Летась 13 верасьня падчас акцыі пратэсту ў Берасьці каля тысячы чалавек сабраліся на скрыжаваньні бульвара Касманаўтаў і праспэкту Машэрава. Яны вадзілі вялізны карагод, сьпявалі і танцавалі. Пратэстоўцаў тады ўпершыню за час пратэстаў 2020 году разагналі вадамётам.
Пасьля гэтага ўлады завялі крымінальную справу за «актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Сьледчыя выявілі 115 чалавек, якія былі датычныя да карагоду, 108 зь іх прад’явілі абвінавачаньні, паведамляе «Вясна».
Пацярпелым бокам прызналі тралейбусны і аўтобусны паркі, бо транспарт прастойваў падчас пратэстаў. Шкоду тралейбуснаму парку ацанілі ў 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму парку — у 40 рублёў 37 капеек.
Ужо асудзілі 81 чалавека. Іх справу разглядалі «канвэерам» у сямі асобных групах.
Агулам прысудзілі: 66,5 года «хіміі», 63,5 года «хатняй хіміі», 7 гадоў і 7 месяцаў калёніі.
Яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек чакаюць судоў.
Судзьдзі, якія выносілі прысуды ў «карагоднай справе»: Сьвятаслаў Каліна, Дзьмітры Шурын, Іна Клышпач, Сяргей Маручак, Яўген Брэган, Дзьмітры Куроўскі, Вера Філонік.