Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мова 404». Выйшла кніга пра дыскрымінацыю беларускамоўных у Беларусі


Вокладка кнігі "Мова 404" аўтарства Аліны Нагорнай
Вокладка кнігі "Мова 404" аўтарства Аліны Нагорнай

Ці могуць людзі сутыкнуцца з дыскрымінацыяй за нацыянальную мову? У кнізе «Мова 404» сабраныя гісторыі людзей, якія размаўляюць па-беларуску ў сваёй краіне і маюць з гэтага нямала праблемаў.

Аўтарка выданьня — моўная актывістка Аліна Нагорная, сузаснавальніца разам з мужам Ігарам Случакам ініцыятывы «Ўмовы для мовы». Гэта ўжо не дэбютная праца: раней выдадзены дапаможнік пра абарону моўных правоў з адпаведнай назвай — «Абаронім мову!».

Пра ідэю «Мовы 404»

Калі жыць у Беларусі і размаўляць на роднай мове, дык гэта той яшчэ квэст, адсылае Аліна Нагорная да першапрычын дасьледаваньня. Дыскрымінацыя паводле моўнай прыкметы — факт бясспрэчны і відавочны, канстатуе яна.

«Мова — рытм сэрца. Калі хочуць зьнішчыць нацыю, пачынаюць з мовы. Беларускую зьнішчалі больш за тры стагодзьдзі. Дый цяпер за яе могуць зьняважыць, абразіць і нават пабіць. Па-беларуску ў краіне немагчыма атрымаць адукацыю, заключыць дамову ці купіць воцат у краме — не зразумеюць. „Уразьлівая“ — так UNESCO вызначае цяперашні статус беларускай мовы. Я задумала кнігу, каб паказаць маштаб праблемы. А каб штосьці вырашыць, трэба гэта ўбачыць, бо першы крок — асэнсаваньне. Толькі ад нас залежыць, што будзе заўтра», — перакананая аўтарка.

Аліна Нагорная з новай кнігай "Мова 404"
Аліна Нагорная з новай кнігай "Мова 404"

Гісторыі дыскрымінаваных герояў кнігі «Мова 404»

«127 чалавек трымалі разам у адным дворыку. Амапаўцаў вельмі раззлавала мая дэклярацыя па-беларуску, і мяне, поўнасьцю голага, пачалі паказальна перад усімі біць. Гэта дакладна рабілі беларусы, бо яны ўсё разумелі і безь перакладу, а толькі казалі: «А-а-а, на беларускай мове!».

«Актыўна размаўляць па-беларуску я пачала ад лета. Як адрэагавала сям’я? „Говори нормально!“. Гэта першае выпрабаваньне, зь якім чалавек сутыкаецца, калі вырашае кантактаваць на мове. Непрыняцьце з боку блізкіх — найбольшае псыхалягічнае выпрабаваньне на гэтым шляху».

«Нам далі блянк, ён быў па-расейску, мы запоўнілі па-беларуску. І цётачка за акенцам, міліцыянтка, адкінула паперку: «Нет, не положено! Заполняется по-русски! Перепишите, иначе не приму!». Як яна патлумачыла, «пограничники потом будут расшифровывать эту вашу мову».

«У «Белсаюздруку» папрасіў агульны сшытак. На што мне сказалі, што іх няма. Я пасьля паглядзеў і кажу: «Дык вось жа ляжаць!». А мне прадавачка ў адказ: «Не говорите со мной на иностранном языке».

«Я ўзяў білет, падрыхтаваўся, сеў і пачаў адказваць на беларускай мове. На другой фразе ён мяне патрабавальна спыніў: «Нет-нет-нет! По-белоруски вы не будете отвечать!»

Пра «фатальную» назву

Аліна Нагорная патлумачыла, чаму вынесла ў назву кнігі добра вядомы інтэрнэт-сымбаль пра «памылку пошуку».

«Памылка 404 вядомая ўсім, хто карыстаецца інтэрнэтам. Часам хочаш націснуць на нейкую спасылку, каб знайсьці патрэбную інфармацыю, а там раптам выскоквае Not Found (ня знойдзена). Так і зь беларускай мовай. Паводле Канстытуцыі яна нібыта дзяржаўная, але толькі на паперы, у рэальнасьці закон не працуе. Бо калі хочаш яе дзесьці пачуць, то адразу бачыш „Mова 404“. І гэтую памылку пад сілу выправіць толькі нам», — ня страчвае аптымізму Аліна Нагорная.

Сьведчаньні моўнай дыскрымінацыі пад адной вокладкай
Сьведчаньні моўнай дыскрымінацыі пад адной вокладкай

Гісторыі дыскрымінаваных герояў кнігі «Мова 404»

«Калі ладзілі вясельле і расьпісваліся ў ЗАГСе, папярэдне ў заяве падкрэсьлілі, што выбіраем цырымонію па-беларуску. На блянку ёсьць пункт выбару мовы. І вось мы такія прыгожыя заходзім, рэгістратар адкрывае рот і... праводзіць усю цырымонію па-расейску».

«Мае юрысты падрыхтавалі форму па-беларуску, але высьветлілася, што ў заканадаўстве яна існуе толькі на расейскай. На гэтай падставе супрацоўніца выканкаму адмовілася прымаць пакет дакумэнтаў».

«Збольшага ўсе маўчалі, пакуль я ня выпісаў „Пасьведчаньне аб сьмерці“. Дакумэнт ідзе ў ЗАГС, а пасьля на Менск. Абурыліся супрацоўнікі міністэрства, тэлефанавалі, каб гэтага доктара „в чувство привели“, „что он там вытворяет?“. Каб перастаў пісаць на беларускай мове».

«Зайшла ў інфакіёск, там ёсьць выбар мовы — расейская, ангельская, нават кітайская. І няма беларускай. Я напісала скаргу, каб яны гэтае пытаньне вырашылі. Цяпер у мяне ёсьць афіцыйны адказ: «Дадаць беларускую тэхнічна немагчыма».

«21 студзеня 2008-га мяне затрымалі за мітынг у падтрымку прадпрымальнікаў — напалі людзі ў цывільным і пацягнулі за валасы па лесьвіцы. Завалаклі ў апорны пункт на Кастрычніцкай. Калі пачаў гаварыць па-беларуску, спынілі: „Говори по-русски!“. А потым пачалі біць. Са мной яшчэ быў сябра, яго не чапалі, бо перайшоў на-расейскую».

Пра зьмест кнігі

Кніга «Мова 404» мае замежны выдавецкі нумар ISBN, бо праўда пра беларускую мову, як адзначыла Аліна Нагорная, ня ўпісваецца ў афіцыйную ідэалёгію.

«Пад вокладкай „Мова 404“ сабраныя рэальныя гісторыі людзей, што размаўляюць у Беларусі па-беларуску. Я вельмі ўдзячная героям гэтай кнігі за шчырасьць і сьмеласьць. Таксама ёсьць і мастацкая частка — азначэньне некаторых беларускіх словаў у адпаведнасьці зь сёньняшняй грамадзка-палітычнай і культурнай сытуацыяй у краіне. Своеасаблівы слоўнік мовы, якая пад пагрозай», — расказала суразмоўца.

Прыклады сэгрэгацыі паводле моўнай прыкметы
Прыклады сэгрэгацыі паводле моўнай прыкметы

Гісторыі дыскрымінаваных герояў кнігі «Мова 404»

«Калі пераехаў у Беларусь, стаў усю дакумэнтацыю весьці па-беларуску. Прайшоў тыдзень ці два, выклікала загадчыца паліклінікі, спытала, што гэта такое. Я: «У нас дзьве дзяржаўныя мовы, якую хачу, такую і выбіраю». Яна: «Нельзя по-белоруски, только по-русски». Кажу, столькі гадоў пражыў у Расеі, 12 гадоў адпрацаваў лекарам, цяпер хачу скарыстацца магчымасьцю пісаць па-беларуску. Тая ў адказ: «Чтобы нигде ее не было!».

«Запоўніла блянк на банкаўскую картку ў „Беларусбанку“. Картка не працавала, некалькі разоў хадзіла, не маглі зразумець прычыну. Праз два месяцы высьветлілі, што справа ў беларускай мове, давялося нанова перапісваць дадзеныя».

«Неяк з кімсьці размаўляў па-беларуску, а побач дзеці гулялі і пачулі беларускую мову, дык пачалі за сьпінай крычаць: «Фашыст, фашыст, нацыст, нацыст!».

«Я сустракалася пэўны час з хлопцам, і адна з прычын, чаму мы разышліся, што ён сказаў: «Вось ты гаворыш па-беларуску, я так не магу. Не хачу, каб у мяне была беларускамоўная дзяўчына, я хачу нармальную».
«Мяне выклікала начальніца і паставіла ўльтыматум, што на працы я павінна размаўляць выключна па-расейску».

«Я папрасіла кавы, і мне прынесьлі „Каву“ — гішпанскае пеністае віно...»

Пра моўныя пэрспэктывы

Рэдактарам кнігі «Мова 404» выступіў юрыст Ігар Случак, муж і аднадумца Аліны Нагорнай. У свой час ён запачаткаваў практыку прыцягненьня да адказнасьці за парушэньне моўных правоў, істотна пашырыўшы ўжываньне роднай мовы ў розных сфэрах — ад заканадаўства да спорту.

«Каб абараніць правы людзей, што размаўляюць па-беларуску, мы заснавалі ініцыятыву „Ўмовы для мовы“. Ладзім грамадзкія кампаніі, у выніку якіх беларуская мова зьяўляецца на шыльдах, квітках, сайтах, дамовах, афішах, вакзалах. Атрымалася нават тое, што здаецца немагчымым у Беларусі, — зьмяніць некалькі нормаў заканадаўства на карысьць беларускай мовы. За сваю дзейнасьць сутыкаемся зь перасьледам — ад затрыманьняў і пагрозаў да начных візытаў міліцыянтаў і ламаньня плоту. Але справа жыве, і беларусы яе падтрымліваюць», — падсумавала Аліна Нагорная.

Моўныя актывісты Ігар Случак і Аліна Нагорная з сынам Стэфанам
Моўныя актывісты Ігар Случак і Аліна Нагорная з сынам Стэфанам

Гісторыі дыскрымінаваных герояў кнігі «Мова 404»

«Пакупніца выклікала на мяне міліцыянтаў і напісала скаргу, што я „разговариваю с покупателями на непонятном языке“. Прыехала абласная падатковая, правялі ў мяне праверку, склалі пратакол. Я заплаціў штраф за тое, што адказваў па-беларуску пакупнікам».

«Пасьля жніўня 2020-га мяне затрымалі. Сядзеў у жодзінскім СІЗА № 8. Папрасіў, каб аказалі мэдычную дапамогу. Прыйшоў прапаршчык і сказаў: «А ты вообще на каком-то особенном счету? Когда научишься говорить на нормальном языке, тогда к тебе и придёт помощь».

«У кабінэце сядзелі дзьве жанчыны, якія, паглядзеўшы мае дакумэнты па-беларуску, пачалі сьмяяцца: „А чаму не па-кітайску?“ Я так і прысела: „Таму што дзьве дзяржаўныя, зрабіла на адной зь іх“.
— Вообще-то, у нас русский главный.
— У сэнсе? Дзе гэта напісана?
— Ну вообще два государственных, но руский главный и так не принимают».

«Зайшла ў рэстарацыю фастфуду, хацела замовіць кебаб зь ялавічынай. Там папрасілі размаўляць „по-нормальному“. Я абурылася, сказала: „Гэта дзяржаўная мова, і вы мяне дыскрымінуеце“. Прадавец адказаў, што ён не абавязаны размаўляць на „мёртвай мове“. Натуральна, напісала скаргу ў кнігу заўваг і прапаноў».

«Як толькі перайшла на беларускую, адна дзяўчына проста ў вочы сказала, што я „з глузду зьехала“. Маўляў, толькі з гэтай прычыны людзі могуць пачаць гаварыць па-беларуску. Кшталту „дзьве дзяржаўныя мовы“, навошта ствараеш праблемы. А было і такое, што ўпершыню сустрэлі беларускамоўную асобу і нават рабілі са мной сэлфі».

Ад пачатку 1990 году і да 14 траўня 1995-га беларуская мова была адзінай дзяржаўнай паводле Канстытуцыі. Нягледзячы на дзьвюхмоўе з ухілам у расейскую, узаконенае рэфэрэндумам, на падставе Закону аб мовах намінальна яна заставалася ў ранейшым статусе да 23 ліпеня 1998-га.

За прамінулы час сфэра ўжытку беларускай мовы на дзяржаўным узроўні істотна звузілася. Паводле перапісу насельніцтва 2019 году толькі 31,7% беларусаў назвалі беларускую мову «хатняй». Для прыкладу, у 1999-м такіх было амаль 45%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG