Паступова Беларусь пачала трапляць у розныя рэйтынгі прывабнасьці, але ўсё скончылася ў 2020 годзе, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
Драматычныя падзеі леташняга жніўня на фоне пандэміі перакрэсьлілі шматгадовыя стараньні, адкінуўшы да паказьнікаў уязнога турызму 10-гадовай даўнасьці. Чакаецца, што 2021-ы пакажа яшчэ больш сумныя вынікі.
Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, у 2019 годзе ў Беларусь арганізавана заехалі 405 472 турысты. Для параўнаньня, у 2018-м было 365 534. Летась у краіну арганізавана прыбылі толькі 80 972 турысты — роўна ў пяць разоў менш, чым годам раней.
На першым месцы тут знаходзіцца Расея. Паток адтуль у 2019-м складаў больш за палову ад усіх уязных турыстаў (217 837), а да 2020-га ён скараціўся на 76% да 52 263 чалавек.
Польшча ў 2019 годзе адправіла ў Беларусь 61 349 турыстаў, Літва — 76 060. Праз год турыстычны паток упаў да 13 562 чалавек з Польшчы і 6 719 чалавек зь Літвы (падзеньне з гэтай краіны ажно на 91%).
Латвія — было 10478 чалавек, стала 1116, Нямеччына — было 4538, стала 818, Украіна — было 3578, стала 748.
Улады Беларусі шмат гаварылі пра сяброўства з Кітаем, гэтыя заявы збольшага пацьвярджала статыстыка ўязнога турызму з гэтай краіны: у 2018-м — 3 277 турыстаў, 2019 — 5 121. Летась гэтая колькасьць наблізілася да статыстычнай хібнасьці: 189 чалавек.
Турысты з Іраку, якія прылятаюць у аэрапорт «Менск», у цэнтры ўвагі ня толькі беларусаў, а і ўсяго сьвету. Можна чакаць, што па выніках 2021 году статыстыка на парадак пераб’е леташні паказьнік у 655 турыстаў з гэтай краіны.