Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзярждуму Расеі праходзіць пятая партыя — «Новыя людзі». Што пра яе вядома


Лідэры партыі «Новыя людзі» Аляксей Нячаеў і Сардана Аўксенцьева
Лідэры партыі «Новыя людзі» Аляксей Нячаеў і Сардана Аўксенцьева

Паводле вынікаў падліку галасоў з 99 працэнтаў участкаў відавочна, што па партыйных сьпісах у новую расейскую Думу пройдуць 5 партый. Да нязьменных 4 палітычных сілаў, прадстаўленых у парлямэнце з 2007 году, дадасца партыя «Новыя людзі».

Партыя «Новыя людзі» пераадолела 5-працэнтны бар’ер, набраўшы каля 5,35% галасоў і заняўшы пятае месца. Яе апярэдзілі «Адзіная Расея», КПРФ, ЛДПР, «Справядлівая Расея».

Паводле папярэдніх ацэнак, «Новыя людзі» змогуць правесьці ў Думу 13 дэпутатаў.

Партыя «Новыя людзі» паўстала толькі летась, але адразу пачала агрэсіўную рэклямную кампанію ў СМІ і перш за ўсё ў інтэрнэце. Неафіцыйна яе сталі называць партыяй Faberlic, бо лідэр і заснавальнік партыі Аляксей Нячаеў атрымаў вядомасьць як заснавальнік касмэтычнай кампаніі Faberlic. Паводле вынікаў рэгіянальных выбараў у 2020 годзе партыя атрымала права ўдзельнічаць у думскіх выбарах бяз збору подпісаў.

Ад самага пачатку існаваньня партыі аналітыкі пісалі пра яе сувязі з Крамлём. Сам Нячаеў уваходзіў у кіраўніцтва Агульнарасейскага народнага фронту. Партыю кансультавалі блізкія да Крамля паліттэхнолягі. Праграма партыі была арыентаваная на гарадзкіх жыхароў правацэнтрысцкіх поглядаў, гэта значыць, на патэнцыйных прыхільнікаў несыстэмнай апазыцыі. У прыватнасьці, у ёй зьмяшчаецца патрабаваньне адмяніць найбольш рэпрэсіўныя законы. Пры гэтым партыя пазьбягае крытыкаваць Уладзіміра Пуціна.

У сьнежні мінулага году паведамлялася, што Крэмль фактычна ўзяў партыю «Новыя людзі» «пад зьнешняе кіраваньне — з мэтай не дапусьціць таго, каб яна на выбарах у Дзярждуму адабрала шмат галасоў у Адзінай Расеі». «Праект Нячаева загадана вярнуць у тую электаральную нішу, якая першапачаткова для яго меркавалася — адукаваная сярэдняя кляса 18–30 гадоў», — сьцьвярджалі «Адкрытыя мэдыя».

Акрамя Нячаева, бачны твар партыі — былы мэр Якуцку Сардана Аўксенцьева. Як мяркуецца, дзякуючы яе папулярнасьці партыя больш пасьпяхова, чым у іншых рэгіёнах, выступіла на Далёкім Усходзе.

Пра Аляксея Навальнага лідэр «Новых людзей» выказваўся так: «Плюсы Навальнага ў тым, што ён добры журналіст, дасьледчык — ад яго шмат карысьці. Але адна з каштоўнасьцяў нашай партыі — павага. Навальны чамусьці нас проста абражае». Прыхільнікі Навальнага называюць «Новых людзей» крамлёўскай партыяй і спойлерам, яны заклікалі не галасаваць за гэтую партыю па партыйных сьпісах. У сьпісах «Разумнага галасаваньня» было некалькі прадстаўнікоў «Новых людзей» у аднамандатных акругах, ніводзін зь іх не перамог.

  • У Расеі 19 верасьня завяршылася трохдзённае галасаваньне на выбарах у Дзяржаўную Думу восьмага скліканьня, а таксама ў рэгіянальныя і муніцыпальныя органы ўлады. Расейцы выбіралі 450 дэпутатаў Дзярждумы. Сёлета на парлямэнцкія выбары зарэгістравалася 3812 кандыдатаў ад 14 партый.
  • Акрамя выбараў у Дзярждуму, у 12 рэгіёнах Расеі выбіралі кіраўнікоў суб’ектаў РФ, а ў 39 рэгіёнах — дэпутатаў заканадаўчых органаў дзяржаўнай улады. Менавіта восьмае скліканьне Дзярждумы будзе засядаць, калі ў 2024 годзе завершыцца чарговы прэзыдэнцкі тэрмін Уладзіміра Пуціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG