Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як без прымусу вярнуць беларускую мову. Разьбіраемся з дасьледніцай моўнае палітыкі


Алена Маркава
Алена Маркава

14 траўня 1995 году ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, у выніку якога зьмянілася дзяржаўная сымболіка, а беларуская мова перастала быць адзінай дзяржаўнай.

У інтэрвію Свабодзе гісторык і дасьледніца моўнае палітыкі Алена Маркава расказвае, як у будучыні можна будзе спыніць маргіналізацыю беларускай мовы, якая працягваецца апошнія 26 гадоў.

Ці былі ў 1990-я гады пратэсты супраць беларускай мовы і сымбаляў

Сытуацыя была абсалютна адваротная. Былі калектыўныя лісты, але ў падтрымку беларускай мовы. Гэта была вельмі масавая зьява. Рабочыя калектывы пісалі лісты за беларускую мову. Не было пратэстаў, мітынгаў супраць беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Была масавая хваля прыняцьця нацыянальнай мовы як адзінай дзяржаўнай. Мова была знакам новага жыцьця.

Ці навязвалася беларуская мова ў 1990-я?

Заканадаўствам прадугледжваўся паступовы пераход. Былі прадугледжаныя моўныя курсы і г. д. Гэта было без прымусу. Былі акрэсьленыя меры для плаўнага пераходу. Перш чым прыняць беларускую мову як адзіную дзяржаўную, урад спытаўся ў грамадзян. Лісты ў падтрымку беларускай мовы пісалі нават расейцы ў Беларусі.

Чаму тады ўзьнікла ідэя рэфэрэндуму

Гэта тлумачыцца асобай тагачаснага прэзыдэнта, які заўсёды апэляваў да савецкіх традыцый. І калі ўзьнікла магчымасьць, то быў арганізаваны рэфэрэндум. Ініцыятыва паходзіла ад яго, а не ад грамадзян. Пры тым, што працэс пераходу на беларускую мову адбываўся спакойна. Не было ніякіх зьяваў, якія б сьведчылі аб тым, што Лукашэнка рэагуе на сыгналы зьнізу.

Як павінна выпраўляцца праблема беларускай мовы ў будучыні

Калі адбудуцца перамены, то многія могуць запярэчыць: а навошта вы гаворыце пра мову, давайце займацца эканомікай або геапалітыкай. Але не існуе такога паняцьця, што пра мову гаварыць рана ці позна. Наша мова цяпер у крытычным стане. Беларускую мову неабходна абвясьціць адзінай дзяржаўнай мовай. Яе статус павінен быць прыярытэтны. Інакш мы нічым ня будзем адрозьнівацца ад суседзяў. Наш распазнавальны знак — мова, і мы павінны яе культываваць.

Навошта чапляцца за адну мову, калі сьвет стаў глябальным

Калі мы паглядзім на іншыя краіны ў Эўропе, то тыя ж швэды, якія часта гавораць па-ангельску лепш, чым хто заўгодна, культывуюць сваю нацыянальную мову і падтрымліваюць яе на ўсіх узроўнях. Мы яшчэ не сасьпелі да таго, каб адмаўляцца ад сваіх моваў.

Ці падтрымаюць сёньня беларусы статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай

За гады русыфікацыі на працягу кіраваньня Лукашэнкі, калі беларуская мова негалосна была на другаснай пазыцыі, або трэцяй ці чацьвёртай, вырасла пакаленьне, якое ня мае адносінаў да беларускай мовы. Яны не разумеюць, навошта ім беларуская, калі можна размаўляць па-расейску. Гэта пытаньне да тых людзей, якія падтрымліваюць сёньня перамены — ці падтрымаюць яны і беларускую мову як адзіную дзяржаўную.

Ці прымальная прапанова дзьвюхмоўя з разьлікам у будучыні перайсьці на адзіную беларускую

Пытаньне: а калі той сьветлы момант надыдзе? Тут існуе небясьпека, што гэта будзе адкладацца на пазьней — маўляў, а цяпер эканоміка, або палітыка. А мова, можа, некалі пазьней. Гэта нібыта кампраміс, але незразумела, калі будзе адпаведны час. Пры любых абставінах беларуская мова павінна мець прыярытэтны статус.

Як можна на практыцы пашыраць ужытак беларускай мовы

Пачынаць трэба ад пашырэньня прэстыжу мовы. Ня толькі на сымбалічных узроўнях. Калі вышэйшыя слаі, палітыкі, дзяржаўныя дзеячы пачнуць размаўляць па-беларуску, гэта ўжо будзе адзін зь першых сыгналаў, што гэта мова прэстыжнай сацыяльнай камунікацыі.

Далей дзяржаўныя СМІ павінны пераходзіць на беларускую. А камэрцыйныя СМІ пасьля будуць рэагаваць на попыт.

Важна прасоўваць нацыянальную мову на адукацыйным узроўні. Гэта павінна быць без прымусу — дзякуючы дзяржаўным прэфэрэнцыям.

Хто павінен усім гэтым займацца

Гэты працэс будзе маштабным. Будзе неабходна стварыць хаця б часовую камісію па нацыянальных пытаньнях, якая будзе каардынаваць гэтыя дзеяньні і кантраляваць гэтыя мерапрыемствы.

Ці павінна моўнае пытаньне выносіцца на новы рэфэрэндум

Такія пытаньні ня могуць выносіцца на рэфэрэндум. Нельга паўтарыць памылкі 1995 году. Немагчыма выносіць на галасаваньне рэчы, якія ёсьць часткай нацыянальна-гістарычнай адметнасьці. Я лічу, што рэфэрэндуму быць не павінна.

Гэта павінна быць у пакеце новых пераменаў, якія будуць прынятыя. Бо потым можа быць позна. Пасьля можа ня быць месца на гэтыя пытаньні.

Калі статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай будзе прыняты, то трэба выкарыстоўваць досьвед іншых дзяржаў, каб рабіць гэта найлепшым чынам. Тут справа ня ў тым, што нехта будзе прымушаць людзей гаварыць на адной мове. Павінен быць паступовы графік пераходу, з курсамі, каб гэта не было прымусова. Так, як было ў нас да 1995 году. Гэтыя мэханізмы і трэба выкарыстоўваць.

Колькі патрэбна часу на вяртаньне беларускай мовы ва ўжытак

Як паказвае досьвед беларусізацыі 1920-х або 1990-х, неабходна трохі больш, чым 5 год, каб гэта было пасьпяхова. Трэба, каб гэтая палітыка пачала самапрадукавацца, каб яна ўкаранілася настолькі, каб не было патрэбы абапірацца на падтрымку зьверху. Прынамсі 6–7 год такое павінна працягвацца, каб гэтыя меры далі плён. Хутка гэта не адбудзецца. Трэба доўга, старанна і асьцярожна працаваць, каб гэта ня выклікала адпрэчваньня. Таму трэба больш часу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG