Упраўленьне ўнутраных спраў Менгарвыканкаму ў сувязі з гэтым заявіла, што на месцы працуюць праваахоўнікі і адпаведныя падразьдзяленьні ратавальнікаў
«Сёньня ў міліцыю зьвярнуліся кіраўнікі навучальных устаноў і Нацыянальнай бібліятэкі, якія расказалі аб паведамленьнях на пошту пра закладзеныя выбуховыя прылады. Па кожным факце супрацоўнікі правядуць праверку», — заявілі ў менскай міліцыі.
Паводле Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, а таксама паведамленьняў у СМІ, паведамленьні аб мінаваньні паступілі ў:
- Менск: Нацыянальную бібліятэку,
- Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце,
- Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (эвакуавалі галоўны корпус, юрфак, фізфак, факультэт міжнародных адносін),
- Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт,
- Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт,
- Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт,
- Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі,
- Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт,
- Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі,
- Ліцэй БДУ,
- Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт,
- Юрыдычны каледж БДУ,
- Інстытут кіраваньня і прадпрымальніцтва.
- Берасьце: Берасьцейскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт,
- Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт.
- Віцебск: Віцебскую дзяржаўную акадэмію вэтэрынарнай мэдыцыны,
- Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт.
- Горадня: Горадзенскі дзяржаўны аграрны ўнівэрсытэт.
- Гомель: Беларускі гандлёва-эканамічны ўнівэрсытэт.
- Полацак: Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт.
Акрамя гэтага, эвакуавалі некалькі школ і гімназій у Менску і Берасьці:
Чытачы @belsat расказваюць, што паведамленьні пра бомбу прыйшлі ў Менску ў гімназію № 11 і ў школу ў Малінаўцы, а ў школе № 196 «нясьпешна эвакуаваліся» пасьля першага ўроку, а цяпер дзяцей адправілі дамоў з другой зьмены. Таксама ў Менску эвакуавалі 31-ы дзіцячы сад з пачатковай школай, 9-ю гімназію і 28-ю гімназію. У школе № 33 у Берасьці некаторых дзяцей паднялі з ложкаў і выцягнулі на вуліцу чакаць. Таксама эвакуавалі берасьцейскія школы №№ 10, 13 і 28, вучняў выганялі, рэчы аддавалі праз вокны. Ці то празь мінаваньне, ці то праз пажар эвакуавалі школу № 9 у Брылевічах.
З установаў, паводле ЗБС, сёньня эвакуавалі: Falcon Club Arena, гатэль Marriott, Дом прэсы, Дом футболу, завод «Інтэграл», аддзел прымусовага выкананьня (Крычаў), Камянецкі райвыканкам.
З Баранавічаў паведамляюць, што ачэпленыя райвыканкам, а таксама школа ў Новай Мышы і дзіцячы сад у Паўднёвым.
Паведамленьні пра мінаваньні амбасадаў Беларусі за мяжой
Таксама паступілі паведамленьні пра мінаваньне ў беларускамоўную гімназію і консульства Беларусі ў Літве. Дзяцей забралі па дамах. На месцах працуюць сапёры.
Паліцыя Вены абсьледавала амбасаду Беларусі «з-за паведамленьня пра пагрозу будынку» — пагрозаў ня выявілі, піша ТАСС.
Паступіла паведамленьне пра мінаваньне амбасады Беларусі ў Бішкеку, яно таксама аказалася непраўдзівым, паведамілі ў міліцыі.
Раней у Беларусі неаднаразова паступалі паведамленьні пра мінаваньне будынкаў у Менску і ў іншых гарадах Беларусі, якія ўрэшце не пацьвярджаліся.