Якія падаткі цяпер плацяць ІП
Цяпер ІП могуць працаваць па адзіным падатку, па спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня (5% для ІП, якія ня плацяць ПДВ, і 3% для тых, хто плаціць ПДВ), а таксама па агульным падаткаабкладаньні — па стаўцы 16% (пры перавышэньні выручкі ў 465 255 рублёў трэба выплачваць ПДВ), піша Zerkalo.io.
У Віцебскай вобласьці ў студзені-жніўні 2021 году на падатак пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня прыпадала 52,6% ад усіх паступленьняў ад ІП, на адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізычных асоб — 20,3%, а на падаходны падатак з даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасьці — 12,6%.
Якія зьмены прапануюцца ў 2023 годзе?
Мінфін плянуе з 1 студзеня 2023 году скасаваць для індывідуальных прадпрымальнікаў адзіны падатак, а таксама забараніць для іх прымяненьне спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня. ІП, як прагназуецца, будуць выплачваць падаткі агульным парадкам: уносіць падаходны падатак па стаўцы збору на прыбытак і з выплатай ПДВ, калі выручка перавысіць устаноўленую мяжу.
Што будзе ў пераходны пэрыяд?
На 2022 год чыноўнікі заплянавалі «ўмоўны пераходны пэрыяд». З 1 студзеня ўлады хочуць скараціць сьпіс відаў дзейнасьці, якія абкладаюцца адзіным падаткам.
Таксама, мяркуючы па праекце зьмяненьняў у Падатковы кодэкс, забароняць прымяненьне ІП спрошчанай сыстэмы пры аказаньні паслуг. Выключэньне могуць зрабіць для некаторых сфэраў, сярод якіх турызм, ахова здароўя, грамадзкае харчаваньне, сухапутны транспарт, тэхабслугоўваньне і рамонт аўтамабіляў. Пры гэтым стаўка падатку пры спрошчанай сыстэме, як плянуецца, будзе на ўзроўні 6%.