Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Пічэты і Сьвёнтка; год таму — апазыцыя прэзэнтавала эканамічную праграму


Уладзімер Пічэта, першы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1921–1929)
Уладзімер Пічэта, першы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1921–1929)

Падзеі 21 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Год таму ў гэты дзень

  • Каардынацыйная рада прэзэнтавала «Асноўныя напрамкі эканамічнага разьвіцьця Беларусі».
  • Сьвятлана Ціханоўская паабяцала даць гарантыі тым, хто падтрымае страйк у выпадку невыкананьня «народнага ўльтыматуму».

Дзень у гісторыі

1596 — утвораная Берасьцейская унія.

Прамова Пятра Скаргі, ідэоляга Берасьцейскай уніі, карціна Яна Матэйкі
Прамова Пятра Скаргі, ідэоляга Берасьцейскай уніі, карціна Яна Матэйкі

1805 — брытанскі флёт пад камандаваньнем віцэ-адмірала Гарацыё Нэльсана атрымаў перамогу над аб’яднанымі флётамі Францыі і Гішпаніі ў бітве пад Трафальгарам. У бітве загінуў сам Нэльсан, але перамога дала брытанцам абсалютнае панаваньне на моры на наступныя 100 гадоў.

1917 — выйшаў у сьвет першы нумар газэты «Беларуская Крыніца» — органа Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Выдавалася пераважна ў Вільні да 12 ліпеня 1940 году.

1935 — нацысцкая Нямеччына афіцыйна выйшла са складу Лігі Нацыяў.

1943 — было ліквідаванае Менскае габрэйскае гета, якое існавала ад 20 ліпеня 1941 году. З больш як 100 тысяч яго насельнікаў каля 80 тысяч былі за гэты час забітыя.

Мэмарыял «Яма» на месцы Менскага гета
Мэмарыял «Яма» на месцы Менскага гета

1944 — адбылася першая атака японскіх камікадзэ на аўстралійскі крэйсэр каля ўзьбярэжжа Філіпінскіх астравоў.

1945 — жанчыны ў Францыі ўпершыню пайшлі галасаваць.

1950 — Кітай акупаваў Тыбэт.

1995 — падпісаньнем мірнага пагадненьня ў амэрыканскім горадзе Дэйтан завяршылася вайна ў Босьніі і Герцагавіне.

У гэты дзень нарадзіліся

1833 — Альфрэд Нобэль, швэдзкі хімік і інжынэр, вынаходнік дынаміту, фундатар Нобэлеўскай прэміі.

Нобэлеўскі мэдаль
Нобэлеўскі мэдаль

1877 — Якаў Афанасьеў, беларускі навуковец-землязнаўца, акадэмік. Пад яго кіраўніцтвам складзеная першая мапа зямель Беларусі.

1878 — Уладзімер Пічэта, беларускі гісторык, першы рэктар БДУ. Вывучаў гісторыю ВКЛ, Польшчы, Чэхіі, Сэрбіі, Баўгарыі, Расеі XVI–XX стагодзьдзяў. Апублікаваў каля 150 працаў па гісторыі, гістарыяграфіі, археалёгіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі.

1914 — Казімер Сьвёнтак, кардынал, мітрапаліт Менска-Магілёўскі.

Казімер Сьвёнтак
Казімер Сьвёнтак

Ксёндз Казімер паходзіць з польскай шляхецкай сям’і і да Другой усясьветнай вайны скончыў Пінскую духоўную каталіцкую сэмінарыю, а ў 1939-м, з прыходам саветаў, быў абвінавачаны ў шпіянажы і кінуты ў турму.

Пасьля вайны яго засудзілі на дзесяць гадоў лягераў. Адтуль, зь сібірскай тундры, ён, адцягнуўшы тэрмін ад званка да званка, вярнуўся ў 1954-м у Пінск і пачаў служыць у францысканскім касьцёле. Адмовіўся выяжджаць у Польшчу. Не атрымаўшы рэабілітацыі, усё жыцьцё пісаў у анкетах пра судзімасьць.

Ад канца ХVІІІ стагодзьдзя беларускія католікі ня мелі сваіх кардыналаў. Бясконца доўгі перапынак скончыўся ў 1994-м, калі Ян Павал ІІ надаў гэтую годнасьць Казімеру Сьвёнтку. Міжнародным прызнаньнем яго заслугаў сталася ўзнагароджаньне ў 2006-м францускім Ордэнам камандора Ганаровага легіёну.

За палякам (адзін час нават намесьнікам старшыні Саюзу палякаў Беларусі) Сьвёнткам адбывалася беларусізацыя нашага Касьцёлу. Маючы гонар быць запрошаным на 90-годзьдзе яго эмінэнцыі, я загаварыў пра гэта зь юбілярам і зразумеў, як няпроста давалася вяртаньне нашай мовы ў сьвятыні.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 610–611.

1929 — Урсула Ле Гуін, амэрыканская пісьменьніца.

1935 — Юрка Геніюш, беларускі аўтар і доктар, сын Ларысы і Янкі Геніюшаў.

Калі ў 1948-м Ларысу з мужам Янкам арыштавалі ў Чэхаславаччыне, малога Юрку пераправілі да сваякоў у Польшчу.

Ён вучыўся ў Мэдычнай акадэміі ў Беластоку, здабыў вядомасьць як літаратар, але пры жыцьці апублікаваў у перакладзе на польскую ўсяго адну кнігу паэтычнае прозы «На пачатку было толькі слова».

Як і бацькі, ён увесь час адчуваў пільную ўвагу спэцслужбаў і загінуў пры нявысьветленых абставінах неўзабаве пасьля матчынае сьмерці. У 1990-я ў Беластоку выйшаў ягоны паэтычны зборнік «З маёй званіцы», якому, як і ўсёй Юркавай творчасьці, уласьцівае — што пры такім лёсе цалкам зразумела — абвострана драматычнае сьветаўспрыманьне.

Зацьвіла калінай родная зямля.
Белай, белай, белай — сувой палатна.
Каб пад восень, нечакана,
Дасьпяваць крывавай ранай.
Зьвісаць чырваньню караляў.
Згусткамі сплываць з гальля.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 354–355.

1958 — Максім Клімковіч, беларускі пісьменьнік і драматург.

Максім Клімковіч
Максім Клімковіч

У памяці

1805 — Гарацыё Нэльсан, брытанскі адмірал.

1931 — Артур Шніцлер, аўстрыйскі пісьменьнік.

1969 — Джэк Керуак, амэрыканскі пісьменьнік.

1984 — Франсуа Труфо, францускі кінарэжысэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG