Стары замак пачалі аднаўляць у 2015 годзе пасьля таго, як у адной з заляў музэю, які месьціўся ў замку, правалілася падлога. Нядаўна скончылася першая чарга рэканструкцыі. Усяго чэргаў мае быць тры.
У некаторых адноўленых або наноў пабудаваных спрэчных памяшканьнях, кшталту чатырохпавярховай камяніцы над Нёманам, якой мо ніколі і не існавала, стварылі новыя экспазыцыі ад моманту заснаваньня Горадні да XVIII стагодзьдзя.
Некалькі заляў прысьвечаныя гісторыі будаўніцтва горадзенскага замка. Там можна ўбачыць будаўнічыя матэрыялы, якія знайшлі археолягі: цэглу, галасьнікі, плітку падлогі, кавалкі парталаў ад XII да XVIII стагодзьдзяў, калі замак быў перабудаваны саксонскімі каралямі (Сасамі). Наступныя залі прысьвечаныя гісторыі Горадні ў часы Старажытнай Русі.
Заля на трэцім паверсе прысьвечана барацьбе з крыжакамі ў XIV–XV стагодзьдзях. Прадстаўлена зброя, рыштунак воінаў.
Некалькі заляў прысьвечаныя жыцьцю Горадні ў часы Стэфана Баторага.
У замку прадставілі як старыя экспанаты, так і знойдзеныя нядаўна, падчас апошніх археалягічных раскопак у двары замка. Сярод навінак — кавалак гарматы прыкладна канца XIV ст., гэта самая старая агнястрэльная зброя, якую знайшлі на тэрыторыі Беларусі. Ёсьць пярсьцёнак крыжацкага рыцара, знойдзены на тэрыторыі горадзенскага Старога замка. Мастак Зьміцер Шапавалаў аднавіў па фатаздымках гравюру Макоўскага зь відам на цэнтар Горадні 1600 году, яна будзе служыць клішэ, каб зь яе рабіць новыя адбіткі гравюры.
Выставілі шмат артэфактаў, якія знайшлі ня толькі на замку, але і ў іншых частках Горадні: посуд, кафлю, матрыцу для вырабу аконных рамаў, матрыцу для вырабу кафлі.
Прадставілі навуковыя распрацоўкі: макет Горадні XII стагодзьдзя, які зрабіў Ігар Адасік, воінаў эпохі Стэфана Баторага, адноўлены па гістарычных узорах і апісаньнях менскім гісторыкам і архітэктарам Андрэем Шулаевым сьцяг Стэфана Баторага і сьцяг з аленем сьвятога Губэрта, апекуна Горадні.
Прадстаўнікі «Белрэстаўрацыі» зрабілі печы ўзору XIV–XVII стагодзьдзяў з кафлі і начыньня, якія знайшлі пры раскопках.
Цягам наступных гадоў плянуюць зрабіць экспазыцыі і ў іншых пакоях: у каралеўскай капліцы над брамай, каралеўскай лазьні на трэцім паверсе вежы над Нёманам і алебастравай залі на чацьвёртым, пакоі каралеўскага сакратара ў новазбудаванай камяніцы. Гэтыя памяшканьні ў будучыні плянуюць прыгожа аздобіць, расьпісаць.
Аднак сьцьвярджаць, што менавіта ў гэтых месцах існавалі такія пакоі раней, нельга. Дзе была капліца, невядома. Лазьня і алебастравая заля, паводле дакумэнтаў, знаходзіліся ніжэй, чым іх зьмясьцілі. Пра пакой каралеўскага сакратара ўвогуле няма гістарычных зьвестак.
Як выглядаў Стары замак да рэканструкцыі
Як выглядае замак пасьля рэканструкцыі