Пра закрыцьцё беларускай «Камсамолкі» стала вядома ўвечары 5 кастрычніка. «Прааналізаваўшы падзеі апошняга году і асабліва апошняга тыдня, „Комсомольская правда“ прыняла рашэньне закрыць сваё прадстаўніцтва ў Менску ЗАТ „БелКП-ПРЕСС“, — гаварылася ў паведамленьні, разьмешчаным на сайце kp.ru. — Усім супрацоўнікам будуць выплачаныя грашовыя кампэнсацыі або прапанаваная праца на іншых прадпрыемствах КП».
«На мінулым тыдні акурат адзначалі 27 гадоў выданьня»
Надзея Белахвосьцік прапрацавала ў выданьні «КП у Беларусі» амаль 20 гадоў. Прыйшла ў рэдакцыю журналісткай у канцы 90-х, звольнілася рэдактарам выпуску папяровай вэрсіі ў 2017-м. Па словах Надзеі, на пачатку яе працы ў «Камсамолцы» гэта была зусім невялікая рэдакцыя, якая трымалася на энтузіязьме кіраўніцтва.
«На мінулым тыдні акурат адзначалі 27 гадоў існаваньня „Камсамолкі ў Беларусі“, — расказвае Надзея. — Наколькі я ведаю, спачатку выдавалі газэту „Ва-Банк“, потым зьявілася „Камсамолка“. Калі я прыйшла, было толькі некалькі беларускіх (з публікацыямі мясцовых журналістаў на беларускую тэматыку. — РС) старонак у вялікую газэту. Але паступова іх доля павялічвалася. Празь некалькі гадоў гэта была амаль цалкам беларуская газэта з асобнымі расейскімі матэрыяламі. Доля беларускіх матэрыялаў павялічвалася ўвесь час».
Па словах Надзеі Белахвосьцік, такі падыход быў ухвалены і маскоўскай рэдакцыяй, бо там разумелі, што чытачам цікавыя найперш беларускія мясцовыя праблемы. У канцы 90-х — на пачатку нулявых гадоў у беларускай «Камсамолцы» працавалі каля дзясятка журналістаў. Гэта калі не лічыць рэклямістаў і іншых супрацоўнікаў. Да канца 2010-х гадоў журналістамі ў «Камсамолцы» працавалі больш за тры дзясяткі чалавек.
«Калі я прыйшла, то не было яшчэ нават ніякіх аддзелаў, — успамінае Надзея Белахвосьцік. — Гэта была справа, якая толькі пачыналася. Такі энтузіязм, супольнасьць. Было вельмі здорава. Юлія Слуцкая — чалавек, які стварыў гэтую газэту, той калектыў. Тое, што яна заклала тады, дазволіла пратрымацца і прытрымлівацца тых прафэсійных стандартаў, якія захаваліся дагэтуль. Я цяпер працую на рэсурсе, які маніторыць стандарты (Надзея Белахвосьцік узначальвае рэсурс Media IQ, які аналізуе працу беларускіх СМІ і журналістаў. — РС). І бачу, што гэтыя стандарты захоўваюцца, хоць і не заўсёды агучваюцца».
«Цяжка знайсьці добрую рэдакцыю, дзе б не было нашых былых журналістаў»
Надзея Белахвосьцік расказвае, што вялікая колькасьць журналістаў, чые імёны цяпер шырока вядомыя, прыйшлі ў прафэсію менавіта праз «Камсамолку». У рэдакцыі заўсёды стараліся набіраць новых супрацоўнікаў яшчэ падчас іхнай вучобы ва ўнівэрсытэтах. Часам журналістаў адсочвалі, пачынаючы зь першага курсу журфаку БДУ.
«Ёсьць журналісты, якіх я асабіста вяла нават ня зь першага курсу, а з моманту іх паступленьня на журфак, — гаворыць Надзея. — Яны, як дзеці, расьлі ў рэдакцыі. Бо далёка ня ўсе маглі працаваць у нашых умовах, патрабаваньні былі высокія. Працаваць трэба было вельмі шмат. Ня ўсякая нататка падыдзе, давядзецца перапісваць шмат разоў, дазвоньвацца. Ня ўсе вытрымлівалі. Але тыя, хто вытрымаў, хто выстаяў, усе сталі „залатымі пёрамі“, гэта так».
З тых, хто прайшоў у свой час праз «Камсамолку», шмат вядомых у беларускай мэдыясфэры людзей. Гэта Юлія Слуцкая, Галіна і Віктар Малішэўскія, Кацярына Барысевіч, Ульляна Бабаед, Глеб Лабадзенка, Віталь Бабін, Вольга Ярохіна, Настасься Занько, Вольга Анціпенка, Алена Талкачова, Аляксандра Квіткевіч і шмат іншых. На партале Tut.by некаторыя аддзелы складаліся збольшага з журналістаў, якія ў свой час працавалі ў «КП в Беларуси».
«Мы сумавалі ад таго, што людзі пераходзілі ў іншыя рэдакцыі, — расказвае Надзея Белахвосьцік. — Гэта патасна гучыць, але ўсё гэта было ў нас — сяброўства, усё гэта. Але мы разумелі, чаму людзі сыходзяць. Гэта і грошы, і нейкія іншыя інтарэсы. Прафэсійныя выклікі новыя. Сёньня цяжка знайсьці добрую рэдакцыю, дзе б не працавалі нашыя былыя журналісты».
«Напісала заяву на звальненьне па ўласным жаданьні»
На пачатку лістапада 2006 году сваю пасаду пакінула Юлія Слуцкая, якая шмат гадоў працавала галоўнай рэдактаркай выданьня. Афіцыйна Слуцкая звольнілася па ўласным жаданьні, аднак супрацоўнікі выданьня і сёньня лічаць, што яна была вымушаная звольніцца празь ціск уладаў, зьвязаны з публікацыямі «Камсамолкі» аб прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Газэта публікавала рэпартажы з судовага працэсу над Аляксандрам Казуліным, плянавала зрабіць вялікае інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам. Пасьля сыходу з «Камсамолкі» Юлія Слуцкая неўзабаве стала галоўнай рэдактаркай «Эўрарадыё». Пасьля выбараў 2010 году яна на нейкі час выехала з краіны, а пасьля стала адной са стваральніц разгромленага ў канцы 2020-га «Прэс-клюбу».
Гісторыя са Слуцкай стала ня першым гучным канфліктам беларускай «Камсамолкі» з уладамі. Выданьне неаднаразова штрафавалі на буйныя сумы. Напрыклад, памылка з фатаздымкам кіраўніка Памежнага камітэту Шпілеўскага каштавала рэдакцыі каля 28 тысяч даляраў. Пагражаў судом «КП в Беларуси» кіраўнік АНТ Рыгор Кісель, быў у «Камсамолкі» і канфлікт з намесьніцай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Натальляй Пяткевіч.
«Мы заўсёды былі нязручнымі для ўладаў»
Па словах Надзеі Белахвосьцік, выданьне «КП в Беларуси» заўсёды мела праблемы з чыноўнікамі і ўладамі. Яны, вядома, былі менш маштабнымі, чым цяпер, але ў суды журналістаў выданьня выклікалі даволі часта. Хапала і тэлефанаваньняў зь дзяржаўных установаў пасьля некаторых публікацый.
«Мы заўсёды былі нязручнымі для ўладаў, — гаворыць Надзея. — Я працавала некаторы час кіраўніцай аддзелу культуры і адукацыі. З культурай было так-сяк, больш-менш ціха. А з адукацыяй было вельмі складана. Мы пісалі пра ўсе іхныя рэформы, пра ўсё, што яны рабілі. І як уводзілі школьную форму, нейкія новыя падручнікі. Заўсёды было цяжка ад іх атрымаць нейкі камэнтар. А калі мы штосьці публікавалі, гэта часта выклікала абурэньне.
Але мы ўсё рабілі для чытачоў. Відаць, першым, што я рабіла ў „Камсамолцы“, былі публікацыі пра ўвод 10-бальнай сыстэмы ў школе. Мы тады публікавалі тлумачэньні для чытачоў пра яе. Вельмі доўга, некалькі месяцаў. Рабілі тое, чаго не зрабіла Міністэрства адукацыі. Бо наша місія была ўсё рабіць не для чынавенства, а для чытачоў».
Сярод беларускіх журналістаў шмат гадоў ходзяць чуткі, што ледзьве ня кожны нумар «КП в Беларуси» чытае асабіста Аляксандар Лукашэнка і гэта мае розныя наступствы як і для самога выданьня, так і для герояў публікацый. Надзея Белахвосьцік гаворыць, што дакладнага пацьверджаньня гэтаму ў яе няма. Аднак ускосна меркаваць пра тое, што папяровая газэта рэгулярна даходзіла да Лукашэнкі, можна.
«Дакладна мне пра гэта нічога невядома, але штосьці ён на сваіх прэс-канфэрэнцыях казаў. Можна меркаваць, што ён ведаў, — гаворыць Надзея. — Нашае кіраўніцтва заўсёды бараніла журналістаў ад такіх наездаў. Каб яны маглі спакойна працаваць, гэта вельмі важна. Бо калі журналіст будзе ведаць пра кожны наезд на яго публікацыю, гэта будзе вельмі нэрваваць. Праўда, у суды нашыя журналісты хадзілі рэгулярна. Асабліва тыя, хто займаўся крымінальнай тэматыкай, тая ж Каця Барысевіч».
«Мы пісалі і пра Каліноўскага, і пра БНР»
Надзея Белахвосьцік гаворыць, што «КП в Беларуси» неабходна ўспрымаць як выключна беларускае выданьне. Так да яго заўсёды ставіліся самі супрацоўнікі.
«Мы працавалі для беларускага чытача, — кажа Надзея. — І любоў чытача, і нашая папулярнасьць пацьвярджаюць гэта. Колькі мы дапамогі аказалі! Я сама пісала пра ўсынаўленьне беларускіх дзяцей. Дзякуючы маім матэрыялам шмат хто знайшоў сем’і. Гістарычнымі нашымі матэрыяламі незадаволеныя былі то нашыя ўлады, то расейскае кіраўніцтва. Але мы заўсёды баранілі свае тэксты. І пра Каліноўскага пісалі, і пра БНР. Ня ведаю, хто больш за нас гэта рабіў з такіх масавых выданьняў. Нашая асьветніцкая місія таксама важная».
На піку ў штотыднёвага выданьня «Камсамолкі» наклад быў каля 400 тысяч экзэмпляраў, штодзённай газэты — каля 100 тысяч. У апошнія гады папяровыя наклады паступова зьніжаліся.
«Да эпохі інтэрнэту мы былі адным зь першых выданьняў, на якое арыентаваліся чытачы, — кажа Надзея Белахвосьцік. — Куды яны маглі патэлефанаваць, нешта расказаць, аказаць дапамогу. Потым Tut.by перахапіў нашую эстафэту. Дзякуючы ўсім сучасным сродкам. Ім гэта было рабіць зручней».
Генадзь Мажэйка. Таямнічае затрыманьне журналіста
- У канцы верасьня на сайце «Комсомольской правды в Беларуси» зьявілася нататка, дзе адна з аднаклясьніц забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара добра выказалася пра яго. Аўтарам нататкі быў журналіст Генадзь Мажэйка.
- Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, у яго дома правялі ператрус.
- Пры гэтым дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку. Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта ў Менску, але ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» выкралі з Масквы.
- Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін сказаў, што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.
- 4 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль апавясьціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць блякаваньня СМІ на беларускай тэрыторыі, але беларускі бок ня чуе пазыцыі Масквы.
- 5 кастрычніка прадстаўнік «Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў паведаміў, што Генадзь Мажэйка застаўся ў ізалятары пасьля 72 гадзін утрыманьня за кратамі, што азначае тое, што да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым абвінавачаньняў яму ня выставілі.
- 11 кастрычніка Мажэйку выставілі абвінавачаньні ў распальваньні сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Да яго ў жодзінскае СІЗА не пускаюць адваката, спасылаючыся на карантын, а таксама не прымаюць перадачы.