсіх краін, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя Ўкраіны.
Усяго ў рамках COVAX разам з гэтай пастаўкай UNICEF паставіў ва Украіну 7 415 810 доз вакцын розных вытворцаў (Pfizer, Moderna, AstraZeneca і Sinovac).
«Глядзець, як людзі задыхаюцца ў перапоўненых бальніцах, немагчыма. Зь іншага боку, прышчэпленыя людзі ў 5 разоў радзей заражаюцца і маюць больш чым у 10 разоў меншую рызыку шпіталізацыі, чым непрышчэпленыя. Паводле апошняга апытаньня UNICEF, 42% украінцаў, якія яшчэ не прышчэпленыя, гатовыя да прышчэпкі, што абнадзейвае. Калі ласка, атрымайце абарону зараз», — сказаў кіраўнік прадстаўніцтва UNICEF ва Украіне Мурат Шахін.
З канца кастрычніка ва Ўкраіне зафіксаваны рэкордна высокі ўзровень новых інфэкцый і сьмерцяў ад COVID-19. Па стане на 7 лістапада ва Ўкраіне з пачатку пандэміі каранавірусам заразіліся больш за тры мільёны чалавек, больш за 72 тысячы памерлі, паведамляе Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны.
ЭЗ гатовы дапамагчы беларусам і прадаставіць вакцыны ад COVID-19. Пра гэта прыканцы кастрычніка па выніках размовы па відэасувязі з эўракамісарам Олівэрам Вархеем заявіла Святлана Ціханоўская. Яны абмеркавалі прадастаўленьне Беларусі мільёна бясплатных эўрапейскіх вакцын. «Застаецца адзінае пытаньне: як даставіць і рэалізаваць гэтыя вакцыны ў Беларусі», — казала Ціханоўская.
Пазьней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня бачыць сэнсу завозіць у Беларусь заходнія вакцыны ад ковіду. Ён лічыць, што прадстаўленыя ў Беларусі расейская і кітайская вакцыны зарэкамэндавалі сябе значна лепш за заходнія аналягі.