Члены каманды беларускага «Прэс-клюбу» правялі амаль восем месяцаў у СІЗА. У інтэрвію выданьню стваральнік і кіраўнік «Прэс-клюбу» Юлія Слуцкая апавяла пра зьняволеньне і вызваленьне.
Пра памілаваньне
«Адразу скажу, што нашае вызваленьне ня мае ніякага дачыненьня да Васкрасенскага і яго праграмы. Нам усім сапраўды прыходзіў яго ліст, ён прыйшоў усім палітычным у нашай камэры, а іх было пяць. Але ніхто з нас на яго не адказваў.
Мы самі не пісалі прашэньня аб памілаваньні, нам нават не прыходзіла гэта ў галаву. Да нас прыйшлі з такой прапановай».
На пытаньне, ці можна памілаваць неасуджаных, Юлія Слуцкая адказала:
«У Крымінальным кодэксе ёсьць артыкул, у якім апісана, на якіх падставах можа быць спыненая крымінальная справа. Яна прадугледжвае прызнаньне віны і двухкротнае пагашэньне шкоды.
Я вельмі доўга думала над гэтай прапановай і не давала згоды. Але я бачыла, што мы сядзім доўга і канца гэтаму няма, што гэта цалкам бескарысна і бессэнсоўна.
Я разумела, што прызнаньне віны не патрабуе ад нас нікога агаворваць, акрамя нас саміх. А мы гэта перажывем, бо мы дарослыя і разумныя людзі, якія разумеюць, што адбываецца.
Нам трэба было проста выйсьці. Рашэньне было на мне, і я яго прыняла, проста потым папрасіла каманду прыслухацца да мяне і прыняць яго. Нас усіх чакалі родныя і блізкія, якія пакутавалі ня менш за нас усе гэтыя месяцы. І ўсё роўна наважыцца на гэта было няпроста».
Пра абвінавачаньне
Па словах Юліі Слуцкай, «Прэс-клюб» абвінавачвалі ў тым, што супрацоўнікі нібыта скарысталіся спрошчанай сыстэмай падаткаабкладаньня, на якую ня мелі права, бо здавалі памяшканьне ў арэнду.
«А тое, што мы ў гэтым памяшканьні працавалі самі, дапамагалі праводзіць мерапрыемствы, займаліся іх прасоўваньнем, арганізоўвалі здымкі, гэта нікога не хвалявала.
І прызнаньне нашай віны гучала так: мы працавалі, праводзілі івэнты, мерапрыемствы, дзейнічалі ў рамках сваёй місіі, мы кансультаваліся з бухгальтарамі і юрыстамі, плацілі падаткі і былі ўпэўненыя, што нічога не парушаем. Але калі сьледзтва лічыць, што тут ёсьць парушэньні, мы гатовыя прызнаць віну і пакрыць шкоду.
Пасьля гэтага мы пісалі прашэньне аб памілаваньні».
Пра выплату «шкоды»
Юлія Слуцкая сказала, што выстаўленую ім шкоду яны сплацілі за кошт усіх сродкаў з рахункаў «Прэс-клюбу», а таксама грошай, якія атрымала яе дачка, прадаўшы нерухомасьць.
Экс-журналістцы БТ Ксеніі Луцкінай прадʼявілі новае абвінавачаньне
«На ўсіх допытах мы заўсёды казалі, што Ксенія і яе апэратар ня маюць ніякага дачыненьня да дзейнасьці «Прэс-клюбу». Ксенія адзін раз удзельнічала ў хакатоне, які праводзіў «Прэс-клюб», і яе праект быў у ліку пераможцаў. Я бачыла яе ўсяго адзін раз у «Прэс-клюбе». Другі раз убачыла яе ўжо ў Сьледчым камітэце.
Ня ведаю, ці прапаноўвалі ёй напісаць прашэньне. Мне вядома, што цяпер ёй прад’яўлена новае абвінавачаньне па іншым артыкуле».
Аляксандраў і Злобіна зьбіраюцца ажаніцца ў ізалятары
Юлія Слуцкая таксама расказала, што журналіст Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна зьбіраюцца ажаніцца ў СІЗА. Іх затрымалі 12 студзеня і абвінавацілі ў фінансаваньні пратэстаў.
Супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» затрымалі 22 сьнежня 2020 году, неўзабаве пасьля гэтага ім выставілі абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Пра ход сьледзтва амаль нічога не было вядома, адвакаты і некаторыя родныя затрыманых — пад падпіскай аб невыдаваньні. Сваякі кампэнсавалі рахункі, якія выставілі прэсклюбаўцам дзяржаўныя органы.
Што такое «Прэс-клюб»
«Прэс-клюб» — гэта «пляцоўка для прафэсійнага разьвіцьця мэдыясупольнасьці», «нефармальнае аб’яднаньне мэдыяпрафэсіяналаў, усіх тых, хто жадае ўдасканаліць журналісцкія ўменьні і працаваць у рытме прафэсійных стандартаў і трэндаў».
«Прэс-клюб» заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014-га арганізацыя стала сябрам Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клюбаў» (International Association of Press Clubs). У лістападзе 2015-га ў Беларусі зарэгістравалі культурна-асьветніцкую ўстанову «Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб».
«Прэс-клюб» арганізуе прафэсійныя дыскусіі, трэнінгі, варштаты для журналістаў, займаецца мэдыяграматнасьцю, маніторынгам і аналізам фэйкаў і прыкладаў прапаганды ў дзяржаўных мэдыя.
Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня «Прэс-клюбу». У 1995–2006 — галоўны рэдактар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии». У 2007–2010 — галоўны рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі».