Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: заканчэньне Карыбскага крызісу; год таму — Павал Латушка абвясьціў пра стварэньне Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва


Амэрыканская карыкатура часоў Карыбскага крызісу — дужаньне савецкага лідэра Мікіты Хрушчова і прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі
Амэрыканская карыкатура часоў Карыбскага крызісу — дужаньне савецкага лідэра Мікіты Хрушчова і прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі

Падзеі 28 кастрычніка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

28 кастрычнікі 1950 году быў расстраляны Расьціслаў Лапіцкі, адзін з кіраўнікоў паваеннага антысавецкага Супраціву 1940-х, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў

Расьціслаў Лапіцкі
Расьціслаў Лапіцкі

Яшчэ й сёньня ў родных мясьцінах пра яго ходзяць паданьні. Мне вядомыя прыклады, калі, атрымаўшы на ўроку вольную тэму пра героя, на якога яны хацелі б стаць падобнымі, вучні пісалі пра Расьціслава Лапіцкага.

У паваенныя 1940-я ў Мядзельскай дзесяцігодцы не было вучня, таленавіцейшага за Расьціслава.

Ён сьпяваў і граў на тузіне інструмэнтаў, майстраваў ровары і радыёпрыймачы, зрабіў электрамашыну, якой спрабаваў лекаваць людзей ад розных хваробаў, маляваў плякаты для ўрокаў батанікі й заалёгіі.

Аднак большасьць настаўнікаў не ганарылася Расьціславам, а трымалася зь ім насьцярожана. І не адно таму, што ён быў сынам сьвятара.

У школе ведалі, што яшчэ раней, у сямігодцы, Лапіцкага арыштоўвалі за сувязь з падпольнай арганізацыяй навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі й Віленскай сэмінарыі. Шаснаццацігадовы Расьціслаў быў асуджаны на тры гады, выйшаў на волю ў 1945-м паводле амністыі, але антысавецкіх поглядаў не зьмяніў, прычым адстойваў іх нават на занятках.

Калі Лапіцкія пераехалі ў Смаргонь, дзе Расьціслаў пайшоў у дзясяты кляс, занепакоілася ўжо кіраўніцтва тамтэйшай школы.

Пагатоў, новы вучань на ўроку адмовіўся пісаць твор пра «моладагвардзейцаў», абвясьціўшы, што ў яго і сяброў ёсьць свая «Гвардыя», якая змагаецца за Беларусь.

У словах Расьціслава не было перабольшаньня: ён сапраўды стварыў арганізацыю зь пятнаццаці чалавек. Юнакі не бяз посьпеху вялі агітацыю на школьных вечарынках і ў клюбе, дзе іхні кіраўнік граў на піяніна. А неўзабаве ў Смаргоні зьявіліся сотні антыкамуністычных улётак.

Расьціслаў мусіў перайсьці на нелегальнае становішча. Партызаны Арміі Краёвай абяцалі пераправіць яго за мяжу, ды перашкодзіла цяжкая хвароба.

Яго арыштавалі ў Кабыльніку на Нарачы. На допытах у Вялейскай турме Расьціслава так зьбівалі, што знаёмы арыштант не пазнаў яго, прыняўшы за старога дзеда.

Выступ на судзе Лапіцкі выкарыстаў не на апраўданьні, а дзеля абвінавачаньня камуністычнага рэжыму ў антынароднай палітыцы — непамерных падатках, калгасным прымусе, закрыцьці храмаў. Трыбунал Беларускай вайсковай акругі прысудзіў яго да расстрэлу. Расьціслаў адмовіўся прасіць памілаваньня.

Біёграфам Лапіцкага стаў гісторык Міхась Чарняўскі, што паходзіць з тых самых мясьцінаў. «Як пошуг маланкі» — назваў ён сваю кнігу, якая выйшла ў сэрыі «Нашы славутыя землякі».

Аднайменны фільм зьняў на тэлеканале «Белсат» рэжысэр Валеры Мазынскі. На месцы расстрэлу героя ў 2008-м усталявалі памятны знак і крыж, якія неўзабаве былі зьнішчаныя ідэйнымі спадкаемцамі сталінскіх катаў, але зноў і зноў аднаўляліся наступнікамі Лапіцкага.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 238-239.

У гэты дзень год таму

  • Латушка абвясьціў пра стварэньне Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва.
  • Кандыдат у прэзыдэнты ЗША Джо Байдэн выступіў з рэзкай крытыкай Лукашэнкі.
  • Некалькі дзясяткаў выкладчыкаў і супрацоўнікаў Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту далучыліся да страйку.
  • У Мазыры ў будынак ДАІ кінулі бутэльку з запальнай вадкасьцю і напісалі на сьцяне «Адплата!»

Гэты дзень у гісторыі

1523 — у Кракаве выйшла з друку лацінская паэма Міколы Гусоўскага «Песьня пра зубра» — хрэстаматыйны твор беларускай літаратуры Сярэднявечча.

1886 — адбылося афіцыйнае адкрыцьцё статуі Свабоды ў Нью-Ёрку.

Статуя Свабоды, Нью-Ёрк
Статуя Свабоды, Нью-Ёрк

1892 — у музэі Грэвэн Эміль Рэно прадставіў «пантамімы, якія сьвецяцца»; да юбілею гэтай падзеі быў заснаваны «Міжнародны дзень анімацыі».

1918 — абвяшчэньне незалежнасьці Чэхаславаччыны.

1939 — у Беластоку пачаў працу Народны Сход Заходняй Беларусі, які прыняў Дэклярацыю аб уключэньні Заходняе Беларусі ў склад БССР. Папярэднічалі сходу выбары, на якіх былі абраныя 926 дэпутатаў. Народны сход меў фармальны характар, бо праводзіўся пад поўным кантролем уладаў.

1939 — войскі Літоўскай Рэспублікі, на падставе ранейшай дамовы з Масквою, занялі Вільню.

1942 — нацысты зьнішчылі гета ў Пінску.

1962 — савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў абвясьціў пра вывад савецкіх ядзерных ракетаў з Кубы. Карыбскі ракетны крызіс перад гэтым паставіў быў сьвет на мяжу ядзернай вайны.

У гэты дзень нарадзіліся

1845 — Зыгмунт Урублеўскі, навуковец-фізык, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў.

1884 — Флярыян Ждановіч, актор, рэжысэр, тэатральны дзеяч, адзін з заснавальнікаў прафэсійнага беларускага тэатру. Быў мастацкім кіраўніком Першага беларускага таварыства драмы й камэдыі. У 1930-м яго арыштавалі й засудзілі на тры гады катаргі, якую ён адбываў на Беламорканале. У 1938-м Ждановіча арыштавалі ізноў. На тым ягоная біяграфія абарвалася.

1904 — Іван Сацункевіч, беларускі дзяржаўны дзеяч, эканаміст, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падпольля і партызанскага руху на Меншчыне падчас Другой сусьветнай вайны.

1904 — Парфён Савіцкі, беларускі гісторык.

1955 — Біл Гейтс, заснавальнік кампутарнай кампаніі Microsoft.

Біл Гейтс
Біл Гейтс

1972 — Аляксандар Старыкевіч, беларускі журналіст.

У памяці

1704 — Джон Лок, ангельскі філёзаф.

Джон Лок
Джон Лок

1998 — Тэд Х’юз, ангельскі паэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG