У Беларусі, паводле Рэспубліканскага банку вакансій, на 30 чэрвеня не хапае 3092 лекараў, 3206 мэдсёстраў, 1036 фэльчараў. Міністэрства аховы здароўя сьцьвярджае, што адтоку мэдыкаў няма. І ў той жа час называе такія лічбы: у апошнія 5 гадоў патрэба ў дактарах застаецца на ўзроўні 2,5–3 тысяч.
«Відавочна, што лекары сыходзяць, і сыходзяць лепшыя. Частка эмігруе»
Экс-кіраўнік ведамства разважае, як вырашыць праблему дэфіцыту кадраў, чаму звальненьне лекараў і разбурэньне навуковых школ ёсьць злачынствам і чаму небясьпечна атачаць сябе падхалімамі і асабіста адданымі людзьмі.
— Ці магчыма рэанімаваць сыстэму аховы здароўя, што яшчэ трэба зрабіць, акрамя таго, што вы назвалі?
— Магчыма. Рэанімуем — я аптыміст.
— У краіне 4 мэдычныя ўнівэрсытэты і 16 мэдкаледжаў, якія выпускаюць штогод амаль такую ж колькасьць адмыслоўцаў, якіх бракуе. Чаму мэдыкаў пастаянна не хапае, куды яны зьнікаюць?
— Гэтыя лічбы вакансій мэдыкаў самі за сябе гавораць: праблема рэальна існуе, і яна не такая простая, як некаторым падаецца. Лічбы ёсьць у адкрытым доступе, і востры дэфіцыт мэдыкаў — аб’ектыўная рэальнасьць. У Мінздароўя павінны быць граматныя ўпраўленцы, якія павінны абапірацца на факты, а не замоўчваць праблему.
Аднак так не атрымаецца, што, маўляў, не хапае 3 тысячы лекараў, і 3 тысячы выпускнікоў мэдунівэрсытэтаў прыйдзе, каб закрыць вакансіі. Не. Выпускнікі ж працягваюць вучобу ў інтэрнатуры. А гэта яшчэ ня лекары, а паўфабрыкат, скажам так. Па некаторых спэцыяльнасьцях я б наагул павялічыў тэрмін інтэрнатуры да 2 гадоў. Які гэта анэстэзіёляг са стажам 1 год? Гэта адзін аспэкт.
Відавочна, што лекары сыходзяць, і сыходзяць лепшыя. Куды? Частка эмігруе, частка ўладкоўваецца ў прыватныя кампаніі, у фармацэўтычныя фірмы. Насьпеў час прааналізаваць: куды яны сыходзяць і да чаго гэта прыводзіць. Калі гэта высакаклясны спэцыяліст, гэта прыводзіць да разрыву сувязяў, страты навуковай школы. І гэта катастрофа.
Ёсьць у нас Савет міністраў, адпаведны віцэ-прэм’ер, урад. Чаму не падрыхтаваць рэспубліканскую комплексную праграму замацоўваньня мэдычных кадраў? Людзей утрымліваюць ня толькі грошы альбо навуковая ідэя (хоць пэўны час яна можа ўтрымліваць). Павінна быць комплекснае вырашэньне: жытло, істотныя льготы для маладых сем’яў.
Не адміністрацыйныя мэтады, хоць такія таксама ёсьць. Да прыкладу, разьмеркаваньне. Я лічу што на сёньня яно актуальнае, бо ў рэгіёнах жывыя людзі, яны чакаюць і доктара, і настаўніка.
Падрыхтоўка аднаго спэцыяліста, асабліва ў лекарскай справе, патрабуе вялікіх затрат, гэта вельмі дарагая прыемнасьць. Дык што, мы настолькі багатыя, што рыхтуем адмыслоўцаў для Польшчы, Расеі, Украіны?
Давайце мы тут створым ім умовы.
«Лекара агульнай практыкі я лічу „міністрам аховы здароўя“»
— Вы пастаянна адстойваеце ідэю ўвесьці лекараў агульнай практыкі замест участковых тэрапэўтаў. У чым іх перавага?
— Яшчэ ў 1990-х мы адкрылі факультэт падрыхтоўкі лекараў агульнай практыкі на базе Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. Бо разумелі, што сыстэма аховы здароўя мае патрэбу ва ўдасканальваньні. І ўзялі за аснову ўсё лепшае, што зьявілася ў сьвеце — менавіта дактары агульнай практыкі. То бок выпускнік мэдунівэрсытэту павінен прайсьці дадатковую падрыхтоўку альбо на базе БелМАПА, альбо ў клініцы, дзе ён праходзіць інтэрнатуру.
Лекар агульнай практыкі — гэта перш за ўсё тэрапэўт. Ён павінен умець апрацаваць, зашыць рану — валодаць хірургічнай іголкай. Таксама павінен ведаць асновы кардыялёгіі, нэўралёгіі. І тады, умоўна кажучы, нам не спатрэбіцца такая колькасьць ЛОР-дактароў. А то я прыйшоў да ўчастковага, у мяне баліць горла, а ён нават у рот мне не зазірнуў, адразу накіроўвае да ЛОР.
Так што функцыі лекара агульнай практыкі — як у міністра аховы здароўя. Ён павінен умець аналізаваць дадзеныя, рабіць высновы.
Павінна быць шматузроўневая сыстэма аказаньня мэдычнай дапамогі. Пярвічнае зьвяно — магчымасьць правесьці абсьледаваньні, хаця б элемэнтарныя рэчы зрабіць у межах пярвічнага зьвяна ў лекара агульнай практыкі. Потым — кансультацыя вузкіх спэцыялістаў. І трэці, самы высокі ўзровень, калі ёсьць неабходнасьць у апэратыўных умяшаньнях, — гэта вядучыя профільныя РНПЦ. Мы ж не ідзем адразу да акадэміка, калі штосьці забаліць.
Калі мы назвалі яго лекарам агульнай практыкі, мясцовыя ўлады павінны заключыць зь ім кантракт, гарантаваць дадатковыя выплаты. За што? Да прыкладу, правёў вакцынацыю — атрымаў дадатковы рубель. Я нядаўна быў уражаны мізэрнымі тэмпамі вакцынацыі — у Беларусі прышчапілася толькі 6% насельніцтва. Трэба зацікавіць дактароў, каб яны праводзілі тлумачальную працу, пераконвалі сваіх пацыентаў у неабходнасьці вакцынацыі. А нязгодных я прапаную звадзіць на экскурсію ў рэанімацыю, дзе ляжаць цяжкія хворыя, — няхай паглядзяць на гэтае пекла!
Трэба зацікавіць маладога спэцыяліста службовым жытлом. 15 гадоў адпрацаваў — набываеш катэдж па рэшткавым кошце. Ня месца ў інтэрнаце ці сьвінарніку даваць, а нармальнае чалавечае жытло.
Павысіў лекар кваліфікацыю — атрымаў істотную даплату. Я нават ведаю, за кошт чаго можна даплаціць. Прычым я не прыхільнік таго, каб у некага адняць, я толькі за тое, каб дадаваць.
«Закрываюць установы і звальняюць мэдыкаў людзі, якія самі не стварылі нічога»
— Вы сказалі, што Беларусь губляе навуковыя школы. Ці шмат мы ўжо згубілі, ці магчыма штосьці аднавіць?
— Навуковая школа — шматграннае паняцьце, гэта агульная навуковая тэматыка, якая аб’ядноўвае людзей.
У свой час Мікалай Яўсеевіч Саўчанка (мой настаўнік, я гэтым вельмі ганаруся), аб’яднаўшы высілкі разам з Давідам Майсеевічам Голубам, заняўся вельмі актуальнай праблемай — нэйрагеннымі разладамі мочаспусканьня. Голуб — як марфоляг, анатам, а Саўчанка — як уроляг. Спачатку было асэнсаваньне навуковай ідэі. Потым сумесная праца з акадэмічнымі інстытутамі, Камітэтам па навуцы і тэхналёгіях. Да нас у 4-ю клініку прыяжджалі пацыенты з усяго Савецкага Саюзу, каб лячыцца па мэтодыцы Саўчанкі і Голуба. Мой шэф Саўчанка езьдзіў у Японію, там паказваў, як гэта робіцца. Я працаваў у гэтай клініцы і вельмі ганаруся гэтым. Дарэчы, трансплянтацыя органаў адтуль пачалася, менавіта ў 4-м шпіталі пачалі перасаджваць ныркі.
І цяпер павінны быць прапановы, сьвежыя ідэі. А то ў нас ужо патыхае правінцыялізмам. Адна справа — займацца кампіляцыяй, перапісваньнем прац калег, а іншая справа — распрацоўваць штосьці новае.
І гэта новае павінна аб’яднаць адмыслоўцаў і лекараў вакол гэтай ідэі. Сёньня можна адабраць 5–10 пэрспэктыўных маладых навукоўцаў, паслаць іх на стажыроўку — каб яны пабачылі новыя ідэі. Моладзь павінна мець тэмы для дысэртацый. Але яны павінны паказаць вынік, а ня проста малекулы на атамы расшчапляць.
Нядаўна мяне абурыла абвестка па тэлевізары: зьбіраюць грошы на апэрацыю ў Сэрбіі дзяўчынцы, якая пакутуе на экстрафію мачавога пухіра (адсутнасьць пярэдняй сьценкі). Ды некалі да нас з усяго Савецкага Саюзу прыяжджалі на апэрацыі з такім захворваньнем! Былі хірургі, якія ўмелі гэта рабіць. Дзе яны цяпер? Накіроўваюць дзяўчынку ў Сэрбію, зьбіраюць шалёныя грошы! За гэта хтосьці павінен адказаць.
Я марыў пра ДНК-дасьледаваньні, каб вызначаць схільнасьць да анказахворваньняў. Быў некалі пры Мінздароўя Інстытут спадчынных і прыроджаных захворваньняў, у яго быў выбітны кіраўнік Генадзь Ільліч Лазюк. Я ганарыўся гэтым інстытутам, бо там былі самыя найноўшыя тэхналёгіі, ДНК-дыягностыка. Інстытут закрылі.
Людзі зьдзяйсьняюць злачынствы, калі штосьці закрываюць, кагосьці звальняюць. Прычым закрываюць установы і звальняюць мэдыкаў тыя людзі, якія самі не стварылі нічога.
«Мы рызыкуем страціць навуковую школу ў дзіцячай анкагематалёгіі»
— Звольнілі дырэктара РНПЦ кардыялёгіі прафэсара Мрочака. Як і шмат дактароў з РНПЦ дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі, з РНПЦ «Маці і дзіця», з РНПЦ траўматалёгіі. Замянілі галоўных лекараў некаторых шпіталяў. Лекары вымушаныя эміграваць, і іх бяруць на працу па спэцыяльнасьці ў замежныя клінікі. Мінздароўя праблемы ня бачыць, гаворыць пра звычайны адток кадраў на ўзроўні пары соцень чалавек, як ва ўсім сьвеце.
— Гэта абуральна. Казаць, што праблемы няма, адток кадраў неістотны — амаральна.
У нашым грамадзтве ўсё яшчэ лунае тэзіс, што «незаменных людзей няма». Гэта вельмі заганны бальшавіцкі тэзіс. Маўляў, звольнім гэтага — на яго месца прыйдуць іншыя. А хто прыйдзе?
Вось хто такі былы дырэктар РНПЦ кардыялёгіі Аляксандар Мрочак? Гэта фігура эўрапейскага маштабу, вядомы ў сьвеце кардыёляг, акадэмік, незаменны ў сваёй галіне адмысловец.
Што ён павінен быў зрабіць падчас вядомых падзей, калі супрацоўнікі РНПЦ кардыялёгіі выходзілі на акцыі пратэсту, на думку тых, хто звальняў? Што, дырэктар павінен быў не пусьціць людзей, легчы папярок дзьвярэй? Тым больш, людзі выходзілі на пратэсты ў непрацоўны час, ніводная апэрацыя не была сарваная. За што звольнілі Мрочака — за тое, што не звальняў сваіх супрацоўнікаў?
Губляючы такіх лідэраў, мы сябе абядняем.
Я не хачу сказаць, што хтосьці лепшы, хтосьці горшы. Але, прызначаючы кіраўніком РНПЦ дзіцячай анкагематалёгіі чалавека, які не спэцыяліст у гэтай галіне, мы рызыкуем страціць цэлую навуковую школу, што стварыла Вольга Віталеўна Алейнікава. Яна «маці» гэтага кірунку, заснавальніца навуковай школы дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі, стваральніца ўнікальнага РНПЦ, якім амаль 25 гадоў кіравала, у нас вынікі лячэньня лейкозаў найлепшыя ў сьвеце.
Дарэчы, ідэя такога цэнтру была падхоплена расейцамі — у Маскве па прыкладзе беларускага РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі стварылі падобны Нацыянальны дасьледчы цэнтар імя Дзьмітрыя Рагачова. Але мы былі наперадзе.
«Калі кіраўнік любога ўзроўню атачае сябе падхалімамі, толку ня будзе»
— Цяпер з РНПЦ дзіцячай анкалёгіі звольніліся шэсьць вядучых дактароў (пятая частка), і працуюць замест іх інтэрны. А Вольгу Алейнікаву і іншага адмыслоўца з усясьветна вядомым імем, былога дырэктара РНПЦ анкалёгіі Алега Суконку пазбавілі дзяржпрэміі.
— Што да пазбаўленьня дзяржпрэмій — я ня ведаю акалічнасьцяў. Тэлефанаваць гэтым людзям я пакуль не магу, наносіць ім рану — гэта садызм. Павінна быць сацыяльная разнастайнасьць, павінны быць розныя думкі, як казаў некалі геніяльны расейскі генэтык Мікалай Кальцоў.
А калі кіраўнік любога ўзроўню акружае сябе падхалімамі, толку ня будзе. Таму што яны будуць пастаянна думаць: «Чего изволите?».
Прафэсіяналы павінны кіраваць падборам і расстаноўкай кадраў — HR-адмыслоўцы. Мне цяжка казаць, ці ёсьць цяпер прафэсіяналы ва ўладзе. Аднак дакладна ёсьць людзі, якія ўчора кіравалі лазьняй, а сёньня — опэрным тэатрам, умоўна кажучы. Перачытайце Міхаіла Булгакава, у «Сабачым сэрцы» ёсьць маналёг прафэсара Праабражэнскага пра «разруху ў галовах».