Паводле палітыка, Лукашэнка дзеля барацьбы з апазыцыяй за мяжой зьвяртаецца да беларускіх спэцслужбаў, былых чыноўнікаў і крымінальных «аўтарытэтаў».
Вось што сам Латушка расказаў тэлеканалу «Настоящее время» пра пагрозы яму і іншым апазыцыянэрам.
— За апошнія некалькі месяцаў я налічыў больш за 20 рознага віду пагрозаў, зьвязаных з патэнцыйным фізычным гвалтам або сьмерцю на мой адрас, якія мелі публічны і непублічны характар. Адзін з прыкладаў — гэта калі падчас адной з маніфэстацыяў у Варшаве я накіроўваўся ад Палаца навукі і культуры ў бок амбасады Беларусі, да мяне падышоў малады чалавек і сказаў, што ня раіць мне хадзіць на акцыі, маніфэстацыі ў сувязі з тым, што я павінен баяцца ўдару ў сьпіну нажом.
Ён спытаў, ці баюся я гэтага. Я сказаў: «Вядома, як кожны нармальны чалавек баіцца, але я як палітык разумею ўсе рызыкі». І я спытаў у яго: «Вы не плянуеце, прынамсі зараз, гэта зрабіць?» На што ён, ідучы ў натоўп, сказаў: «Я гэтага не зраблю, але знойдуцца тыя людзі, якія гэта зробяць».
Пагрозы паступаюць, вядома, ня толькі мне. Нават літаральна на гэтым тыдні было апублікаванае відэа тэлеканалам СТВ — нацыянальным тэлеканалам Беларусі, — дзе пад песьню, якая праслаўляе Сталіна, гаворыцца аб тым, што «Сталін здасца для вас вельмі мяккім», паказваюцца фатаграфіі Ціханоўскай, Латушкі і іншых дзеячоў беларускіх дэмакратычных сілаў.
Пагрозы паступалі з вуснаў намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі генэрала Арчакова, які наўпрост сказаў у інтэрвію нацыянальнаму тэлебачаньню — каналу «Беларусь 1» — аб тым, што лідэры беларускай апазыцыі будуць гінуць у аўтамабільных катастрофах.
Гаварыў пра гэта раней намесьнік міністра ўнутраных спраў Карпянкоў, які сказаў: «Мы гатовыя да ўчыненьня тэрарыстычных актаў так, як гэта робяць амэрыканцы, за межамі Беларусі, для таго каб зьнішчаць лідэраў беларускай апазыцыі».
Казаў пра гэта і кіраўнік КДБ Тэртэль, які заяўляў: «Ёсьць вопыт НКУС, які мы задзейнічаем». Нядаўна генэрал Белаконеў — старшыня парлямэнцкай камісіі ў пытаньнях бясьпекі — сказаў: «Мы гатовыя забіць 100 дзеячоў беларускай апазыцыі ўзамен аднаго афіцэра КДБ». І сам Лукашэнка казаў: «Рукі ў нас доўгія, мы паціху дацягнемся да кожнага».
Можаце ўявіць такую гісторыю, што кіраўнік, які валодае адпаведнымі пасадамі, мае званьні, заяўляе гэта ў публічным эфіры і гэта не зьяўляецца злачынствам?
Крымінальная справа яшчэ ў ліпені пададзеная мной у дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, генэрала Карпянкова, генэрала Тэртэля, генэрала Арчакова, кіраўнікоў КДБ, МУС, Рады бясьпекі, а таксама іншых асобаў, якія заяўлялі пра спробы або жаданьне ўчыніць выкраданьне мяне, вываз на тэрыторыю Беларусі з мэтай пакараньня. Гэта першае.
Я праходжу па гэтай справе ў якасьці пацярпелага. Вядома ж, мы тут знаходзімся ў гасьцях. І менавіта ад прымаючага боку шмат у чым залежыць наша бясьпека, але ня толькі ад іх, але і ад нас таксама. Таму тут мы спадзяёмся, што праваахоўныя органы Польшчы распачнуць усе неабходныя дзеяньні для таго, каб гарантаваць нашу бясьпеку.
Тыдзень таму была распачатая крымінальная справа нібыта аб захопе дзяржаўнай улады ў дачыненьні да Ціханаўскай і да мяне. Пагрозы, якія паступаюць, — гэта наступны элемэнт запалохваньня. Гэта значыць — спроба стварыць невыносную псыхалягічную атмасфэру, псыхалягічны эмацыйны ціск на нас для таго, каб мы адмовіліся ад актыўных дзеяньняў. Гэта не спрацоўвае і ня мае эфэкту.
Навошта выкарыстоўваюцца злачынныя элемэнты? Гэта падыход-прыкрыцьцё. Мы выдатна разумеем, што калі гэта ўчыняе крымінальнік — гэта адно, а калі гэта ўчыняе супрацоўнік спэцслужбаў — гэта зусім іншае.
Аляксандар Азараў, экс-начальнік аддзелу ГУБАЗіК, прадстаўнік BYPOL, таксама расказаў у эфіры «Настоящего времени», як, паводле ягонай інфармацыі, можа быць наладжаная праца беларускіх сілавікоў для ліквідацыі апазыцыянэраў за мяжой.
— Раскажыце, хто гэтыя людзі, якіх пералічыў Латушка, якія нібыта рыхтуюць на яго замах: Уладзімер Ціхіня, Аляксандар Кушнераў і Андрэй Посьпехаў?
— Уладзімер Ціхіня — гэта былы першы намесьнік начальніка ГУБАЗіК і найстарэйшы супрацоўнік ГУБАЗіКу. Ён у пачатку 90-х прыйшоў на службу і працяглы час узначальваў упраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю ў ГУБАЗіКу. То бок ён якраз займаўся злачыннымі аўтарытэтамі, займаўся ліквідацыяй банды Марозава ў Гомлі, усіх буйных бандаў, якія былі ліквідаваныя за час яго службы.
Ён мае вялікі аўтарытэт сярод так званых «злодзеяў у законе» і іншых злачынных аўтарытэтаў. Ён зь імі размаўляе асабіста, ён іх нават наведваў у месцах пазбаўленьня волі. І многія, я ведаю, пры затрыманьні казалі: «Я буду размаўляць толькі зь Ціхінем».
Адпаведна, намі таксама была атрыманая інфармацыя, што Ціхіню могуць скарыстаць у ліквідацыі прадстаўнікоў апазыцыі за мяжой. Гэта датычылася BYPOL, Латушкі і штабу Ціханоўскай. Кушнераў якраз, паводле нашай атрыманай інфармацыі, рыхтаваўся да выезду. Мы праверылі гэта, што сапраўды ён зьвярнуўся ў консульства Польшчы ў Менску па візу. І дзякуючы нам у гэтым яму было адмоўлена. І неўзабаве Кушнераў быў затрыманы тымі ж супрацоўнікамі ГУБАЗіКу.
— А чаму ён быў затрыманы?
— Намі была атрымана інфармацыя, што ГУБАЗіК яго доўгі час распрацоўваў. І тут незразумела: альбо гэта была сапраўды дэзынфармацыя, што накіроўваюць «злодзеяў у законе», таму што рэальна для «злодзеяў у законе» «западло» для ўлады нешта рабіць, альбо ўсё ж Кушнерава прымусілі, і ён па выезьдзе мог адмовіцца ад гэтых дзеяньняў і паведаміць у тыя ж праваахоўныя органы аб тым, што яго накіроўваюць. У нас яшчэ ёсьць інфармацыя, што сапраўды рыхтуюць супрацоўнікаў ГРУ для выезду за мяжу.
— ГРУ расейскага?
— Не, беларускага ГРУ. І намі былі вылічаныя некалькі чалавек, якія больш за месяц знаходзіліся ў Польшчы, праводзілі разьведку і вярнуліся назад. У нас ёсьць іх прозьвішчы, пэрсанальныя дадзеныя, мы іх кантралюем з дапамогай спэцслужбаў Польшчы.
— Наколькі Польшча можа эфэктыўна абараніць беларускіх апазыцыянэраў, акрамя таго, што адмаўляць у візе тым людзям, на якіх вы ўжо ўказалі?
— У Польшчы ёсьць спэцслужбы, якія маюць магчымасьці назіраньня, правядзеньня выведкі і кантролю за сытуацыяй на тэрыторыі Польшчы дзякуючы нам. Мы зь імі шчыльна працуем менавіта якраз па ГРУ і па злачынных элемэнтах. Мы даём ім інфармацыю, і яна эфэктыўна выкарыстоўваецца.
Нам вядомы ўвесь асабісты склад ГРУ, так званага шостага аддзелу. Яны ў нас усе пад кантролем, і мы ведаем усе дакумэнты, пад якімі яны заяжджаюць, выяжджаюць, з кім яны выяжджаюць і што яны тут робяць. Мы працуем у гэтым кірунку, гэта нашая функцыя — абарона беларусаў, якія знаходзяцца тут.