Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Зоські Верас, год таму — Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнткай Славаччыны


Зоська Верас
Зоська Верас

Падзеі 8 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Год таму ў гэты дзень

  • Падчас візыту ў Славаччыну Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь міністрам замежных спраў, прэм’ер-міністрам, а пазьней і з прэзыдэнткай гэтай краіны Зузанай Чапутавай.
  • Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька затрыманы за адміністрацыйнае правапарушэньне.
  • Польшча вырашыла адклікаць з амбасады ў Менску, на патрабаваньне беларускага МЗС, 32 сваіх дыпляматаў.
  • Футбольная зборная Беларусі прайграла ў Тбілісі камандзе Грузіі 0:1 у паўфінале плэй-оф кваліфікацыі чэмпіянату Эўропы. Гэта закрыла беларускай камандзе дарогу на чэмпіянат Эўра-2020, які быў перанесены на 2021 год.

Дзень у гісторыі

1500 — Браслаў атрымаў прывілей на магдэбурскае права.

1586 — у Вільні ў друкарні Мамонічаў выдалі першую друкаваную граматыку царкоўнаславянскай мовы.

1621 — скончылася Хоцінская бітва, у якой войска Рэчы Паспалітай на чале зь Янам Хадкевічам перамагло войска турэцкага султана Асмана ІІ.

1656 — у бітве пад Прасткамі войска Кароны і ВКЛ перамагло швэдаў.

1917 — у Пецярбургу выйшаў першы нумар газэты «Беларуская крыніца».

1991 — Харватыя выйшла са складу Югаславіі і стала незалежнай дзяржавай.

У гэты дзень нарадзіліся

1831Міхал Ельскі, беларуска-польскі скрыпач, кампазытар і пісьменьнік.

1892Марына Цьвятаева, расейская паэтка.

1901Апалёнія Савёнак, настаўніца, дзяячка беларускай эміграцыі ў ЗША, маці Зоры Савёнак (Кіпель).

Па вайне спадарыня Апалёнія выкладала ў пачатковай беларускай школцы ў нямецкім Рэгенсбургу, а потым у тамтэйшай Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы.

У 1946-м яна напісала і выдала першы на эміграцыі беларускі лемантар, а ўсьлед за ім яшчэ некалькі падручнікаў для дзяцей.

Калі Савёнкі пераехалі ў ЗША, Апалёнія стала адной з заснавальнікаў Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку і, ня здраджваючы юначаму пакліканьню, праводзіла ўрокі ў нядзельнай беларускай школе, пакінула цікавыя ўспаміны пра Беларусь 1920-х — 1930-х гадоў.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 340-341

У памяці

1910Марыя Канапніцкая, польская пісьменьніца.

1943Андрэй Мрый, беларускі пісьменьнік.

1955Хасэ Артэга-і-Гасэт, гішпанскі філёзаф.

1991Зоська Верас (ад нараджэньня Людвіка Сівіцкая, у замужжы Войцік), пісьменьніца, грамадзкая дзяячка, удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст., нацыянальна-вызвольнага руху 1920–1930-х у Заходняй Беларусі й нацыянальна-культурніцкага руху 1960–1980-х.

Вільня, «Лясная хатка». Зьлева направа Лявон Луцкевіч, Анатоль Сідарэвіч, Сяргей Дубавец, Зоська Верас. Пачатак 1980-х. Фота Сяргея Астраўцова
Вільня, «Лясная хатка». Зьлева направа Лявон Луцкевіч, Анатоль Сідарэвіч, Сяргей Дубавец, Зоська Верас. Пачатак 1980-х. Фота Сяргея Астраўцова

Яна, як Натальля Арсеньнева ці бабуля сьпевака Данчыка Яніна Каханоўская, пражыла амаль стагодзьдзе, даўшы прыклад таго, колькі, на добры лад, павінны жыць беларускія жанчыны.

Гэты доўгі шлях быў неймаверна багаты на сустрэчы, захапленьні, самыя розныя пачынаньні й здабыткі. Зоська Верас мела добрае знаёмства з Максімам Багдановічам, тэатральным дзеячам Уладзіславам Галубком, літаратарамі Гальляшом Леўчыкам і Ядвігіным Ш., напісаўшы пра іх дасьціпныя прыгады.

Чытачы «Нашае Нівы», а потым заходнебеларускіх пэрыёдыкаў ведалі яе як аўтарку арыгінальных абразкоў і вершаў. Навукоўцаў зацікавіў укладзены і выдадзены Зоськай Верас «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік».

Тагачасныя гаспадары зь Віленшчыны, Наваградчыны, Беласточчыны шукалі ў адрыўных календарах ейныя парады з агародніцтва й садоўніцтва. Пчаляры выпісвалі рэдагаваны ёю часопіс «Беларуская борць», а дзеткі чыталі адрасаваныя ім «Заранку» і «Пралескі», рэдактарам якіх таксама была спадарыня Зоська.

Зь віленскай турмы Лукішкі яна вынесла вершы зьняволенага Міхася Машары й выдала ягоны першы зборнік.

Ад 1923 году яна жыла ў Вільні — пераважна ў сваёй славутай «Лясной хатцы» сярод зялёных Панарскіх узвышшаў. У 1970–1980-я гады гэты прытульны гасьцінны дамок быў месцам паломніцтва нашай інтэлігенцыі й адраджэнскіх моладзевых суполак. Я быў там усяго аднойчы, але атмасфэру натуральнай беларускасьці, якая панавала ў тых сьценах, запомніў на ўсё жыцьцё. На жаль, гаспадыня ўжо нічога ня чула, і візытанты мусілі пісаць свае пытаньні, затое адказы былі грунтоўна-арыгінальныя ды суправаджаліся дэманстрацыяй унікальных фатаграфіяў і дакумэнтаў.

На дзясятым дзясятку Зоську Верас прынялі ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, а ў дзевяноста тры яна пабачыла выдадзеную ў Менску кніжку яе вершаў і апавяданьняў. Калі спадарыня Зоська сышла на вечны спакой, мне доўга не хацелася ў Вільню.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 376–377.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG