Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі меней за 1,5% праўных актаў выдаюцца на беларускай мове, астатнія па-расейску


Беларуская мова. Аўтарка Вікторыя Цалуйка
Беларуская мова. Аўтарка Вікторыя Цалуйка

Паводле афіцыйных зьвестак, толькі 1,4% праўных актаў у Беларусі выдаюцца па-беларуску, вынікае з адказу Нацыянальнага цэнтру праўнай інфармацыі на запыт ініцыятывы «Ўмовы для мовы».

У лісьце кіраўніцтва Нацыянальнага цэнтру праўнай інфармацыі, які ўваходзіць у структуру прэзыдэнцкай адміністрацыі і акумулюе сукупнасьць актаў «Заканадаўства Рэспублікі Беларусь», «Рашэньняў органаў мясцовага кіраваньня i самакіраваньня», «Міжнародных дамоваў», канстатуе: на 10 верасьня ў эталённым банку зьвестак разьмешчана 195 130 нарматыўных праўных актаў, 2 729 зь якіх прынялі (выдалі) на беларускай мове.

Такім чынам, ад агульнай колькасьці беларускамоўныя дакумэнты складаюць усяго 1,4%. Пагатоў гэта пераважна стандартныя блянкі ўзнагародных лістоў, накіраваньні ў службовыя выправы і г. д. Сапраўды важных актаў па-беларуску наўрад ці набярэцца і пад сотню, наракае сузаснавальніца ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Аліна Нагорная, дадаючы, што з кожным годам сытуацыя толькі пагаршаецца.

Для параўнаньня яна прыводзіць лічбу, да якой апэляваў Канстытуцыйны суд у 2014 годзе, — тады доля такіх актаў перавышала 3%.

Адказ пра выкарыстаньне беларускай мовы ў нарматыўных актах
Адказ пра выкарыстаньне беларускай мовы ў нарматыўных актах

«Нават за савецкім часам усе законы выдаваліся на дзьвюх мовах. І тое, што цяпер беларусы ня могуць атрымаць праўную інфармацыю на роднай мове, — гэта дыскрымінацыя паводле моўнай прыкметы, а таксама парушэньне дзяржавай артыкулу 17 Канстытуцыі Беларусі. Дзяржаўная мова — мова, на якой мусіць быць усё: праўныя акты, адукацыя, войска, дамовы, тэлевізія, этыкеткі ў крамах, квіткі ў транспарце. І нават калі дзьве дзяржаўныя мовы, усё абавязковым чынам робіцца на дзьвюх мовах, ніхто ня мае права ігнараваць нейкую адну», — адзначае Аліна Нагорная.

Ад пачатку 1990 году і да 14 траўня 1995-га беларуская мова была адзінай дзяржаўнай паводле Канстытуцыі. Нягледзячы на дзьвюхмоўе з ухілам у расейскую, узаконенае рэфэрэндумам, на падставе Закону аб мовах намінальна яна заставалася ў ранейшым статусе да 23 ліпеня 1998-га.

У параўнаньні з пачаткам 1990-х сфэра ўжытку беларускай мовы на дзяржаўных узроўні істотна звузілася.

Акрамя таго, паводле перапісу насельніцтва 2019 году 31,7% беларусаў назвалі беларускую мову «хатняй». Для прыкладу, у 1999-м такіх было 44,9%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG