Канстанцін прыехаў у Львоў сёлета ў красавіку. Малады чалавек баіцца назваць сваё прозьвішча і расказаць пра падрабязнасьці крымінальнай справы супраць яго ў Беларусі. Тлумачыць, што пакінуў радзіму, бо мог апынуцца за кратамі. Дыстанцыйна працуе ў ІТ-кампаніі, даволі добра гаворыць па-ўкраінску. Кожную нядзелю наведвае моўную школу.
«Я вывучыў украінскую мову, бо жыву тут. Гэта таксама пытаньне павагі да ўкраінскага народу, да ўкраінскай зямлі. Калі вы едзеце ў іншую краіну, трэба вывучыць мову людзей, зь якімі вы жывяце. У Нямеччыне і ЗША людзі вывучаюць мовы, але чаму б ня вывучыць ва Ўкраіне? Гэта пытаньне культуры кожнага чалавека. А беларуская — гэта мая родная мова і мова майго дзяцінства. Дома мы з бацькамі размаўлялі па-беларуску, я хадзіў у беларускую школу. Я прыходжу сюды, каб гаварыць са сваімі аднадумцамі», — сказаў Канстанцін украінскай службе Радыё Свабода.
«У Беларусі мэтанакіравана зьнішчаецца ўсё беларускае»
Беларускую мову ў школе на валянтэрскіх асновах выкладае кіраўнік Таварыства беларускай школы, якое было забаронена цяперашнімі беларускімі ўладамі. Ужо два месяцы Алесь Лозка жыве ў Львове, быў вымушаны пакінуць радзіму. Сілавікі правялі ператрус у ягонай кватэры, а ТБШ абвінавацілі ў «арганізацыі і фінансаваньні пратэстаў».
«Падчас ператрусу яны канфіскавалі абсталяваньне, шмат дакумэнтаў кампаніі, 350 даляраў, фотаапарат, тэлефоны маёй жонкі. Я не плянаваў выяжджаць, але калі пачаліся допыты, быў вымушаны пакінуць краіну. Мой сын лекар, ён сядзеў у турме. Сям’я засталася ў Менску. Выкладаньне беларускай мовы ў Львове — мой галоўны занятак», — кажа Алесь Лозка.
Паводле пэдагога, сёньня ў Беларусі толькі 20% школьнікаў вывучаюць беларускую мову, астатнія — расейскую. І гэта страта ня толькі мовы, але і дзяржавы, і культуры.
Арганізаваў моўную школу ў Львове Беларускі крызісны цэнтар, а жыхары Львову дапамагалі з памяшканьнем для бясплатных заняткаў. Кожную нядзелю на заняткі прыходзіць каля 20 чалавек. Беларускія ўцекачы кажуць, што ў Львове часьцей размаўляюць па-беларуску, чым дома.
«У Беларусі зьнішчаецца ўсё беларускае, усіх беларускамоўных называюць пятай калёнай, многіх прымушаюць зьехаць. Беларуская мова — інструмэнт аховы дзяржавы. У той жа час, калі вы прыяжджаеце ў іншую краіну, вы павінны ведаць гісторыю, вывучаць мову гэтай краіны», — сказаў кіраўнік Беларускага крызіснага цэнтру ў Львове Аляксей Францкевіч, які таксама кіруе дабрачынным фондам «Наш дом».
Крызісны цэнтар працуе ў Львове са студзеня. Сюды зьвяртаюцца грамадзяне Беларусі, якія пакінулі радзіму з прычыны рэпрэсій з боку ўладаў. Цэнтар дапамагае ўцекачам у розных сытуацыях. Самая вялікая праблема — атрымаць від на часовае пражываньне ва Ўкраіне, мэдычная дапамога. Людзі, якія пражываюць часова, ня могуць зрабіць прышчэпку супраць COVID-19.
«У Львове больш размаўляю па-беларуску, чым дома»
Сярод вучняў школы — беларус Аляксей Шкурдзюк. Ён добра разумее ўкраінскую мову і размаўляе на ёй, але таксама наведвае ўрокі беларускай.
«У Львове я больш размаўляю па-беларуску, чым у Беларусі. Калі я выехаў з краіны, беларуская была нейкая дзіўная. Вы падыходзіце да банкамату, кнопка з надпісам на рускай мове гладкая, паліраваная пальцамі. А беларуская, бачна, не патрэбная. Мы павінны больш выкарыстоўваць яе зараз. Мова жыве, пакуль ёсьць людзі, якія на ёй размаўляюць. Выезд зь Беларусі ўмацаваў разуменьне таго, што мова — гэта ідэнтыфікацыя з роднай зямлёй», — перакананы Аляксей Шкурдзюк.
«На жаль, большасьць беларусаў — расейскамоўныя. Расейская мова больш далёкая ад беларускай, чым украінская. Беларуская і ўкраінская маюць каля 80% агульнай лексыкі, таму мы разумеем адзін аднаго. У мяне беларускія карані, мая бабуля жыла ў заходняй частцы Беларусі. Потым пераехала на Валынь. Часткова лічу сябе беларусам і ўкраінцам», — сказаў Уладзіслаў Хомыч, які наведвае беларускія заняткі.
Згодна з дадзенымі на кастрычнік, каля 600 грамадзян Беларусі ў Львоўскай вобласьці атрымалі дазвол на часовае пражываньне ва Ўкраіне. Кожны тыдзень, па зьвестках крызіснага цэнтру, у Львоў прыяжджае некалькі турыстычных аўтобусаў зь Беларусі, з кожнага застаецца 5-10 чалавек. Гэта людзі розных узростаў і прафэсій. Большасьць хоча перачакаць ва Ўкраіне цяжкую сытуацыю, каб пазьбегнуць турмы і перасьледу, выратаваць жыцьцё. Для некаторых Львоў — часовае месца перад выездам у Эўразьвяз.