Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК Расеі падлічыў 100% пратаколаў. У Дзярждуму прайшло пяць партый


21 верасьня раніцай Цэнтральная выбарчая камісія Расеі абвясьціла, што апрацавала ўсе 100 працэнтаў бюлетэняў, пададзеных выбарнікамі на выбарах у Дзяржаўную Думу
21 верасьня раніцай Цэнтральная выбарчая камісія Расеі абвясьціла, што апрацавала ўсе 100 працэнтаў бюлетэняў, пададзеных выбарнікамі на выбарах у Дзяржаўную Думу

Паводле папярэдніх вынікаў, «Единая Россия» набрала 49,8% галасоў, КПРФ — амаль 19%, ЛДПР — крыху больш за 7,5 адсотка, «Справедливая Россия» — каля 7,5 адсотка. У Думу ўпершыню з 2003 году прайшла яшчэ адна, пятая партыя —«Новыя людзі», у якой 5,32 адсотка.

У аднамандатных акругах «Единая Россия» перамагла ў 198, кандыдаты ад КПРФ сталі лідэрамі ў дзевяці акругах, «Справедливая Россия» перамагла ў васьмі, ЛДПР — у двух. Таксама «Родина», Партыя росту і «Гражданская платформа» атрымалі перамогу кожная ў адной акрузе. Акрамя таго, у Думу праходзяць пяцёра самавылучэнцаў.

Яўка на выбарах склала каля 52 адсоткаў.

Канчатковыя вынікі парлямэнцкіх выбараў у Расеі будуць падведзеныя ў пятніцу — 24 верасьня.

Партыя «Единая Россия» па выніках праведзеных 17-19 верасьня выбараў у Дзярждуму захавае канстытуцыйную большасьць, атрымаўшы ня менш за 300 месцаў у ніжняй палаце расейскага парлямэнту.

Падчас галасаваньня было зафіксавана даволі шмат парушэньняў, але больш за ўсё нараканьняў у назіральнікаў і апазыцыі выклікае працэдура дыстанцыйнага электроннага галасаваньня, ужытая на выбарах у Дзярждуму ўпершыню. Публікацыя яго вынікаў у Маскве адкладалася некалькі разоў, і ў выніку яны зьявіліся ў адкрытым доступе толькі ў сярэдзіне дня ў панядзелак — пазьней, чым дадзеныя звычайных участковых выбарчых камісіяў. У выніку з 15 маскоўскіх аднамандатных акругаў у васьмі, дзе апярэджвалі апазыцыйныя кандыдаты, у тым ліку падтрыманыя «Разумным галасаваньнем», памяняліся пераможцы.

Прадстаўнікі ЦВК на прэс-канферэнцыі ў панядзелак заявілі, што электроннае галасаваньне і падлік галасоў прайшлі «штатна», аднак, у сувязі зь вялікай колькасьцю прагаласаваўшых у Маскве, падвядзеньне вынікаў і іх публікацыі занялі больш часу, чым меркавалася.

КПРФ адмовілася прызнаць вынікі электроннага галасаваньня ў Маскве. Яе лідэр Генадзь Зюганаў заклікаў усіх прыхільнікаў партыі «абараняць вынікі выбараў, як падольскія курсанты абаранялі Маскву».

У Маскве на Пушкінскай плошчы прайшла акцыя пратэсту супраць фальсыфікацый на мінулых выбарах у Дзярждуму, у ёй узялі ўдзел некалькі сотняў чалавек.

  • Краіны Эўразьвязу, ЗША і Вялікая Брытанія не прызнаюць вынікаў і сам працэс галасаваньня на выбарах у Дзяржаўную Думу Расеі на тэрыторыі анэксаванага Крыму. Пра гэта сказана ў заявах замежнапалітычных ведамстваў ЭЗ, Брытаніі і ЗША. У іх падкрэсьліваецца, што міжнародная супольнасьць лічыць Крым сувэрэннай тэрыторыяй Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG