На сустрэчы з генпракурорам Расеі Ігарам Красновым 28 кастрычніка Лукашэнка зноў пачаў гаварыць пра пагрозы з Захаду, у прыватнасьці пра павелічэньне польскага вайсковага кантынгенту каля межаў зь Беларусьсю, піша БелТА.
«У нас ёсьць што прасунуць бліжэй да межаў. І ў нас, і тым больш у Расейскай Фэдэрацыі. Тут мы будзем дзейнічаць жорстка, нягледзячы ні на якую крытыку зь іх боку. Мы ведаем, чаго яны хочуць», — сказаў Лукашэнка.
Польшча павялічыла кантынгент вайскоўцаў на мяжы дзеля таго, каб эфэктыўней змагацца зь нелегальнай міграцыяй, патокі якой ідуць зь Беларусі. У арганізацыі міграцыі Лукашэнку і ягоных набліжаных абвінавацілі ўлады Літвы, Польшчы, Нямеччыны, Латвіі, Францыі і іншых краін.
Аднак Лукашэнка заяўляе пра тое, што палякі нібыта зьбіраюцца змагацца зь «мірнымі жыхарамі».
«Апошні факт, напэўна, і ў Расеі заўважылі: зь нелегальнай міграцыяй палякі на мяжы зь Беларусьсю будуць змагацца з дапамогай танкаў „Леапард“. Напэўна, вы зьдзівіцеся такому. Але як з танкамі змагацца супраць мірных жыхароў, я ня ведаю. Проста шукаюць любую нагоду, каб прасунуць свае войскі бліжэй да нашых межаў, чытай — межаў саюзнай дзяржавы».