Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Якуба Ясінскага; год таму — краіны Эўразьвязу дамовіліся аб новых санкцыях адносна Беларусі


Бітва паўстанцаў пад Рацлавіцамі, паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі
Бітва паўстанцаў пад Рацлавіцамі, паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі

Падзеі 4 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

4 лістапада 1794 году загінуў Якуб Ясінскі, вайсковы дзеяч, палітык, кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 г. на землях Вялікага Княства Літоўскага

Ягонае імя застаецца ў ценю Касьцюшкі, між тым менавіта Якуб Ясінскі кіраваў вызвольным паўстаньнем 1794 году на абшарах дзяржавы нашых прадзедаў — Вялікага Княства Літоўскага.

У ноч на 23 красавіка патрыёты авалодалі Вільняй, дзе ўладу ўзяў у свае рукі Часовы ўрад — Найвышэйшая Літоўская Рада. Яна прызначыла Ясінскага камэндантам арміі Вялікага Княства Літоўскага, іначай кажучы, паставіла яго на чале збройных сілаў паўстанцаў.

Трыццацітрохгадовы афіцэр належаў да гэтак званых «віленскіх якабінцаў» — прыхільнікаў ідэяў Францускае рэвалюцыі, што выступалі з патрабаваньнямі рэспублікі, роўнасьці станаў і адмены прыгону. Маючы паэтычныя здольнасьці, ён быў аўтарам патрыятычных твораў, у тым ліку напісаных па-беларуску вершаваных праклямацыяў. У ягоных аддзелах сьпявалі «Песьню беларускіх жаўнераў»:

Нашто землю нам забралі?

Пашто ў путы закавалі?

Дакуль будзем так маўчаці?

Годзе нам сядзець у хаце!

Возьмем косы ды янчаркі,

Пойдзем гордыя гнуць каркі!

Пойдзем жыва да Касьцюшкі,

Рубаць будзем маскалюшкі!

Няхай маскаль уступае,

Няхай беларусаў знае!

Інсургенты, якіх у Вялікім Княстве налічвалася сорак тысяч, узялі Берасьце, Горадню, Наваградак, Слонім, Пінск, Ліду, Браслаў... У траўні 1794-га Ясінскі з дывізіяй, у якой большую частку складалі сяляне, разграміў расейцаў каля Палянаў, паблізу Ашмян. За гэтую перамогу ён атрымаў ранг генэрал-лейтэнанта.

Але ў паўстанцкім кіраўніцтве не было адзінства. Напалоханы радыкалізмам Ясінскага, Касьцюшка адхіліў яго ад камандаваньня. Літоўская Рада была абвінавачаная ў сэпаратызьме й распушчаная. Між тым у Беларусі зьявіліся карныя войскі на чале з Суворавым...

Паўстаньне згасала. 4 лістапада Сувораў штурмам захапіў варшаўскае прадмесьце Прагу (правабярэжжа Віслы), дзе яго салдаты зь нечалавечай лютасьцю зьнішчылі ўсіх абаронцаў і жыхароў — блізу дваццаці пяці тысяч. Расейцы не шкадавалі нікога. У мацярок адбіралі ад грудзей немаўлятаў, каб ня вырасьлі й не адпомсьцілі. Манашак, што засталіся ў кляштарах, згвалцілі й зарэзалі...

Побач зь людзкімі целамі на вуліцах і пляцах грувасьціліся трупы коней, сабак і катоў, бо разьюшаныя крывёю расейскія салдаты не выпускалі жывымі нават жывёлаў. Таго дня сустрэў сьмерць у баі й Якуб Ясінскі.

Ці чулі вы што-небудзь пра ўшанаваньне ў Беларусі ягонай памяці? Ці ёсьць дзе-небудзь вуліца ягонага імя? Затое вуліц Суворава — дзясяткі.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 22-23.

У гэты дзень год таму

  • Прадстаўнікі ўсіх краінаў Эўразьвязу дамовіліся пра ўвядзеньне новых санкцыяў супраць уладаў Беларусі, у тым ліку супраць Аляксандра Лукашэнкі.
  • Яшчэ чатырох мэдыкаў асудзілі на «суткі» за ўдзел у акцыі пратэсту.
  • Выкладчыкі і супрацоўнікі Акадэміі мастацтваў запісалі зварот у падтрымку студэнтаў, адлічаных з палітычных матываў.
  • На «Беларуськаліі» — сьмяротны выпадак, загінуў супрацоўнік трэцяга рудаўпраўленьня 11 горнага ўчастку Мікалай Лявончык.

Таксама ў гэты дзень

1661 — у бітве пад Кушлікамі войска Рэчы Паспалітай здабыла перамогу над войскам Маскоўскай дзяржавы.

1794 — расейскія войскі пад камандай Аляксандра Суворава ўзялі штурмам прадмесьце Варшавы Прагу.

1863 — расейскія карнікі схапілі паўстанцкага камісара Менскай губэрні Міхала Аскерку. Ён быў расстраляны, нягледзячы на тое, што родныя і сябры здолелі атрымаць ад генэрал-губэрнатара Мураўёва дакумэнты аб зьмякчэньні прысуду. Але паведамленьне пра скасаваньне сьмяротнага пакараньня было накіравана ў Магілёў у вечар пасьля экзэкуцыі. Гэты эпізод апісаны Ўладзімерам Караткевічам у рамане «Нельга забыць».

1924 — у Віцебску адкрыўся вэтэрынарны інстытут.

1946 — Уступіў у сілу Статут UNESCO, Арганізацыі ААН па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры.

2008 — на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША перамог Барак Абама.

Барак Абама
Барак Абама

У гэты дзень нарадзіліся

1296 — Альгерд Гедзімінавіч, князь крэўскі і віцебскі, вялікі князь літоўскі

1887 — Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), беларускі пісьменьнік і дзяржаўны дзяяч.

Зьміцер Жылуновіч
Зьміцер Жылуновіч

1906 — Аляксандра Нікалаева, беларуская балерына.

1929 — Сяргей Карніловіч, дзяяч беларускай эміграцыі.

1940 — Яўген Гучок, беларускі паэт.

У памяці

1863 — Казімер Кабылінскі, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў.

1955 — Генрых Грыгоніс, беларускі актор.

1937 — расстраляны Аляксандар Вальковіч, дзяяч БНР, народны сакратар фінансаў БНР. У 1920 годзе эміграваў, у 1925 — вярнуўся ў БССР. У 1937-м асуджаны за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» на найвышэйшую меру пакараньня.

1937 — расстраляныя беларускі мастак Хрыстафор Даркевіч і ягоны брат, мастацтвазнаўца Пятро Даркевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG