Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта будуць арганізаваныя пратэсты». Прадстаўнік BYPOL — пра плян «Перамога» і адказных за спробу суіцыду Латыпава


16 жніўня 2020 году.
16 жніўня 2020 году.

​​​​​​​Былы начальнік аддзелу 3-га ўпраўленьня Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), а цяпер прадстаўнік ініцыятывы BYPOL Аляксандар Азараў расказвае пра абвешчаны ініцыятывай плян «Перамога», камэнтуе спробу суіцыду Сьцяпана Латыпава ў судзе.

Глядзіце размову на відэа цалкам.

Асноўныя тэзісы Аляксандра Азарава

Чаму плян «Перамога» падобны да пляну Генштабу на выпадак паўстаньня ці захопу тэрыторыі

Прадстаўнік ініцыятывы BYPOL Аляксандар Азараў
Прадстаўнік ініцыятывы BYPOL Аляксандар Азараў

— Плян «Перамога» разьлічаны на ўсіх грамадзян Беларусі, на патрыётаў, якія знаходзяцца ў самой Рэспубліцы Беларусь і могуць выканаць пэўныя заданьні ў пэўны час. Гэты плян складзены нашымі спэцыялістамі, якія маюць адукацыю ў дадзенай сфэры, якія служылі ва Ўзброеных сілах. Ён адпавядае такім жа плянам, якія ляжаць у Генэральным штабе ў сэйфе пад грыфам «Сакрэтна» і «Цалкам сакрэтна». У Беларусі такія пляны распрацаваныя на выпадак захопу тэрыторыі замежным ворагам альбо на выпадак паўстаньня. Асноўны плян у Генштабе прадугледжвае, што асноўная пагроза для дзяржавы — паўстаньне ўнутры краіны. Для Лукашэнкі пагроза — паўстаньне свайго ж народу, а не інтэрвэнцыя іншых дзяржаваў. Таму мы распрацавалі аналягічны плян і ня бачым іншага выйсьця. Наш плян напісаны вайсковай мовай, і таму ў цывільных узьнікаюць пытаньні. Мы пісалі той жа мовай, якой напісаныя пляны, што ляжаць у Мінабароны, каб яны бачылі, што ў нас працуюць такія ж спэцыялісты і што мы ведаем, што ў іх адбываецца. У нас інфармацыі вельмі шмат.

Пра «сьпячае падпольле»

— Мы абвясьцілі мабілізацыю ўсіх дэмакратычных сілаў, усіх патрыятычна настроеных грамадзян. Мы не плянуем нейкіх дзеяньняў да ажыцьцяўленьня пэўнай падзеі ў Беларусі. Гэта як бы «сьпячае падпольле». І калі адбудзецца падзея, нешта падобнае, як было ў жніўні, і людзі самі выйдуць на вуліцы без усялякіх заклікаў, каб не адбыўся хаос, мы ўжо гэты рух возьмем пад кантроль. Гэта будуць арганізаваныя пратэсты. Раней яны былі неарганізаваныя, а стануць арганізаванымі. І нават агентам гэта не дапаможа. Бо гэта будзе пэўны дзень, калі пратэсты будуць паўсюль. Яны ня змогуць разарвацца, іх дзеяньні будуць марнымі.

Чаму гэта не паўстаньне на барыкадах

— Мы прымаем жанчын і мужчын, тых, хто служыў, цывільных асобаў, дзейных супрацоўнікаў. Дзеці, канечне, нам не патрэбныя. Нам патрэбныя ўсе. Некаторыя думаюць, што мы плянуем паўстаньне, барыкады, зброю, вілы і наперад... Не, гэта зусім іншы плян. Кожны чалавек апіша свае магчымасьці, і мы кожнаму вызначым сваю ролю. Чым больш людзей далучыцца, тым хутчэй мы пераможам і тым меней стратаў будзе. Мы плянуем, каб гэты плян быў бясьпечны для людзей. У нас ёсьць несакрэтная частка пляну, мы яе будзем публікаваць, але сам плян, дзеяньні людзей — гэта будзе цалкам сакрэтная інфармацыя, і доступ да яе будзе абмежаваны пэўным колам асобаў, каб не было ўцечкі.

Калі наступіць пэўны момант

— Гістарычных аналягаў такому пляну я ня бачу. Падчас Другой сусьветнай вайны падпольле арганізоўвалася па ўказаньні партыі, закідалі дывэрсантаў, якія стваралі партызанскія атрады. Мы нікога нікуды не закідаем... Людзей у нас поўна. Тых, хто хоча пераменаў, хапае. Большасьць галасавала супраць Лукашэнкі. І людзі, нават калі не выходзяць на вуліцы, думку сваю не зьмянілі. І з тых, хто галасаваў за Лукашэнку, цяпер многія разумеюць, што перамены неабходныя. Мы не зьбіраемся накіроўваць людзей на небясьпечныя акцыі. Будзе створаная «сьпячая» структура, якая будзе чакаць пэўнага моманту. І мы яе прывядзем у дзеяньне толькі тады, калі на 100%, нават на 1000% будзем перакананыя, што перамагаем. Даём каманды, калі надыдзе гэты час. Мы чакаем пэўнага моманту.

Пра справу Сьцяпана Латыпава

— Я кантактую з многімі дзейнымі супрацоўнікамі, са звольненымі супрацоўнікамі, з пэнсіянэрамі ГУБАЗіК, і ўсім цяпер сорамна за гэтую арганізацыю. У асноўным 3-е ўпраўленьне па барацьбе з экстрэмізмам займаецца палітычнымі пытаньнямі. Наколькі я ведаю, супрацоўнікі іншых упраўленьняў кажуць, што трэба 3-е ўпраўленьне перасяліць на базу АМАПу, каб яны былі ў адным памяшканьні, бо пераўтварыліся ў АМАП. У нас ёсьць інфармацыя, хто займаўся справай Латыпава, хто яго «распрацоўваў» і дзякуючы каму Латыпава цяпер прыцягваюць да адказнасьці. А таксама ёсьць інфармацыя, хто распрацоўваў і рэалізуе катаваньні ў СІЗА № 1. У нас ёсьць сьпісы агентуры ў турме, якія мы выкладзем на сваім канале, каб людзі ведалі, хто ўжывае супраць іх катаваньні і зьдзекі.

Як даўно выкарыстоўваюць «прэс-хаты» і шантаж

— Так было заўсёды, але гэта тычылася злачынцаў. Але цяпер для 3-га ўпраўленьня злачынцы — гэта грамадзяне, якія ўдзельнічаюць у пратэстах. І ўся моц гэтай машыны накіраваная на звычайных грамадзян, якія проста хочуць дамагчыся праўды і аднаўленьня законнасьці і парадку. Я лічу, што такія мэтады, як «прэс-хата», шантаж празь сям’ю, у дачыненьні і да злачынцаў — парушэньне правоў чалавека.

Як праз паліграф правяраюць дзейных супрацоўнікаў

— Шмат дзейных супрацоўнікаў нам дапамагаюць. Яны служаць, стараюцца сабатаваць загады ці выконваць іх мінімальна, імкнуцца ня ўдзельнічаць у гэтых злачынствах. Але ўладзе цяпер трэба ўсіх моцна запэцкаць. Тыя, хто ня ўдзельнічаў у зьбіваньні людзей, праходзяць праз праверкі паліграфам. Пытаюцца, ці галасаваў ты за Лукашэнку, Калі не, не працягваюць кантракт, пераводзяць на ніжэйшую пазыцыю ці звальняюць. Мы працуем з усімі і заклікаем супрацоўнікаў, якія хочуць служыць і ў новай Беларусі, далучацца да нас — вы адназначна застаняцеся, усё будзе залежаць ад вашага ўнёску ў справу перамогі. Патрэбная рэформа органаў унутраных спраў, назву трэба мяняць таксама. Усе павінны будуць прайсьці праз праверку, і ў новай Беларусі будуць працаваць толькі тыя, хто не рабіў цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG