Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская дамовілася з Эўразьвязам пра вакцыны для беларусаў. Застаецца пытаньне, як іх даставіць


З прычыны сытуацыі з каранавірусам у Беларусі Сьвятлана Ціханоўская правяла тэрміновы званок з камісарам Эўразьвязу Олівэрам Варгеліем наконт вакцын для беларусаў, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

Сьвятлана Ціханоўская стэлефанавалася з эўракамісарам Олівэрам Варгеліем і расказала яму пра крытычную сытуацыю з каранавірусам у Беларусі. Спасылаючыся на зьвесткі з дакладу Фонду мэдычнай салідарнасьці, яна паведаміла, што кожны дзень толькі ў бальніцах Менску памірае ад 5 да 15 чалавек, а статыстыка Міністэрства аховы здароўя можа быць заніжаная больш як у 10 разоў.

Разам з эўракамісарам яны абмеркавалі спосабы дапамагчы беларусам захаваць здароўе і перадачу Беларусі мільёна бясплатных эўрапейскіх вакцын. Гаворка ішла таксама пра ліст дэмакратычных сілаў пра вакцыны для Беларусі.

Пасьля відэазванку Олівэр Варгелій заявіў пра падтрымку Ціханоўскай і распрацоўку пакета дапамогі для Беларусі.

«Пытаньне каранавірусу ў Беларусі трэба вырашаць тэрмінова. Мы ўжо правялі кансультацыі пра гэта з COVAX, СААЗ, урадамі Польшчы, Вугоршчыны і Нямеччыны. Сёньня я была рада пачуць ад эўракамісара пра гатоўнасьць Эўразьвязу дапамагчы беларусам і перадаць вакцыны. Застаецца адзінае пытаньне: як даставіць і рэалізаваць гэтыя вакцыны ў Беларусі. І мы ўсе разам працуем над ім, таму што каранавірус ні ў якім разе не павінен быць пытаньнем палітыкі — гэта выключна пытаньне здароўя і жыцьцяў беларусаў», — сказала Ціханоўская.

Офіс Сьвятланы Ціханоўскай зноў заклікае беларусаў насіць маскі, прышчапляцца даступнымі вакцынамі, прытрымлівацца бясьпечнай дыстанцыі і па меры магчымасьці працаваць з дому.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG